*§ 1-0. Навукі пра будучыню

Падыходы да прагназавання будучыні. Адной з форм навуковага прадбачання з’яўляецца прагназаванне (ад грэч. prognosis – прадбачанне) – навуковае даследаванне перспектыў развіцця грамадскіх з’яў. Вылучаюць прагнозы навуковыя, экалагічныя, дэмаграфічныя, палітычныя, эканамічныя і інш. Па маштабах прагнозы бываюць планетарнага характару, дзяржаўнага, рэгіянальнага, мясцовага. Асноўнымі відамі прагназавання лічацца пошукавыя і нарматыўныя. Пошукавыя прагнозы заснаваны на выяўленні тэндэнцый далейшага развіцця тых або іншых з’яў. Нарматыўныя прагнозы распрацоўваюцца на аснове зададзеных мэт, ідэалаў, норм, стандартаў. Яны выкарыстоўваюцца ў кіраванні, служаць абгрунтаваннем праграм і важных рашэнняў, якія прымаюцца.

Гуманістыка – гэта сукупнасць гуманітарных дысцыплін, якія вывучаюць чалавека і чалавецтва. Яна ўключае гуманітарныя навукі і гуманітарныя тэхналогіі. Гуманістыка ахоплівае філасофію, культуралогію, рэлігіязнаўства, мастацтвазнаўства, лінгвістыку, літаратуразнаўства, гісторыю, псіхалогію, этнаграфію і іншыя дысцыпліны. Гуманістыка вызначаецца як галіна самапазнання і развіцця чалавека і чалавецтва. Менавіта вобраз чалавека ў розных яго ўвасабленнях – галоўнае ў гуманітарных навуках. Гуманітарныя дысцыпліны вучаць нас разумець сябе і іншых людзей, кантактаваць адзін з адным, ведаць гісторыю, культуру свайго народа і культуру іншых народаў. Гуманітарная адукацыя дапамагае нам будаваць сваю асобу як годнага прадстаўніка краіны і чалавецтва.

Чалавека і грамадства вывучаюць і іншыя навукі: фізіялогія, анатомія, іншыя напрамкі медыцыны, эканоміка, паліталогія, сацыялогія. Але гэта навукі не гуманітарныя, а прыродазнаўчыя і грамадскія. Гуманітарнасць заключаецца ў працэсах мыслення, у творчасці, міжасобасных зносінах, дзе чалавек раскрываецца як асоба, пазнае сябе. У гуманітарных навуках гаворка ідзе пра чалавеказнаўства і чалавекатворчасць, і гэты працэс бясконцы, пакуль існуюць чалавек і чалавецтва.

Сучасная гуманістыка заклікана развіваць магчымасці і здольнасці чалавека, арыентуючыся на яго будучыню. На аснове гуманітарных навук развіваюцца тэхналогіі, якія пераўтвараюць многія сферы нашага жыцця, выказваюцца інавацыйныя ідэі. Роля чалавечага фактару рэзка ўзрастае ў час развіцця масавай камунікацыі, хуткасці, атамных станцый, высокадакладных відаў зброі. У сучасных умовах вельмі важныя адукаванасць, прафесіяналізм, маральная адказнасць чалавека за ўсе яго дзеянні. Безадказнасць канкрэтнага чалавека можа мець катастрафічныя наступствы для грамадства. Гуманітарная адукацыя сучаснага чалавека павінна займаць важнае месца ў працэсе фарміравання яго асобы.

Глабалістыка (ад лац. Globus – шар) – гэта параўнальна новая самастойная навука. Яна вывучае паходжанне, праявы, шляхі вырашэння глабальных праблем, працэсы глабалізацыі. Новыя маштабы чалавечай дзейнасці пераадольваюць натуральныя, палітычныя, культурныя межы, звязваючы розныя народы і дзяржавы ў адзіную глабальную сістэму ўзаемаадносін. Ізаляванае існаванне народаў і дзяржаў адыходзіць у мінулае. Не могуць паспяхова развівацца краіны, якія не ўпісваюцца ў міжнародны падзел працы, не выкарыстоўваюць найноўшых тэхналогій, не развіваюць навуку, культуру.

У станаўленні глабалістыкі як навуковага напрамку прынята вылучаць тры этапы. Першы этап прыпадае на 60-я гг. ХХ ст., калі з’явіліся экалагічныя праблемы, новыя віды зброі, прымяненне якіх уяўляе пагрозу для жыцця на Зямлі. Канкрэтнай навуковай працай, якая дала пачатак глабалістыцы, лічаць работу Рымскага клуба «Межы росту», апублікаваную ў 1972 г. У ёй змяшчаліся змрочныя прагнозы дэфіцыту сыравіны, харчавання, энергіі, экалагічнай катастрофы, калі развітыя краіны не зменяць сваіх спажывецкіх адносін да прыроды.

Другі этап у развіцці глабалістыкі пачаўся ў сярэдзіне 70-х гг. ХХ ст. Цэлы шэраг выдатных навукоўцаў унёс вялікі ўклад у пазнанне грамадскага развіцця. Гэта Э. Тофлер, які заклаў асновы пазнання тэхнакратычнага грамадства, Э. Ласло, які сфармуляваў галоўныя мэты развіцця чалавецтва, С. Мендловіц, які прапанаваў прынцыпы новага сусветнага парадку.

Трэці этап развіцця глабалістыкі пачаўся ў сярэдзіне 80-х гг. ХХ ст. Вучоныя сталі выкарыстоўваць прыкладныя метады даследавання найбольш актуальных праблем. Так, праводзяцца ваенна-палітычныя даследаванні, вывучаюцца магчымыя рызыкі, шляхі прадухілення катастроф і магчымасці змякчэння іх наступстваў. Глабалістыка карыстаецца вялікім арсеналам пазнання сучаснага свету, выкарыстоўвае прынцып амерыканскіх менеджараў «мысліць глабальна, дзейнічаць лакальна».

Варта ўлічваць, што працэсы глабалізацыі суправаджаюцца працэсамі рэгіяналізацыі і лакалізацыі. Мясцовыя адрозненні з’яўляюцца рухаючай сілай развіцця чалавецтва, служаць асновай развіцця турызму, узаемаўзбагачэння народаў. Глабальныя і рэгіянальныя праблемы важна аналізаваць і вывучаць, каб прымяняць усе магчымасці на карысць чалавецтва.

У ХХІ ст. перад глабалістыкай узнікае шэраг новых праблем, бо змяняецца эканоміка-фінансавая сістэма, адбываюцца глыбінныя цывілізацыйныя змены. Вучоныя аналізуюць глабальнасць сучаснага свету, разглядаюць арыенціры сусветнага развіцця, трансгранічнасць сусветнай сістэмы, ролю гуманітарнага складніка ва ўмовах глабалізацыі. Усе сферы глабалістыкі маюць выхады на паўсядзённасць, бо чалавек рэальна жыве ў глабальных каардынатах развіцця, пастаянна з імі сутыкаецца. Кожнай краіне важна рыхтаваць спецыялістаў, якія не толькі валодаюць вялікім пластом ведаў у галіне гуманітарных навук, але і здольны крытычна пераасэнсоўваць набыты вопыт, самастойна аналізаваць найноўшыя з’явы ў культуры, эканоміцы, палітыцы, інвестыцыйнай і іншых сферах ва ўмовах глабальнага свету.