§ 28-1. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫ СТАН НАВАКОЛЬНАГА АСЯРОДДЗЯ

Сцэнарыі будучага стану навакольнага асяроддзя. Прагнозны сцэнарый «Перспектывы навакольнага асяроддзя да 2050 года», выкананы міжнароднай Арганізацыяй эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), апісвае чаканыя дэмаграфічныя і эканамічныя працэсы на бліжэйшыя тры дзесяцігоддзі. Разглядаецца іх уплыў на навакольнае асяроддзе пры ўмове захавання сучаснай стратэгіі развіцця чалавецтва. У сцэнарыі асаблівая ўвага надаецца праблемам змянення клімату, біялагічнай разнастайнасці, дэфіцыту прэснай вады і ўплыву забруджвання на здароўе чалавека.

Чакаецца, што да 2050 г. насельніцтва Зямлі вырасце да 9 млрд чалавек. У 2050 г. у краінах — членах АЭСР звыш чвэрці насельніцтва будзе мець узрост старэйшы за 65 гадоў. У Індыі і Кітаі таксама будзе назірацца істотнае старэнне насельніцтва. У іншых частках свету, асабліва ў Афрыцы, доля моладзі ў структуры насельніцтва будзе хутка ўзрастаць. Такія дэмаграфічныя змены прывядуць да павелічэння спажывання паслуг і рэсурсаў, што будзе мець істотныя наступствы для навакольнага асяроддзя. Чакаецца, што да 2050 г. каля 70 % сусветнага насельніцтва будзе пражываць у гарадах. Гэта прывядзе да павелічэння праблем, звязаных з забруджваннем паветра, залішняй колькасцю транспартных сродкаў, выдаленнем і перапрацоўкай адходаў.

iconСвет і Беларусь. Эксперты ААН склалі некалькі прагнозаў змянення колькасці насельніцтва ў Беларусі. Магчыма як павелічэнне, так і зніжэнне колькасці насельніцтва ў краіне. Пры станоўчым сцэнарыі да 2050 г. у Беларусі будзе 9,3 млн чал., а да канца стагоддзя — 10,8 млн. Па песімістычным прагнозе, насельніцтва нашай краіны паменшыцца да 2050 г. да 7,9 млн чал., а да 2100 г. — да 4,9 млн чал. Ёсць у прагнозах і сярэдняе значэнне па колькасці насельніцтва: згодна яму, да 2050 г. у нас будзе жыць 8,6 млн чал., а да 2100 г. — 7,4 млн.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце краіны, у якіх чакаецца пагаршэнне дэмаграфічнай сітуацыі.

Згодна з прагнозам, чаканы да 2050 г. чатырохразовы рост сусветнай эканомікі прывядзе да павелічэння спажывання энергіі на 80 %. Доля энергіі, заснаванай на выкарыстанні карысных выкапняў, у глабальным энергаспажыванні застанецца на ўзроўні 85 %. Сярэднія тэмпы росту ВУП у Кітаі і Індыі запаволяцца. Найбольш высокі тэмп росту ВУП у перыяд з 2030 па 2050 г. будзе назірацца ў Афрыцы. Асноўнымі спажыўцамі энергіі будуць эканомікі краін, якія развіваюцца: Бразіліі, Расіі, Індыі, Інданезіі, Кітая і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Для забеспячэння насельніцтва харчаваннем будзе павялічвацца плошча сельскагаспадарчых зямель.

Калі не будуць прынятыя больш рашучыя меры па прадухіленні дэградацыі прыроднага асяроддзя, то да 2050 г. адбудуцца больш разбуральныя змяненні клімату з прычыны прадказальнага павелічэння выкідаў парніковых газаў на 50 %. У асноўным гэта адбудзецца за кошт 70 %-нага росту выкідаў COпры вытворчасці энергіі. У выніку да канца стагоддзя чакаецца павышэнне сярэдняй прыземнай тэмпературы паветра на 3–6 °С. У сваю чаргу, гэта прывядзе да змянення характару атмасферных ападкаў, паскарэння раставання леднікоў і вечнай мерзлаты, павышэння ўзроўню мора, павелічэння інтэнсіўнасці і частаты экстрэмальных з’яў надвор’я.

