*§ 3-1. Цывілізацыя як культурна-гістарычны працэс

Паняцце цывілізацыі. Паняцце «цывілізацыя» можа разглядацца і як пэўная ступень у развіцці грамадства, і як таварыства людзей, аб’яднаных шэрагам прымет. Паняцце “цывілізацыя” паходзіць ад лацінскага civilis, што азначае “грамадзянскі, дзяржаўны”. Да гэтага паняцця па сённяшні дзень няма адзінага падыходу ў навуцы. Некаторыя вучоныя цывілізацыю разглядаюць як стадыю ў развіцці грамадства. Так, у працах Л. Моргана (1818–1881), Ф. Энгельса (1820–1895) цывілізацыя – гэта пэўная ступень у развіцці грамадства, якая надыходзіць пасля дзікунства і варварства. Дзікунства – гэта эпоха панавання прысвойваючай гаспадаркі. Варварства – час, калі пераважалі жывёлагадоўля і земляробства. Цывілізацыя – перыяд, звязаны са з’яўленнем прыватнай уласнасці, рамёстваў, гарадскіх паселішчаў, пісьменства, дзяржавы. Некаторыя сучасныя вучоныя таксама разглядаюць цывілізацыю як стадыю ў развіцці грамадства.

icon-discussions
Ці магчыма праз вызначэнне цывілізацыі як стадыі развіцця грамадства ахарактарызаваць усю разнастайнасць сучаснага свету? 

У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. у працах М. Данілеўскага, О. Шпенглера, а пазней А. Тойнбі актыўна распрацоўваецца цывілізацыйны падыход да гістарычнага працэсу, у аснове якога ляжыць ідэя ўнікальнасці сацыяльных з’яў, своеасаблівасці шляхоў, пройдзеных асобнымі народамі (ці лакальнымі цывілізацыямі), якія існавалі ў розны час і ў розных рэгіёнах планеты і адначасова суіснуюць у сучаснасці.

Паводле іх уяўленняў, падмурак грамадскага жыцця складаюць больш ці менш ізаляваныя адзін ад аднаго «культурна-гістарычныя тыпы» (М. Данілеўскі) ці «цывілізацыі» (О. Шпенглер, А. Тойнбі), якія праходзяць у сваім развіцці шэраг паслядоўных стадый: зараджэнне, росквіт, старэнне, заняпад.

Для ўсіх гэтых канцэпцый характэрныя такія асаблівасці, як:

  • • адмаўленне ад еўрацэнтрысцкай, адналінейнай схемы прагрэсу грамадства;
  • • вывад пра існаванне мноства культур і цывілізацый, для якіх характэрныя лакальнасць і разнаякаснасць;
  • • сцвярджэнне пра аднолькавае значэнне ўсіх культур у гістарычным працэсе.
icon-persona
Вядомы рускі прыродазнавец і філосаф Мікалай Данілеўскі вельмі паслядоўна адстойваў пункт гледжання, згодна з якім не існуе гісторыі як адзінага сусветна-гістарычнага працэсу, а ёсць толькі гісторыя асобных цывілізацый, якія маюць індывідуальны і замкнёны характар. У сваёй канцэпцыі ён падкрэсліў не стадыі ў развіцці грамадства, а асаблівасці культуры і грамадскага жыцця асобных рэгіёнаў, краін і народаў. 

Усяго філосаф налічваў дзесяць цывілізацый: егіпецкую, індыйскую, іранскую, яўрэйскую, грэчаскую, рымскую, новасеміцкую (аравійскую), германа-раманскую (еўрапейскую). Да гэтых здзейсненых (паводле Данілеўскага) «натуральных» груп ён далучаў два «сумніўныя» тыпы цывілізацый: старажытнаамерыканскую і перуанскую, якія загінулі гвалтоўнай смерцю і не паспелі завяршыць сваё развіццё. Што датычыцца новай Амерыкі (сучасных ЗША), то іх значэнне яшчэ не было яму зразумелае. Ён вагаўся, ці трэба прызнаваць іх асаблівым культурна-гістарычным тыпам.

icon-discussions
Як вы мяркуеце, чаму Данілеўскі прылічаў старажытнаамерыканскую і перуанскую цывілізацыі да «сумніўных» тыпаў і вагаўся ў прызнанні новай Амерыкі (ЗША) асаблівым культурна-гістарычным тыпам? Праверце свае здагадкі. 

