§ 29. УСТОЙЛІВАЕ РАЗВІЦЦЁ ЧАЛАВЕЦТВА

iconКлуб знаўцаў-географаў. Старажытная шумерская цывілізацыя ў даліне ракі Еўфрат у 4 тысячагоддзі да н. э. па ўзроўні развіцця нашмат пераўзыходзіла ўсе цывілізацыі, якія існавалі да яе. Дзякуючы наяўнасці тэхнічна складаных сістэм арашэння, там развівалася высокапрадукцыйная сельская гаспадарка. Але вялікі адвод вады на палі па арашальных каналах прывёў да павышэння ўзроўню грунтавых вод, засалення глеб і зніжэння іх прадукцыйнасці. На засоленых глебах ураджаі пшаніцы і ячменю катастрафічна падалі, запасы харчавання скарачаліся. Гэта падарвала эканоміку вялікай цывілізацыі. У Амерыцы аналагам шумерскай цывілізацыі была цывілізацыя майя. Як і ў шумераў, у майя была складаная высокапрадукцыйная сельская гаспадарка, абсталяваная ірыгацыйнымі сістэмамі. Як лічаць навукоўцы, гібель цывілізацыі майя, як і шумераў, звязана з пагаршэннем забеспячэння харчаваннем. Заняпад сельскай гаспадаркі быў выкліканы эрозіяй глеб у выніку звядзення лясоў. З-за недахопу харчавання пачаліся грамадзянскія войны паміж гарадамі майя, якія загубілі цывілізацыю. Гэта прыклад усяго толькі дзвюх старажытных цывілізацый, якія загінулі ў выніку таго, што ў пэўны момант свайго развіцця яны ўступілі на эканамічны шлях, які супярэчыў прыродным магчымасцям іх тэрыторый.