Працягнецца скарачэнне біялагічнай разнастайнасці, асабліва ў Азіі, Еўропе і Паўднёвай Афрыцы. Да 2050 г. чакаецца зніжэнне яшчэ на 10 % біялагічнай разнастайнасці сушы. Плошча трапічных лясоў паменшыцца на 13 %. Асноўныя прычыны зніжэння біялагічнай разнастайнасці будуць звязаныя з пашырэннем сельскагаспадарчых зямель, развіццём лясной прамысловасці і транспартнай інфраструктуры, забруджваннем навакольнага асяроддзя і змяненнем клімату. Зніжэнне біялагічнай разнастайнасці стварае пагрозы для дабрабыту людзей. Напрыклад, страты, звязаныя з абязлесеннем, ацэньваюцца на глабальным узроўні ў межах ад 2 да 5 трлн дол. у год.

Будзе скарачацца даступнасць прэснай вады. Праблемы забеспячэння вадой будуць найбольш вострымі ў Паўночнай і Паўднёвай Афрыцы, а таксама Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі. Прагназуецца рост глабальнага попыту на ваду прыблізна на 55 % з прычыны павелічэння патрэб прамысловых прадпрыемстваў (+400 %), цеплаэлектрастанцый (+140 %) і насельніцтва (+130 %). Зніжэнне аб’ёмаў даступнасці вады для экалагічных мэт паставіць многія экасістэмы пад пагрозу. У асобных рэгіёнах вычарпанне запасаў падземных вод можа стаць самай вялікай праблемай для водазабеспячэння гарадоў і сельскай гаспадаркі. Паўсюдна чакаецца павелічэнне ўзроўню забруджвання біягеннымі рэчывамі ад гарадскіх сцёкавых вод і сельскагаспадарчых сцёкаў. На глабальным узроўні да 2050 г. больш за 240 млн людзей будуць пазбаўленыя доступу да якасных крыніц водазабеспячэння, а 1,4 млрд чалавек па-ранейшаму не будуць мець доступу да вады, якая адпавядае базавым санітарным умовам.

Забруджванне паветра стане адной з асноўных прычын заўчаснай смерці людзей у свеце, абумоўленай экалагічнымі фактарамі. Да 2050 г. колькасць заўчасных смярцей у выніку ўздзеяння цвёрдых часціц падвоіцца і дасягне 3,6 млн у год. Большасць з іх будуць прыходзіцца на Кітай і Індыю. З прычыны ўздзеяння прыземнага азону ў краінах — членах АЭСР будзе назірацца адзін з самых высокіх узроўняў заўчаснай смяротнасці. Узровень захворванняў, звязаных з уздзеяннем небяспечных хімічных рэчываў, будзе істотным ва ўсім свеце.

Прыведзены сцэнарый паказвае, што, калі чалавецтва не прыме экстранных мер, будзе працягвацца дэградацыя прыроднага асяроддзя, нарастаць рызыка незваротных змяненняў геаграфічнай абалонкі.

img
Мал. 201-2. Джэй Форэстэр

Глабальныя мадэлі развіцця свету. Глабальнымі звычайна называюць сацыяльна-экалагічныя мадэлі развіцця, арыентаваныя на прагноз змянення біясферы і цывілізацыі на Зямлі або ў яе буйных рэгіёнах. У іх улічваюцца эканамічныя, дэмаграфічныя, экалагічныя, сацыяльныя, палітычныя фактары ў іх узаемасувязі. Адна з глабальных мадэлей першага пакалення — «Свет-2» — была створана ў 1970 г. прафесарам Масачусецкага тэхналагічнага інстытута Дж. Форэстэрам (мал. 201-2).

Яму належыць ідэя стварэння глабальных мадэлей на аснове сінтэзу дасягненняў матэматыкі, эканомікі, дэмаграфіі і экалогіі. У мадэлі «Свет-2» разглядаліся магчымыя змены пяці кампанентаў: колькасці насельніцтва Зямлі, капіталу (асноўныя фонды), долі сельскагаспадарчага капіталу (сельскагаспадарчыя фонды), неаднаўляльных прыродных рэсурсаў, забруджвання Зямлі.