Вучоны адзначаў, што пачатак цывілізацыі аднаго культурна-гістарычнага тыпу не перадаецца народам іншага тыпу. Кожны тып сам выпрацоўвае яго для сябе, пры большым ці меншым уплыве чужых яму папярэдніх ці сучасных цывілізацый.

Філосаф адхіляў геаграфічны падзел сусветнай культуры па частках свету. Гэткім жа памылковым ён лічыў размежаванне гісторыі на Старажытную, Сярэднявечча і Новую. Падзенне Рымскай імперыі ў 476 г., падзея, якая стала канцом Старажытнай гісторыі і пачаткам Сярэднявечча, мела значэнне для Еўропы, але не для Кітая і астатняй часткі чалавецтва. Вучоны лічыў, што ў культур Рыма, Грэцыі, Індыі, Егіпта і іншых былі свае старажытны, сярэднявечны і сучасны перыяды.

Ён прапанаваў ідэю пра існаванне мноства цывілізацый, якія з’яўляліся ўзорам бясконца багатага творчага генія чалавецтва. Кожная з іх узнікае, развівае свае ўласныя формы жыцця (мову, спосабы зносін, формы побыту і да т. п.), свае маральныя і духоўныя каштоўнасці, а затым гіне разам з імі. М. Данілеўскі падзяляў усе народы на тры асноўныя класы:

  • 1) пазітыўных творцаў гісторыі, якія стварылі вялікія цывілізацыі, ці культурна-гістарычныя тыпы;
  • 2) негатыўных творцаў гісторыі, якія, накшталт гунаў, манголаў і туркаў, не стварылі вялікіх цывілізацый;
  • 3) народаў, творчы дух якіх з нейкай прычыны затрымліваецца ў сваім развіцці на ранняй стадыі, і таму яны не могуць стаць ні стваральнай, ні разбуральнай сілай у гісторыі. Яны ўяўляюць сабой «этнаграфічны матэрыял», які выкарыстоўваецца творчымі народамі для ўзбагачэння сваіх цывілізацый ці надання імпульсу для іх новага развіцця.

Толькі нямногія народы змаглі стварыць вялікія цывілізацыі і стаць культурна-гістарычнымі тыпамі. Усе культурна-гістарычныя тыпы аднолькава самабытныя і з сябе чэрпаюць змест свайго гістарычнага жыцця. Але не ўсе яны рэалізуюць свой змест з аднолькавай паўнатой і шматбаковасцю. Як лічыў М. Данілеўскі, большасць цывілізацый з’яўляюцца стваральнымі не ва ўсіх, а толькі ў адной або некалькіх галінах дзейнасці. Так, грэчаская цывілізацыя дасягнула непераўзыдзеных вышынь у эстэтычнай галіне, семіцкая – у рэлігійнай, рымская – у галіне права і палітычнай арганізацыі. Прагрэс чалавецтва, на думку Данілеўскага, складаецца не ў тым, каб ісці ў адным напрамку, а ў тым, каб усё поле, што ўяўляе арэну гістарычнай дзейнасці, прайсці ў розных напрамках.

Абгрунтаванне паняцця культурна-гістарычнага тыпу мела вялікае значэнне для гістарычных і сацыяльных навук. Пасля з’яўлення працы М. Данілеўскага ўяўленні пра культурны працэс сталі глыбейшыя і багацейшыя.

icon-persona
Вялікі ўклад у развіццё цывiлізацыйнага падыходу да вывучэння гістарычнага працэсу ўнёс нямецкі філосаф Освальд Шпенглер, які напісаў двухтомную працу пад назвай «Заняпад Еўропы» (1918). 

Паводле Шпенглера, цывілізацыя – гэта захад і прыцемкі культуры, калі на месца жывых і арганічных форм духоўнай дзейнасці прыходзяць механічныя, масава-ўраўняльныя, дзяржаўна-тэхнакратычныя.

