§ 26-2. РОЛЯ МІЖНАРОДНАГА СУПРАЦОЎНІЦТВА І ААН У ВЫРАШЭННІ ГЛАБАЛЬНЫХ ГЕАПАЛІТЫЧНЫХ ПРАБЛЕМ

Мэты развіцця тысячагоддзя, прагрэс у вырашэнні праблем і новыя прыярытэты. На працягу 1990-х гг. з-за абвастрэння глабальных праблем чалавецтва на некалькіх міжнародных канферэнцыях, якія праводзіліся пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, былі вызначаныя найважнейшыя мэты і задачы глабальнага развіцця («Задачы міжнароднага развіцця»).

У 2000 г. на Генеральнай Асамблеі ААН (Саміце тысячагоддзя) была прынятая Дэкларацыя тысячагоддзя, якую падпісалі прадстаўнікі 189 краін, у тым ліку 147 кіраўнікоў дзяржаў. У Дэкларацыі выказваецца заклапочанасць праблемамі бяспекі далейшага развіцця свету. Таксама прызнаецца, што прагрэс можа быць дасягнуты только на аснове прынцыпаў устойлівага развіцця пры эканамічным росце, які будзе сфакусіраваны на вырашэнні праблемы беднасці і забеспячэнні правоў чалавека.

Для міжнародных адносін у XXI ст. у Дэкларацыі тысячагоддзя былі абвешчаны фундаментальныя каштоўнасці чалавецтва (мал. 196-3).

img
Мал. 196-3. Фундаментальныя каштоўнасці Дэкларацыі тысячагоддзя ААН

ААН было выдзелена некалькі асноўных узаемазвязаных мэт развіцця, якія стаяць на парадку дня развіцця свету. У далейшым яны атрымалі назву «Мэты развіцця тысячагоддзя» (МРТ, Millenium Development Goals, MDG).

Лідары краін дамовіліся аб вызначэнні мэт і паказчыкаў у галіне барацьбы з галечай, голадам, хваробамі, непісьменнасцю, пагаршэннем стану навакольнага асяроддзя і дыскрымінацыяй у дачыненні да жанчын, якія прывязаны да канкрэтных тэрмінаў і маюць крытэрыі ацэнкі. Усе краіны — члены ААН узялі на сябе абавязацельства дасягнуць гэтых мэт да 2015 г.

Для адсочвання прагрэсу было вызначана 8 асноўных мэт (мал. 196-4), якія атрымалі назву Мэты развіцця тысячагоддзя. Для кожнай мэты было пастаўлена 18 больш канкрэтных задач (табл. 15) на глабальным, нацыянальным і мясцовым узроўнях.

img
Мал. 196-4. Мэты развіцця тысячагоддзя ААН

Прагрэс у дасягненні мэт, якія сфармуляваны ў Дэкларацыі тысячагоддзя, у свеце ў цэлым відавочны. Аднак гэты працэс ідзе няроўна і павольна.

У значнай большасці краін атрымаецца вырашыць пастаўленыя задачы толькі пры ўмове, калі яны атрымаюць значную падтрымку звонку — у форме інфармацыйна-прапагандысцкай працы, спецыяльных ведаў і рэсурсаў.

iconСвет і Беларусь. Чаму мэты развіцця тысячагоддзя датычацца кожнага беларуса? Якія мэты ўстойлівага развіцця, на ваш погляд, найбольш актуальныя для Беларусі?

У сувязі з тым што працэс дасягнення мэт адбываецца павольна з-за значнага разрыву ва ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця і стабільнай колькасці найменш развітых краін, у 2015 г. дзяржавы — члены Арганізацыі Аб’яднаных Нацый афіцыйна прынялі новую праграму ў галіне ўстойлівага развіцця — Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года. Асноўныя прынцыпы і задачы вы вывучыце ў наступнай тэме.

Табліца 16*. Мэты развіцця тысячагоддзя і задачы, пастаўленыя ў Дэкларацыі тысячагоддзя

Мэты Задачы, якія неабходна вырашыць для дасягнення мэт
1. Ліквідацыя крайняй галечы і голаду 1. Скараціць удвая долю насельніцтва, якое мае даход менш 1 дол. у дзень.
2. Скараціць удвая долю насельніцтва, якое пакутуе ад голаду
2. Забеспячэнне ўсеагульнай пачатковай адукацыі 3. Забяспечыць для ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак магчымасць атрымліваць у поўным аб’ёме пачатковую школьную адукацыю
3. Заахвочванне роўнасці мужчын і жанчын і пашырэнне правоў і магчымасцей жанчын 4. Ліквідаваць, пажадана да 2005 г., няроўнасць паміж мужчынам і жанчынай у сферы пачатковай і сярэдняй адукацыі, а не пазней чым да 2015 г. — на ўсіх узроўнях адукацыі
4. Скарачэнне дзіцячай смяротнасці 5. Скараціць на дзве трэці смяротнасць сярод дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў
5. Паляпшэнне аховы мацярынства 6. Знізіць на тры чвэрці каэфіцыент мацярынскай смяротнасці
6. Барацьба з ВІЧ/СНІДам, малярыяй і іншымі захворваннямі 7. Спыніць распаўсюджанне ВІЧ/СНІДу і пакласці пачатак тэндэнцыі да скарачэння захворвання.
8. Спыніць распаўсюджанне малярыі і іншых асноўных хвароб і пакласці пачатак тэндэнцыі да скарачэння захворвання
7. Забеспячэнне экалагічнай устойлівасці 9. Уключыць прынцыпы ўстойлівага развіцця ў дзяржаўныя стратэгіі і праграмы і павярнуць назад працэс страты прыродных рэсурсаў.
10. Скараціць удвая долю людзей, якія не маюць пастаяннага доступу да чыстай пітной вады.
11. Да 2020 г. забяспечыць істотнае паляпшэнне ўмоў жыцця як мінімум 100 млн насельнікаў трушчоб
8. Фарміраванне глабальнага партнёрства ў мэтах развіцця 12. Працягнуць стварэнне адкрытай, рэгуляванай, прадказальнай і недыскрымінацыйнай гандлёвай і фінансавай сістэмы.
13. Задавальняць асаблівыя патрэбы найменш развітых краін.
14. Задавальняць асаблівыя патрэбы краін, якія не маюць выхаду да мора, і малых астраўных дзяржаў.
15. Комплексна вырашаць праблемы запазычанасці краін, якія развіваюцца, з дапамогай нацыянальных і міжнародных мер, каб узровень запазычанасці быў прымальным у доўгатэрміновым плане.
16. У супрацоўніцтве з краінамі, якія развіваюцца, распрацоўваць і ажыццяўляць стратэгіі, якія дазваляюць маладым людзям знайсці годную і прадукцыйную працу.
17. У супрацоўніцтве з фармацэўтычнымі кампаніямі забяспечваць даступнасць недарагіх лекаў.
18. У супрацоўніцтве з прыватным сектарам прымаць меры для таго, каб усе маглі карыстацца выгодамі новых тэхналогій, асабліва інфармацыйна-камунікацыйных