img
Мал. 201-3. Дэніс Медоўз

Наступная глабальная мадэль, «Свет-3», была створана групай навукоўцаў на чале з Д. Медоўзам ў 1972 г. (мал. 201-3). Яе структура была больш складанай: у мадэль ўваходзіла 12 асноўных і 16 дапаможных дыферэнцыяльных ураўненняў. Як і ў мадэлі «Свет-2», задача вырашалася на часавым інтэрвале з 1900 па 2100 гг. Вынікі мадэлявання аказаліся вельмі блізкімі да высноў Форэстэра. Галоўная выснова, да якой прыйшоў Медоўз, заключалася ў тым, што ні адна ахоўная мера, узятая асобна, не можа прадухіліць будучую катастрофу. Ахоўныя меры — «умовы экалагічнай і эканамічнай стабільнасці» — павінны насіць комплексны характар. Мадэль Медоўза, прадстаўленая ў форме даклада пад назвай «Межы росту», атрымала шырокую вядомасць. Апошняя абноўленая версія даклада была апублікаваная ў 2006 г. пад назвай «Межы росту: 30 гадоў пасля».

У аснове мадэлей другога пакалення ляжыць нарматыўны падыход да працэсаў сусветнага развіцця, што мае на ўвазе выкарыстанне нарматываў, зададзеных на аснове грамадскіх прыярытэтаў. У другім пакаленні мадэлей асаблівы навуковы інтарэс выклікаў даклад «Глабальныя праблемы–2000», падрыхтаваны ў ЗША ў 1988 г. Саветам па якасці навакольнага асяроддзя. У ім прадстаўлена найбольш дэталёвая характарыстыка свету. У дакладзе праведзена інвентарызацыя ўжо выяўленых і чаканых парушэнняў навакольнага асяроддзя, складзены прагнозы на аснове меркавання аб захаванні сучасных палітычных, эканамічных і тэхнічных тэндэнцый развіцця, якія не парушаюцца катастрафічнымі падзеямі (напрыклад, войнамі).

img
Мал. 201-4. Лоўрэнс Клейн

Трэці этап у глабальным мадэляванні адрозніваецца праблемна-прагнозным падыходам да разгляду пытанняў сусветнага значэння. Мадэлі трэцяга пакалення ўключаюць тры блокі даследаванняў: агульнаэканамічны, энергетычны, харчовы. Пры гэтым экалагічны аспект прама ці ўскосна з’яўляецца іх часткай. Сярод агульнаэканамічных мадэлей шырокую вядомасць мае глабальная мадэль міжнароднага гандлю, распрацаваная ў ЗША у 1968 г. пад кіраўніцтвам лаўрэата Нобелеўскай прэміі Л. Клейна (мал. 201-4) і прызначаная для непасрэднай дапамогі ўрадавым органам.

У пачатку XXI ст. павысілася цікавасць навукоўцаў да мадэлявання ўзаемадзеяння прыродна-гаспадарчых сістэм, да пытанняў росту эфектыўнасці выкарыстання прыродных рэсурсаў і магчымых змяненняў глабальнага клімату Зямлі.

Больш за 50 гадоў глабальнае мадэляванне звязана з вырашэннем шэрагу актуальных праблем чалавецтва. З дапамогай распрацаваных мадэлей былі атрыманы важныя з пункту гледжання тэорыі і практыкі вынікі і вывады, якія сведчаць аб эфектыўнасці такіх даследаванняў. Нягледзячы на вялікае значэнне прагнозных мадэлей, усе яны маюць шэраг недахопаў (мал. 201-5).

img
Мал. 201-5. Асноўныя недахопы глабальных прагнозных мадэлей

Сучасныя глабальныя мадэлі дазваляюць намеціць этапы і напрамкі далейшых даследаванняў развіцця чалавецтва. Географы (разам з прадстаўнікамі іншых навук) удзельнічаюць у падрыхтоўцы рознага роду праектаў і мадэлей, каб вызначыць шляхі задавальнення асноўных патрэб насельніцтва свету, спосабы эфектыўнага вырашэння глабальных праблем, а таксама даць прагноз, з якімі найбольш вострымі праблемамі можа сутыкнуцца чалавецтва ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі.

Пры агульнасусветным маштабе глабальных праблем неабходны іх геаграфічны аналіз, гэта значыць даследаванне таго, як выяўляюцца гэтыя праблемы на рэгіянальным і лакальным узроўнях.