Заключэнне

Перспектывы развіцця геаграфіі ў першыя дзесяцігоддзі XXI ст. звязаны з узрастаннем яе канструктыўнай, пераўтваральнай ролі. Новая роля геаграфіі заключаецца ў далейшым пазнанні навакольнага свету і мэтанакіраваным яго пераўтварэнні ў інтарэсах усяго чалавецтва. Геаграфіі неабходна вызначыць сваё месца ў распрацоўцы гэтай грандыёзнай задачы, прапанаваць найбольш правільныя шляхі яе вырашэння.

Неабходна развіваць інтэграцыйныя працэсы ў геаграфіі. Удасканальваць яе галіны і напрамкі, якія аб’ядноўваюць даследаванні прыродных і сацыяльна-эканамічных з’яў.

Сістэма геаграфічных навук стане больш гібкай, асобныя яе часткі будуць «накладвацца», узаемадзейнічаць паміж сабой. Узнікнуць цалкам новыя «палі інтэграцыі», вобласці спалучэння геаграфічных і сумежных з імі навук.

Атрымае развіццё інфармацыйная геаграфія. Магчымасці хуткага масавага збору самай рознай інфармацыі будуць рэалізаваныя ў выглядзе серыі электронных атласаў. Яны будуць адлюстроўваць у рэальным часе змяненні паказчыкаў забруджвання атмасферы, вады ў рэках, азёрах і морах, высечкі і аднаўлення лясоў, узроўню злачыннасці, палітычнай напружанасці, курсаў валют, рыначных цэн і іншай інфармацыі.

Будзе актуальнай геаграфія бягучых рызык прыроднага, тэхнагеннага, антрапагеннага, касмічнага паходжання, рызык для людзей, сельскай гаспадаркі, транспарту, грашовых укладанняў. Геаграфія стане геаграфіяй хуткацечных працэсаў, адным з інструментаў кіравання працэсамі ўзаемадзеяння чалавека і прыроды, развіцця грамадства.