§ 27-1. ГЕАГРАФІЧНАЯ АБАЛОНКА

Асноўныя заканамернасці геаграфічнай занальнасці Зямлі. Найбольш буйныя занальныя падраздзяленні геаграфічнай абалонкі — геаграфічныя паясы. Яны адрозніваюцца адзін ад аднаго тэмпературнымі ўмовамі, агульнымі асаблівасцямі цыркуляцыі паветра. У кожным з іх свае асаблівасці для жыцця і гаспадарчай дзейнасці чалавека. Унутры паясоў на сушы вылучаюцца прыродныя зоны. Яны адрозніваюцца адна ад адной тыпамі расліннасці і глеб, гідралагічнымі, тэрмічнымі, геахімічнымі і іншымі працэсамі. Геаграфічныя зоны падзяляюцца на падзоны па рознай ступені выяўленасці занальных прыкмет.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Клінападобная форма мацерыкоў у Паўднёвым паўшар’і спрыяе пранікненню халодных марскіх цячэнняў аж да трапічных шырот. У Паўднёвым паўшар’і няма аналагаў такім цёплым цячэнням, як Гальфстрым і Курасіа. Таму колькасць зон і іх размяшчэнне ў Паўночным і Паўднёвым паўшар’ях неаднолькавыя. У Паўднёвым паўшар’і няма зоны тундры і лесатундры. Ва ўмераным поясе ёсць невялікія плошчы ліставых лясоў, але няма зоны тайгі.

iconСвет і Беларусь. Беларусь размешчана ў межах прыроднай зоны змешаных лясоў. Але лясы ў гэтай зоне значна адрозніваюцца па складзе лесаўтваральных дрэвавых парод. Паўночную частку краіны займае падзона дубова-цёмнахваёвых лясоў, цэнтральную частку — падзона грабава-дубова-цёмнахваёвых лясоў, а на поўдні размешчана падзона шыракаліста-хваёвых лясоў.

У сувязі з неаднастайнасцю зямной паверхні і ўмоў увільгатнення ў розных частках мацерыкоў зоны і падзоны не заўсёды маюць шыротнае распасціранне. Часам яны працягваюцца ў мерыдыянальным напрамку. Напрыклад, на захадзе Паўночнай Амерыкі ці ўсходзе Азіі. Таму занальнасць правільней называць не шыротнай, а гарызантальнай.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстайце матэрыял вучэбнага дапаможніка і знайдзіце на карце раёны, дзе прыродныя зоны і падзоны размешчаны ў мерыдыянальным напрамку.

Занальнасць з’яўляецца ўсеагульнай заканамернасцю, але яна не ўсюды выяўлена аднолькава. Найбольш выразна яна праяўляецца ў палярных, субэкватарыяльных і экватарыяльных шыротах, а таксама на ўнутрымацерыковых раўнінах умераных і субтрапічных шырот.

Занальнасць геаграфічнай абалонкі як планетарная з’ява парушаецца процілеглай уласцівасцю — азанальнасцю. Пад азанальнасцю геаграфічнай абалонкі разумеецца распаўсюджанне нейкага аб’екта або з’явы па-за сувяззю з занальнымі асаблівасцямі дадзенай тэрыторыі. Прычына азанальнасці — неаднастайнасць зямной паверхні: наяўнасць мацерыкоў і акіянаў, гор і раўнін на мацерыках, своеасаблівасць умоў увільгатнення і інш. Існуюць дзве асноўныя формы праяўлення азанальнасці — сектарнасць геаграфічных паясоў і вышынная пояснасць. Сектарнасць (дыферэнцыяцыя па даўгаце) геаграфічных паясоў вызначаецца ўвільгатненнем. Вышынная пояснасць мае шмат агульнага з гарызантальнай занальнасцю. Аднак прыродныя паясы ў гарах мяняюцца значна хутчэй, чым прыродныя зоны на раўнінах.

iconКлуб знаўцаў-географаў. У Паўночным паўшар’і ў напрамку ад экватара да полюсаў тэмпература зніжаецца прыкладна на 0,5 °С на кожны градус шыраты (111 км), у той час як у гарах яна падае ў сярэднім на 0,6 °С на кожныя 100 м.

Вялікі ўплыў на вышынную пояснасць аказвае экспазіцыя схілаў гор. Паміж гарызантальнай занальнасцю і высотнай пояснасцю існуе цесная ўзаемасувязь. Гарызантальная занальнасць вызначае тып высотнай пояснасці. У кожнай гарызантальнай зоне горы валодаюць сваім наборам вышынных паясоў. Колькасць вышынных паясоў залежыць ад вышыні гор і іх месцазнаходжання. Чым вышэйшыя горы і чым бліжэй да экватара яны размешчаны, тым больш разнастайны ў іх спектр паясоў.