Заключэнне

Формы геаграфічнай дзейнасці і галіны выкарыстання геаграфічных ведаў

Формы прафесійнай дзейнасці спецыялістаў-географаў, якія прадстаўляюць розныя геаграфічныя дысцыпліны (а колькасць такіх дысцыплін у пачатку XXI ст. наблізілася да 90), вельмі разнастайныя (мал. 212-1).

img
Мал. 212-1. Формы прафесійнай дзейнасці спецыялістаў-географаў

Навукова-даследчая дзейнасць знаходзіць сваё праяўленне ў функцыянаванні цэлага шэрагу спецыялізаваных геаграфічных і роднасных ім устаноў, экспедыцый, навуковых стацыянараў, службаў маніторынгу, аховы прыроды і прыродакарыстання, геадэзіі, картаграфіі і геаінфарматыкі і г. д.

У Беларусі значная частка геаграфічных даследаванняў выконваецца ў Цэнтральным навукова-даследчым інстытуце комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Беларускім навукова-даследчым цэнтры «Экалогія», Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя і інш.

З іншых навуковых устаноў у першую чаргу неабходна адзначыць Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі. Тут праводзяцца навуковыя даследаванні ў галіне прыродакарыстання, аховы навакольнага асяроддзя і геатэхналогій, геаэкалогіі, геаграфіі і палеагеаграфіі, кліматалогіі, гідрагеахіміі, гідраэкалогіі, геадынамікі.

Акрамя гэтага, географы паспяхова працуюць у многіх навучальных установах, навукова-вытворчых і праектных арганізацыях, удзельнічаюць у складанні тэрытарыяльных планаў гарадоў, адміністрацыйных раёнаў, курортных цэнтраў, нацыянальных паркаў і інш. Дзейнасць прафесійнага географа, як правіла, не абмяжоўваецца якой-небудзь адной формай. Яна ўяўляе сабой сінтэз даследчай працы, выкладання і ўдзелу ў грамадскім жыцці краіны.