§ 28. МАГЧЫМЫЯ ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ГЛАБАЛЬНЫХ ПРАБЛЕМ

Гуманітарна-экалагічны падыход і яго значэнне ў вырашэнні глабальных праблем. Ахова прыроды павінна адпавядаць прынцыпу разумнай дастатковасці і дапушчальнай рызыкі. Любыя дзеянні чалавека не павінны служыць прычынай сацыяльна-эканамічных і геаэкалагічных катастроф, якія могуць прывесці да гібелі чалавецтва. Але ўсё ўлічыць немагчыма. Гэта абумоўлена складанасцю прыродных сістэм, іх унікальнасцю, непазбежнасцю прыродных ланцуговых рэакцый, характар і напрамак якіх цяжка прадказаць. Інфармацыя пры правядзенні мерапрыемстваў па пераўтварэнні прыроды часта недастатковая, не дазваляе прадбачыць усе магчымыя вынікі. Асабліва гэта актуальна для доўгачасовага прагназавання змяненняў прыроднага асяроддзя.

Тысячагоддзямі ўсе актыўныя дзеянні чалавецтва былі накіраваныя на пераўтварэнне прыроды. Людзі не стварылі механізм, які б дазволіў ім арганічна суіснаваць з прыродай, наадварот, рабілі ўсё, каб «падняцца» над ёю, «перамагчы» яе. У цяперашні час чалавецтва пачынае разумець, што такое стаўленне да прыроды згубна для яго, таму прымае меры па аптымізацыі свайго ўзаемадзеяння з прыродай. Для большасці людзей становіцца відавочным, што напрамкі і маштабы чалавечай дзейнасці ў прыродным асяроддзі павінны быць абмежаваныя і пастаўленыя пад эфектыўны экалагічны кантроль.

Вырашэнне глабальных праблем чалавецтва павінна адбывацца з пазіцый гуманітарна-экалагічнага падыходу. Ён грунтуецца на прынцыпах рацыянальнага прыродакарыстання, прыярытэту інтарэсаў чалавека і аптымізацыі асяроддзя яго жыццядзейнасці з улікам экалагічных абмежаванняў.