§ 28. МАГЧЫМЫЯ ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ГЛАБАЛЬНЫХ ПРАБЛЕМ

Асаблівасці ўспрымання чалавекам праблем навакольнага асяроддзя. Пераважная большасць выпадкаў значнага ўмяшання чалавека ў прыроднае асяроддзе прыводзіць да негатыўных наступстваў. Але людзі апраўдваюць свае дзеянні, выкарыстоўваючы тры асноўныя прынцыпы: суб’ектыўнага адмаўленняпрызнання, зманлівага дабрабыту і аддаленасці падзеі.

Прынцып суб’ектыўнага адмаўлення-прызнання заключаецца ў тым, што пры ацэнцы ўзаемадзеяння грамадства і прыроды фактам, якія не падабаюцца чалавеку, надаецца невялікае значэнне, а фактам, якія прызнаюцца чалавекам дакладнымі, надаецца большая вага, чым яны маюць на самай справе. У рэшце рэшт атрымліваецца вынік, які «жадаецца» чалавекам, але не адпавядае рэальнаму стану навакольнага асяроддзя.

img
Мал. 205. Касмічныя фотаздымкі Аральскага мора, Казахстан, Узбекістан

Правільнасць або памылковасць правядзення мерапрыемстваў у галіне прыродакарыстання можа быць вызначана ў ходзе іх аб’ектыўнай экспертызы. Але дасягнуць аб’ектыўнасці складана. Пры ацэнцы любых мерапрыемстваў, звязаных з уздзеяннем на прыроду, існуюць зацікаўленыя выканаўцы, адбываецца ціск на іх прыхільнікаў і праціўнікаў запланаваных пераўтварэнняў. Таму неабходна шырокае грамадскае абмеркаванне праектаў па змяненні прыроды, прыцягненне незалежных экспертаў, прымяненне розных метадаў ацэнкі.

Прынцып зманлівага дабрабыту звязаны з залішняй паспешлівасцю высноў, зробленых па выніках гаспадарчай дзейнасці. Першыя поспехі або няўдачы ў прыродакарыстанні могуць быць кароткачасовымі. Наступствы правядзення мерапрыемстваў па пераўтварэнні прыроды аб’ектыўна можна ацаніць толькі праз 10 і больш гадоў.

Прыкладаў паспешлівых высноў аб выніках пераўтварэння прыроды шмат. Гэта ацэнка праектаў, звязаных са змяненнем узроўню Аральскага (мал. 205) і Каспійскага мораў, будаўніцтвам волжскага каскада ГЭС, меліярацыйнымі пераўтварэннямі ў беларускім Палессі і г. д.

icon Свет і Беларусь. У 1960–1980-х гг. на тэрыторыі Беларусі, пераважна ў Палессі, праводзілася шырокамаштабная асушальная меліярацыя. Яе асноўнай мэтай з’яўлялася павышэнне сельскагаспадарчай прадукцыйнасці зямель. Да якіх наступстваў прывяла меліярацыя?

Прынцып аддаленасці падзеі заключаецца ў тым, што з’явы, аддаленыя ў часе і прасторы, псіхалагічна здаюцца чалавеку менш істотнымі.

Паводзіны людзей, заснаваныя на разгледжаных прынцыпах, прыводзяць да памылак у прыродакарыстанні і перашкаджаюць рацыянальнай экалагічнай палітыцы. Разуменне гэтага прыходзіць не адразу і вызначаецца правілам эканоміка-экалагічнага ўспрымання Дж. М. Стайкаса. Успрыманне чалавекам праблем навакольнага асяроддзя адбываецца ў чатыры этапы (мал. 206).

icon Клуб знаўцаў-географаў. Для карэкцыі паводзін чалавека ў адносінах да навакольнага асяроддзя Б. Команер сфармуляваў чатыры законы (мал. 207).

img
Мал. 206. Этапы ўспрымання чалавекам праблем навакольнага асяроддзя па Дж. М. Стайкасу
img
Мал. 207. Законы Б. Команера

Вырашэнне глабальных праблем з’яўляецца сёння актуальнай задачай для ўсяго чалавецтва. Ад таго, калі і як яны пачнуць выкараняцца, залежыць выжыванне людзей. Можна вызначыць наступныя шляхі вырашэння некаторых сучасных глабальных праблем чалавецтва (мал. 208).

img
Мал. 208. Шляхі вырашэння некаторых сучасных глабальных праблем чалавецтва

Павышаны ўзровень П1

icon Клуб знаўцаў-географаў. Ваенныя выдаткі ў цэлым складаюць цяпер больш за 6 % кошту сусветнай вытворчасці. У цяперашні час сума ваенных выдаткаў ЗША і Кітая — каля 1 трлн дол. ЗША ў год. Гэта ў 5 разоў больш выдаткаў, патрэбных на ахову навакольнага асяроддзя, і ў 2 разы больш сумы, неабходнай для аднаўлення парушанага прыродна-рэсурснага патэнцыялу біясферы Зямлі.