«Цывілізацыя ёсць сукупнасць выключна знешніх штучных станаў, да якіх здольныя людзі, што дасягнулі апошніх стадый развіцця. Цывілізацыя ёсць завяршэнне. Яна ідзе за культурай, як тое, што стала, ідзе за станаўленнем, як смерць за жыццём, як здранцвенне за развіццём… Яна мае няўхільны канец; да яе прыходзяць з глыбокай унутранай неабходнасцю ўсе культуры». Шпенглер лічыў, што ўзнікшыя на ўласнай этнічнай аснове культуры (індыйская, кітайская, заходнееўрапейская і інш.) затым па меры старэння выраджаюцца ў цывілізацыю. Аднак магчымы і адваротны вектар развіцця. Напрыклад, паводле Шпенглера, амерыканская гісторыя дэманструе нам, што культура можа нараджацца з цывілізацыі. У ЗША ў ХІХ ст. існавала магутная буржуазна-дэмакратычная цывілізацыя, якая дасягнула тэхнічных і эканамічных вышынь, але была амаль жабрацкая па сваёй культуры, якая ўвозіла і пазычала ўсё лепшае з Еўропы. З’яўленне ж амерыканскай культуры як самабытнага, духоўна паскоранага нацыянальнага арганізма, здольнага аказваць сусветны ўплыў, адбылося пасля Першай сусветнай вайны.

Фаўстаўская і апалонаўская культуры паводле Шпенглера.

Душу антычнай культуры, якая абрала ў якасці ідэальнага тыпу працягласці пачуццёва-наяўнае асобнае цела, я буду называць апалонаўскай. З часоў Ніцшэ гэта найменне зразумела кожнаму. Ёй я супрацьпастаўлю фаўстаўскую душу, першапачатковым сімвалам якой з’яўляецца чыстая бязмежная прастора, а «целам» – заходнееўрапейская культура, якая расцвіла ў Х ст. разам з нараджэннем раманскага стылю на паўночных раўнінах паміж Эльбай і Таха. Апалонаўскімі з’яўляюцца статуі аголеных людзей, фаўстаўскімі – мастацтва фугі. Апалонаўскімі з’яўляюцца механічная статыстыка, пачуццёвыя культы алімпійскіх багоў, палітычна раз’яднаныя грэчаскія гарады, лёс Эдыпа і сімвал фаласа; фаўстаўскімі – дынаміка Галілея, каталіцка-пратэстанцкая дагматыка, вялікія дынастыі эпохі барока з іх кабінетнай палітыкай, лёс Ліра і ідэал Мадонны – ад Дантавай Беатрычэ да заключэння другой часткі «Фаўста». Апалонаўскім з’яўляецца жывапіс, які абмяжоўвае асобныя целы пры дапамозе рэзкіх ліній і абрысаў; фаўстаўскім – жывапіс, які адлюстроўвае прастору пры дапамозе святлацені. Менавіта такое адрозненне паміж фрэскай Палігнота і карцінай алейнымі фарбамі Рэмбранта.

Чаму Фаўст стаў вобразам заходнееўрапейскай культуры?

