§ 28. МАГЧЫМЫЯ ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ГЛАБАЛЬНЫХ ПРАБЛЕМ

Узаемасувязь глабальных праблем. Глабальныя праблемы з’яўляюцца вынікам супярэчнасцей грамадскага развіцця. Яны не ўзніклі раптоўна. Некаторыя з іх, напрыклад захаванне міру на Зямлі, існавалі ва ўсе часы. Іншыя глабальныя праблемы, напрыклад экалагічныя, з’явіліся пазней у сувязі з інтэнсіўным уздзеяннем чалавека на прыроднае асяроддзе. Для іх вырашэння патрабуецца аб’яднанне намаганняў усяго чалавецтва. Глабальныя праблемы ахопліваюць усе бакі жыцця людзей і датычацца ўсіх краін свету. Усім глабальным праблемам грамадскага развіцця ўласціва мабільнасць. Кожная з іх пастаянна змяняецца, мае асаблівае значэнне ў розныя гістарычныя эпохі. Па меры вырашэння некаторыя з глабальных праблем могуць губляць сваю актуальнасць у сусветным маштабе. Яны становяцца лакальнымі ці ўвогуле знікаюць (напрыклад, натуральная воспа была глабальнай праблемай і практычна знікла ў цяперашні час). Усе глабальныя праблемы знаходзяцца ў складанай узаемасувязі і ўзаемазалежнасці. Гэта азначае, што вырашэнне адной праблемы прадугледжвае ўлік уплыву на яе комплексу іншых праблем.

icon Паразважаем. Чаму некаторыя глабальныя праблемы могуць губляць сваю актуальнасць у сусветным маштабе?

Адной з глабальных праблем сучаснасці з’яўляецца захаванне міру на Зямлі. Гонка ўзбраенняў мае велізарныя негатыўныя наступствы для чалавецтва. Яна збядняе сусветную эканоміку, правакуе агрэсіўныя тэндэнцыі ў знешняй палітыцы асобных дзяржаў (мал. 202).

icon Клуб знаўцаў-географаў. Гонка ўзбраенняў прывяла да таго, што ў другой палове 1980-х гг. разбуральная моц сусветнага ядзернага патэнцыялу больш чым у 100 разоў перавысіла сумарную агнявую магутнасць зброі, выкарыстанай усімі краінамі, што ўдзельнічалі ў Другой сусветнай вайне (мал. 203).

img
Мал. 202. Вайна ў Сірыі
img
Мал. 203. Балістычныя міжкантынентальныя ракеты на ваенным парадзе ў Кітаі

Пераадоленне харчовай або сыравіннай праблемы патрабуе, у прыватнасці, вырашэння глабальнай энергетычнай праблемы. Яе вырашэнне звязваецца з больш рацыянальным выкарыстаннем традыцыйных і развіццём новых крыніц энергіі, практычным выкарыстаннем рэсурсаў энергіі касмічнай прасторы і Сусветнага акіяна.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як вырашэнне харчовай праблемы звязана з энергетычнай праблемай?

Навукова-тэхнічны прагрэс аказвае ўздзеянне на матэрыяльную вытворчасць, далейшае развіццё чалавечага патэнцыялу і звязаныя з ім праблемы адукацыі, культуры, аховы здароўя і інш. У цяперашні час пастаянна ў розных частках свету ўзнікаюць новыя праблемы, якія адносна хутка становяцца глабальнымі. Толькі за апошні час чалавецтва сутыкнулася з тым, што змяненне азонавага слоя, парніковы эфект, распаўсюджанне сіндрому набытага імунадэфіцыту (СНІД), эпідэмія COVID-19 (мал. 204) і іншыя праблемы, аб якіх некалькі гадоў назад мала хто ведаў, ператвараюцца ў глабальныя. Задача навукі — своечасова заўважаць новыя глабальныя праблемы і выпрацоўваць адпаведныя спосабы іх вырашэння. Напрыклад, спосабы вырашэння праблем назапашвання смецця і яго ўтылізацыі, пахавання адпрацаваных радыеактыўных прадуктаў, старэння насельніцтва, некантралюемай нараджальнасці і інш.

img
Мал. 204. Эпідэмія COVID-19, Кітай