§ 27. РАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПРЫРОДАКАРЫСТАННЕ

Геаэкалагічныя прынцыпы, правілы, законы прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя. Асноўныя прынцыпы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў (мал. 199) можна дапоўніць законамі і правіламі рацыянальнага прыродакарыстання.

img
Мал. 199. Асноўныя прынцыпы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў

Закон скарачэння прыродных рэсурсаў. Глабальны зыходны прыродна-рэсурсны патэнцыял у ходзе гістарычнага развіцця бесперапынна вычэрпваецца. Гэта патрабуе ад чалавецтва навукова-тэхнічнага ўдасканалення гаспадарчай дзейнасці, накіраванай на больш рацыянальнае выкарыстанне прыродна-рэсурснага патэнцыялу.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму глабальны зыходны прыродна-рэсурсны патэнцыял у ходзе гістарычнага развіцця бесперапынна вычэрпваецца?

Закон незваротнасці ўзаемадзеяння чалавека і прыродных рэсурсаў. Аднаўляльныя прыродныя рэсурсы становяцца неаднаўляльнымі ў выпадку іх нерацыянальнай эксплуатацыі і значнай змены навакольнага асяроддзя.

icon Клуб знаўцаў-географаў. Лес з’яўляецца адным з відаў аднаўляльных прыродных рэсурсаў. Але высечка лесу без дастатковай высадкі новых дрэў або кіслотныя ападкі прыводзяць да абязлесення тэрыторыі. Месца лясных масіваў займаюць зямельныя ўгоддзі без драўнянага покрыва: палі, пашы, лугі і інш. Аналіз здымкаў са спадарожніка паказвае, што з пачатку ХХІ ст. плошча лясных масіваў у свеце скарацілася на 1,4 млн км2.

Правіла інтэгральнага рэсурсу. Галіны гаспадаркі, якія канкурыруюць у сферы выкарыстання канкрэтных прыродных рэсурсаў, немінуча наносяць шкоду адна адной. Чым больш яны змяняюць рэсурс, які сумесна эксплуатуюць, тым большы эканамічны ўрон.

icon Клуб знаўцаў-географаў. Павелічэнне аб’ёму выкарыстання водных рэсурсаў для прамысловых, сельскагаспадарчых і жыллёва-камунальных мэт прыводзіць да іх вычарпання і пагаршэння якасці. Попыт на ваду павялічваецца, вада становіцца даражэйшай, узрастаюць выдаткі на яе транспарціроўку, ачыстку і г. д.

Правіла рацыянальнага кіравання прыродай прадугледжвае выкарыстанне яе аб’ектыўных законаў, аднаўленне або павышэнне якасці прыроднага асяроддзя шляхам мэтанакіраванага цыкла мерапрыемстваў. Акрамя таго, яно дазваляе аптымізаваць прыродныя працэсы ў напрамку, спрыяльным для чалавека і яго гаспадарчай дзейнасці.

Правіла меры пераўтварэння прыроднага асяроддзя. Неабходна прытрымлівацца такога ўзроўню эксплуатацыі прыроднага асяроддзя, пры якім захоўваецца магчымасць яго натуральнага ўзнаўлення і самарэгуляцыі.

icon Клуб знаўцаў-географаў. Прыкладам празмернай эксплуатацыі прыродных рэсурсаў з’яўляецца кітовы промысел. Перапромысел прывёў да заняпаду кітабойнай здабычы ў Паўночнай Атлантыцы ў канцы XVIII ст., а ў паўночнай частцы Ціхага акіяна — у сярэдзіне XIX ст. (мал. 200). Сітуацыя яшчэ больш пагоршылася пасля 1868 г., калі нарвежац Свен Фойн вынайшаў гарпунную пушку, а парусныя судны змяніліся параходамі. З тых часоў вылаўлена каля 2 млн кітоў. Рэкорд здабычы быў устаноўлены ў 1962 г. і склаў 66 тыс. кітоў, што перавысіла іх узнаўленне, прывяло да рэзкага скарачэння кітовага статка і зрабіла іх здабычу нерэнтабельнай.

img
Мал. 200. Аўраам Шторк. Кітабойныя ўгоддзі ў Паўночным Ледавітым акіяне (1654–1708 гг.)