Text
Text
Гісторыя доктара Іагана Фаўста, таямнічага мага і некраманта, якая распавядае пра тое, як Фаўст аддаўся д’яблу, сведкам якіх дзіўных прыгод ён стаў і якія подзвігі здзейсніў сам, аж да моманту, калі настаў час расплаты (кніга без аўтара, Франкфурт, 1587) Драма Крыстафера Марла «Трагічная гісторыя доктара Фаўста» (Лондан, 1589), у якой упершыню паказаны трагізм лёсу героя. У творы апаэтызаваныя асоба Фаўста, выяўлена смеласць яго духу «Фаўст, трагедыя» Гётэ (1808). У трагедыі Гётэ герой нямецкіх паданняў атрымлівае найбольш магутнае мастацкае выражэнне. Фаўст вырас у Гётэ ў каласальную постаць, якая стала сімвалам магчымасцей чалавека, якая ўжо не задавальняецца тлумачэннямі існавання, што дае царква, а жыве з думкай, што на ўсё можна знайсці адказы
Згодна з гэтай кнігай, Фаўст быў чалавек ганарысты, славалюбны, без сумлення і без веры. Ён не толькі апантаны дэманам пазнання, але і вядзе распуснае жыццё. Фаўст дзякуючы сваёй дамоўленасці з д’яблам лятае ў паветры, падарожнічае па ўсёй планеце і па Сусвеце, наведвае пекла і рай. Пасля заканчэння тэрміну дамоўленасці чэрці раздзіраюць Фаўста ў пекле У цэнтры трагедыі вобраз вучонага Іагана Фаўста, які, расчараваўшыся ў навуках і багаслоўі, шукае новых спосабаў пазнання таямніц светабудовы і новых сродкаў дасягнення магутнасці. Вучоны хоча здабыць такія здольнасці, якія далі б яму магчымасць спазнаць нязведанае, зведаць недаступныя асалоды, дасягнуць бязмежнай улады і вялізнага багацця. Дзеля ўсяго гэтага Фаўст гатовы пайсці за межы дазволенага, аддацца чорнай магіі, якая адкрыла б доступ да сіл цемры У паэме Гётэ Фаўст авалодвае ведамі, але адхіляе іх. Нястомны шукальнік, які пазбягае бяздзейнага спакою, з-за сваёй незадаволенасці прагне вялікай справы. Але не знайшоўшы шляху да стваральнай працы, Фаўст глядзіць на свет з выключным песімізмам, праклінае ўвесь свет і ўсё ў ім і, ужо амаль дайшоўшы да самазабойства, заключае кантракт з Мефістофелем, прадаючы таму душу. Фаўст горача кахае Маргарыту, і яе каханне ратуе яго. У адрозненне ад старога міфу, Мефістофелю не ўдаецца забраць душу Фаўста, анёлы забіраюць на неба яго «бессмяротную існасць»
icon-discussions
Якія рысы характару і дзейнасці Фаўста можна выкарыстаць для характарыстыкі заходнееўрапейскай культуры? Чаму вы так думаеце? 
icon-persona
Англійскі гісторык і сацыёлаг Арнольд Тойнбі ў сваёй 12-томнай кнізе «Зразуменне гісторыі» паслядоўна раскрывае індывідуальнасць і самабытнасць цывілізацый. 

Галоўная ідэя канцэпцыі А. Тойнбі, якую часта называюць «канцэпцыяй выкліку і адказу», заключаецца ў тым, што паходжанне і развіццё цывілізацыі магчымы толькі пры ўмове ўздзеяння на грамадства розных фактараў (выклікаў), якія патрабуюць ад гэтага грамадства адэкватнага адказу на гэты выклік.

Выклік, які атрымала грамадства ад навакольнага асяроддзя ў выглядзе палітычных, ваенных, эканамічных і іншых праблем, можа вызваліць тыя сілы ў грамадстве (творчую меншасць), з дапамогай якіх грамадства вырашыць праблему. Калі на выклік дадзены адэкватны адказ, то ствараюцца спрыяльныя ўмовы для пераходу грамадства на больш высокі ўзровень развіцця. Калі грамадства не спраўляецца з выклікам, то спыняецца ў сваім развіцці і набліжаецца да заняпаду і гібелі. У выпадку занадта мяккага ці занадта жорсткага выкліку грамадства або застаецца ў першапачатковым стане (цывілізацыя нараджаецца мёртвая), або «перанапружваецца» і ўжо не можа даваць адказы на наступныя выклікі (цывілізацыя застывае ў сваім развіцці).

icon-discussions
Чаму першыя цывілізацыі не ўзніклі ва ўмовах Запаляр’я ці ў аўстралійскіх тропіках, а зарадзілася ў дэльце ракі Ніл, міжрэччы Тыгра і Еўфрата, Хуанхэ і Янцзы ці на востраве Крыт? Для адказу выкарыстайце канцэпцыю А. Тойнбі «выклік – адказ». 

Расійскі гісторык Леў Гумілёў пра канцэпцыю Тойнбі1.

«Выклікі» падзяляюцца на тры віды:

1. Неспрыяльныя прыродныя ўмовы, напрыклад балоты ў дэльце Ніла, – выклік для старажытных егіпцян; трапічны лес Юкатана – выклік для майя; хвалі Эгейскага мора – выклік для элінаў; лясы і маразы – выклік для рускіх. Паводле гэтай канцэпцыі, англійская культура павінна быць спараджэннем дажджу і туману, але гэтага Тойнбі не сцвярджае.

2. Напад іншаземцаў, што таксама можна разглядаць як момант геаграфічны (частковыя міграцыі). Так, згодна з А. Тойнбі, Аўстрыя таму перагнала ў развіцці Баварыю і Бадэн, што на яе напалі туркі. Аднак туркі напалі спачатку на Балгарыю, Сербію і Венгрыю, і тыя адказалі на выклік капітуляцыяй, а Аўстрыю адстаялі гусары Яна Сабескага. Прыклад сведчыць не на карысць канцэпцыі, а супраць яе.

3. Загніванне папярэдніх цывілізацый – выклік, з якім трэба весці барацьбу. Так, развал эліна-рымскай цывілізацыі быццам «выклікаў» візантыйскую і заходнееўрапейскую цывілізацыі як рэакцыю на бязладдзе старажытных грэкаў. Гэта таксама можна аднесці да геаграфічных умоў, узятых з улікам каардынаты часу (змены біяцэнозу), але, на жаль, распуста ў Візантыі не саступала рымскай, а паміж падзеннем Заходняй Рымскай імперыі і стварэннем жыццяздольных феадальных каралеўстваў ляжала звыш 300 гадоў. Рэакцыя трохі спазнілася.

icon-discussions
Ці згодныя вы з аргументацыяй Гумілёва? Прапануйце прыклады гістарычных падзей, з дапамогай якіх можна праілюстраваць адказы Тойнбі на крытыку Гумілёва. 

Да якой цывілізацыі належыць Беларусь? Якія прыметы можна вылучыць як унікальныя, характэрныя толькі для Беларусі?

icon-persona
Ігнат Абдзіраловіч (Канчэўскі) – першы беларускі нацыянальны філосаф, а галоўнай ідэяй напісанага ім у 1921 г. эсэ «Адвечным шляхам» з’яўляецца тэзіс аб развіцці Беларусі паміж Захадам і Усходам. 

Ваганне паміж Захадам і Ўсходам і шчырая няпрыхільнасьць ні да аднаго, ні да другога з’яўляецца асноўнаю адзнакаю гісторыі беларускага народу...

Дзесяцёхвяковае ваганне сьведчыць аб тым, што беларусы, як украінцы і балканскія славяны, не маглі шчыра прылучыцца ні да аднаго, ні да другога кірунку. Мы не зрабіліся народам Усходу, але не прынялі й культуры Заходняй Эўропы...

Толькі па форме мы лічыліся каталікамі або праваслаўнымі, грамадзянамі Масквы і Расеі або Польшчы. Направер мы былі благімі сынамі і цэрквы і касцёлу і «ojczyzny» і «отечества»...

Прыклад Скарыны, аб якім да гэтай пары няведама, хто ён быў такі, ці каталік, ці праваслаўны, і пеўна, што і той і другі разам, адбівае гэтае зьявішча беларускага духу ў індывідуальнасьці, ў душы нашага першага інтэлігэнта. Гэтую рысу беларуская народная інтэлігэнцыя захавала і да нашай пары, але, як бачым, на тое ёсць гістарычныя прычыны...

Але адмовіўшыся ад карысьці выразнай культуры ў яе поўнасці, народ схаваў незалежнасьць свайго духу. І вось зараз, калі набліжаецца вялікі крызыс датыхчасовых ідэалаў, калі ўся «культура» знаходзіцца ў небяспецы і гатова разваліцца ў руіны, беларускі народ – як быццам зьнімаюць з яго векавыя ланцугі – прабуджаецца да жыцьця, да шуканьня новых ідэалаў, да стварэння новых падставаў чалавечага жыцьця.

Гэта – праўда, што мы мала маем, гэта – праўда, што мы шукалі па чужых дарогах і, не знайшоўшы, або здрадзілі бацькаўшчыну і шлі да чужынцаў, або вагаліся паміж варожымі кірункамі. Але зараз прыходзяць часы, калі багач зрабіўся бедаком і пойдзе на вялікі шлях шукаць з намі, гаротнымі, новага багацця, новага чалавечага ідэалу. А з глыбіні вякоў пазірае на нас Скарына, такі ж вагаўшыйся, шукаючы, і, жадаючы нас, кажа:

«Над зімнымі хвалямі Дзьвіны я быў візантыйцам – Юрыем, а ў Кракаве, куды мяне пацягнула за эўрапэйскаю ведай, – лацінікам Францішкам. А дапраўды, я ня быў ні Юрыем, ні Францішкам, а быў вольным, незалежным духам, якога вы шукаеце, духам агульначалавечым толькі ў беларускай скуры. Шукайце ж!»

icon-discussions
Якія падзеі (прагрэсіўныя, рэгрэсіўныя) адбываліся ў Беларусі ў год напісання эсэ «Адвечным шляхам»? Пра які крызіс гаворыць аўтар? Ці згодны вы з ацэнкай цывілізацыйнай прыналежнасці Беларусі, якую выказаў беларускі філосаф Ігнат Абдзіраловіч (Канчэўскі)? Абгрунтуйце сваю думку. 