Правіла сацыяльна-экалагічнай раўнавагі. Грамадства развіваецца да таго часу, пакуль захоўвае раўнавагу паміж сваім ціскам на навакольнае асяроддзе і яго здольнасцю да натуральнага і штучнага аднаўлення.

Чалавек у значнай ступені пераўтварыў Зямлю ў выніку сваёй гаспадарчай дзейнасці. Уздзеянне грамадства на навакольнае асяроддзе працягвае ўзмацняцца. Гэта можа прывесці да незваротных змен, геаэкалагічнай катастрофы і нават гібелі чалавецтва.

Асноўныя прынцыпы, законы і правілы рацыянальнага прыродакарыстання цесна звязаны з аналагічнымі палажэннямі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.

icon Ахова навакольнага асяроддзя — комплекс мер, прызначаных для абмежавання адмоўнага ўплыву дзейнасці чалавека на прыроду.

Разгледзім некаторыя законы і прынцыпы ўзаемаадносін чалавека і прыроды.

Закон незаменнасці геаграфічнай абалонкі. Ніякае створанае чалавекам штучнае навакольнае асяроддзе не зможа забяспечыць стабільны стан геаграфічнай абалонкі лепш, чым існуючае прыроднае асяроддзе.

Скарачэнне прыроднай разнастайнасці ў аб’ёме, які перавышае гранічнае значэнне, пазбаўляе ўстойлівасці прыроднае асяроддзе. Яго немагчыма аднавіць за кошт стварэння ачышчальных збудаванняў і пераходу да безадходнай вытворчасці. Геаграфічная абалонка ўяўляе сабой адзіную сістэму. Яна забяспечвае ўстойлівасць асяроддзя пражывання чалавека пры любых прыродных і антрапагенных зменах на Зямлі. Неабходна захаваць натуральную прыроду на большай частцы паверхні планеты, а не на невялікіх па плошчы асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях.

icon Свет і Беларусь. Беларусь называюць «лёгкімі» Еўропы. Балоты рэспублікі займаюць плошчу 1,7 млн га і ачышчаюць атмасферу гэтак жа эфектыўна, як здольны яе ачысціць 20 млн га лесу. У адрозненне ад большасці заходнееўрапейскіх дзяржаў у нашай краіне захаваліся натуральна аднаўляльныя балотныя масівы: 1348 балот агульнай плошчай каля 863 тыс. га (34 % ад першапачатковай плошчы). Беларускія балоты знаходзяцца пад аховай ААН. У рамках шэрагу міжнародных праектаў рэалізуюцца мерапрыемствы па іх захаванні і ўстойлівым выкарыстанні.

Закон зваротнай сувязі ўзаемадзеяння чалавека і геаграфічнай абалонкі. Змяненне ўзаемадзеяння паміж прыродай і чалавекам прыводзіць да перамен у прыродзе і формах гаспадаркі. Формы гаспадаркі змяняюцца з прычыны змянення прыроды. У сваю чаргу, змяненне гаспадарчай дзейнасці абумоўлівае перамены ў прыродзе.

Закон наасферы У. І. Вярнадскага. Біясфера непазбежна ператворыцца ў наасферу, дзе розум чалавека будзе іграць дамінуючую ролю ў развіцці чалавецтва і вырашэнні праблем узаемадзеяння чалавека і прыроды.

Многія лічаць, што з развіццём цывілізацыі ўзрастае роля чалавека ў рэгуляванні і кіраванні працэсамі натуральнага развіцця біясферы. Але кіраваць людзі павінны не прыродай, а перш за ўсё сваёй дзейнасцю. Фарміраванне наасферы магчыма толькі на аснове захавання прыроднага асяроддзя пражывання чалавека.

Эколаг Пол Эрліх прапанаваў у дадатак да фундаментальных законаў прыроды некалькі прынцыпаў яе аховы (мал. 201).

img
Мал. 201. Прынцыпы аховы прыроды П. Эрліха