Цывілізацыі збліжаюцца ці сутыкаюцца?

icon-persona

Вядомы амерыканскі палітолаг Сэмюэль Хантынгтан апублікаваў летам 1993 г. артыкул «Сутыкненне цывілізацый?», які выклікаў шырокую цікавасць у прадстаўнікоў сацыяльна-палітычнай думкі розных краін. Варта звярнуць увагу на той факт, што ў загалоўку артыкула 1993 г. змяшчаўся пытальнік, які, па меркаванні С. Хантынгтана, быў усімі праігнараваны. У далейшым С. Хантынгтан сам стаў прытрымлівацца гэтага пункту гледжання, аб чым сведчыць наступнае палажэнне манаграфіі «Сутыкненне цывілізацый і перадзел сусветнага парадку»:

«Мадэрнізацыя падштурхоўвае перабудову глабальнай палітычнай прасторы па культурным прынцыпе. Народы і краіны роднасных культур збліжаюцца. Народы і краіны розных культур, наадварот, аддаляюцца. Саюзы і блокі, вызначаныя ідэалогіяй і стасункамі звышдзяржаў, змяняюцца саюзамі на падставе прыналежнасці да той ці іншай культуры і цывілізацыі. Паскараюцца працэсы, накіраваныя на прывядзенне палітычных межаў у адпаведнасць з культурнымі, а лініі тэктанічных разломаў паміж цывілізацыямі становяцца восямі супрацьстаянняў і сутыкненняў сусветнай палітыкі». 

Згодна з канцэпцыяй С. Хантынгтана, у сучасным свеце барацьба дзяржаў змянілася барацьбой паміж рознымі цывілізацыйнымі групамі за задавальненне чалавечых культурных каштоўнасцей і патрэб. Можна сказаць, што барацьба адбываецца не паміж рознымі палітычнымі і сацыяльна-эканамічнымі сістэмамі, а паміж рознымі культурамі цывілізацый. Прадметам спрэчак становіцца прызнанне цывілізацыйнай ідэнтычнасці. Прыярытэтам робіцца культурная дыферэнцыяцыя.

icon-discussions

Карта этнакультурнага падзелу цывілізацый, пабудаваная на канцэпцыі С. Хантынгтана: заходняя (цёмна-сіні), лацінаамерыканская (фіялетавы), японская (ярка-чырвоны), кітайская (цёмна-чырвоны), індыйская (аранжавы), ісламская (зялёны), праваслаўная (бірузовы), будыйская і афрыканская культуры (карычневы).

Разгледзьце карту цывілізацый С. Хантынгтана і абмяркуйце наступныя пытанні:

  • • Колькі і якія цывілізацыі вылучае С. Хантынгтан? Ці можна лічыць араба-ізраільскі і пакістана-індыйскі канфлікты праявай сутыкнення цывілізацый?
  • • Ці з’яўляецца Японія ў поўным сэнсе асобнай цывілізацыяй (у гістарычным мінулым ці ў сучасным варыянце)?
  • • Якія межы праваслаўнай цывілізацыі, ці ёсць у ёй цывілізацыйнае адзінства? Ці можна аднесці Беларусь да гэтай цывілізацыі? 

Што кажуць пра сутыкненне каштоўнасцей розных цывілізацый сацыялагічныя даследаванні?

З другой паловы ХХ ст. у сацыялогіі і сацыяльнай псіхалогіі стала распрацоўвацца канцэпцыя каштоўнасцей як доўгатэрміновых арыенціраў паводзінаў чалавека. Пачынаючы з 1980-х гг. праводзяцца параўнальныя эмпірычныя даследаванні каштоўнасцей, якія, з аднаго боку, даказваюць эмпірычную параўнальнасць базавых каштоўнасцей насельніцтва ў розных краінах, з другога – на падставе рэгулярных апытанняў дазваляюць фіксаваць, тлумачыць і прадказваць працэсы змены каштоўнасцей.

icon-persona
Адным з самых вядомых і аўтарытэтных даследаванняў каштоўнасцей з’яўляецца WVS – недзяржаўны глабальны даследчы праект. У 1981 г. упершыню арганізавана буйнамаштабнае даследаванне каштоўнасцей у развітых краінах (European Review of Values). Яго заснавальнікам стаў амерыканскі сацыёлаг Рональд Інглхарт (дыяграма каштоўнасцей, якая складаецца па выніках даследавання, вядомая як дыяграма Інглхарта). 

Прадметам даследавання з’яўляюцца розныя каштоўнасці: стаўленне да рэлігіі, сям’і, дэмакратыі, ураду, наднацыянальных інстытутаў (напрыклад, ААН, ЕС), сэкс, пражыванне па суседстве з імігрантамі або прадстаўнікамі іншых моў і рэлігій і т. п. Пасля да праекту далучаліся новыя краіны і ён стаў сусветным. Зараз праект аб’ядноўвае сотні навукоўцаў-сацыёлагаў па ўсім свеце.

Беларусь прымае ўдзел у даследаваннях з 1990-х гг. У цяперашні час навукоўцы валодаюць велізарным масівам дадзеных па Беларусі з шасці хваляў апытанняў, што дазваляе прасачыць Каштоўнасныя трансфармацыі ў нашым грамадстве на працягу перыяду незалежнасці – з 1990 па 2020 г. За гэты час назапашаны ўнікальны эмпірычны матэрыял, які яшчэ чакае дбайнай апрацоўкі.

Чарговыя вынікі самага аўтарытэтнага сацыялагічнага даследавання ў свеце – World Values Survey, WVS – можна назваць сенсацыйнымі для Беларусі?

«З часоў мінулага даследавання (доўжылася з 2011 па 2014 г.) у нашай краіне прайшла адна з самых прыметных этычных трансфармацый у постсавецкім рэгіёне. На гэтай карце, а дакладней, на графіку, па вертыкальнай восі адкладзены каштоўнасці калектывізму/індывідуалізму. Чым ніжэй, тым больш у грамадстве цэняць калектыўныя, традыцыйныя каштоўнасці, рэлігію, шануюць аўтарытэты і сацыяльную іерархію. Як бачым, наша краіна (абведзена сінім) знаходзіцца даволі высока, значыць, гэтыя каштоўнасці ёй чужыя, а значна бліжэйшы індывідуалізм. Па вертыкалі ў нашай краіне змен з мінулай хвалі даследавання не адбылося. А вось у гарызантальнай плоскасці назіраецца моцнае зрушэнне. Тут адкладзены каштоўнасці захавання/развіцця. Чым бліжэй да левага боку, тым мацней грамадства цэніць бяспеку, захаванне, стабільнасць, дэлегуе адказнасць за сябе дзяржаве.

Новыя даныя паказалі зрух большасці краін постсавецкага блока ад левага боку да сярэдзіны карты. Інакш кажучы, ад каштоўнасцей бяспекі да каштоўнасцей развіцця, прагрэсу, самастойнасці. Аднак менавіта Беларусь змясцілася найбольш значна. Зараз мы займаем адну з самых перадавых пазіцый у кластары “Праваслаўная Еўропа” (ружовы колер). Атрымліваецца, што беларусы перасталі баяцца варожага свету і выпаўзлі з ахоўнай ракавіны».

icon-discussions
Ці згодны вы з дадзенай інтэрпрэтацыяй параўнання вынікаў даследавання 2015 і 2020 гг. на карце каштоўнасцей? Параўнайце карты каштоўнасцей 2015 і 2020 гг. і абгрунтуйце сваё меркаванне з дапамогай іх дадзеных. 

Наколькі фатаграфія апелюе да агульначалавечых каштоўнасцей?

  • • Апішыце, што вы бачыце на здымку.
  • • Якія асацыяцыі ўзнікаюць?
  • • Якія пачуцці выклікае фатаграфія?
  • • Пра што гэтае фота?
  • • Што важна ў кадры?
  • • Якая сувязь існуе паміж асобнымі элементамі здымка?
icon-discussions
Ці можна назваць гэтае фота Анатоля Клешчука адлюстраваннем беларускай ідэнтычнасці? Чаму вы так думаеце? 

1Гумилёв, Л. Н. Этногенез и биосфера Земли / Л. Гумилёв. – М. : Рольф, 2002. – С. 154–155.