§ 26. ПРАБЛЕМА ЗАХАВАННЯ МІРУ

Міжнародны кантроль над ядзернай зброяй. Першым міжнародным дакументам, які рэгламентаваў распрацоўку ядзернай зброі, быў шматбаковы Дагавор аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, космасе і пад вадой 1963 г. У 1968 г. практычна ўсімі краінамі свету (акрамя Ізраіля, Пакістана і Індыі) быў падпісаны шматбаковы Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Пазней, у 1986 г., быў падпісаны Дагавор аб забароне ядзерных выпрабаванняў. Аднак не ўсе краіны гэтыя дакументы вырашылі юрыдычна ўзаконіць.

У цэлым пагроза для свету ўсё яшчэ застаецца рэальнай. Але, як бы дзіўна гэта ні гучала, у цяперашні час наяўнасць ядзернай зброі з’яўляецца залогам міру, стрымліваючым фактарам, які можа абараніць ад агрэсіі. Дзякуючы гэтаму ёй так імкнуцца завалодаць многія дзяржавы.

Сусветнае саперніцтва за першынство сярод ядзерных дзяржаў праяўляецца ў выпрабаваннях ядзернай зброі. Так, пасля ЗША ў 1949 г. правёў выпрабаванні СССР, у 1952 г. — Вялікабрытанія (табл. 6).

Табліца 6. Першыя выпрабаванні ядзернай зброі

Краіна Год першага выпрабавання ядзернай зброі
ЗША 1945
Расія 1949
Вялікабрытанія 1952
Францыя 1960
Кітай 1964
Індыя 1974
Пакістан 1998
Рэспубліка Карэя 2006

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце дзяржавы, якія маюць ядзерную зброю.

Пры падтрымцы ААН уступілі ў сілу рэгіянальныя дагаворы аб забароне ядзернай зброі ў Антарктыдзе, Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне, паўднёвай частцы Ціхага акіяна, Паўднёва-Усходняй Азіі, Афрыцы і Цэнтральнай Азіі.

Адно толькі раззбраенне не прынясе мір. Яно павінна суправаджацца рэальным забеспячэннем бяспекі чалавека. Сусветная супольнасць — грамадства, якое ўключае моладзь і пажылых людзей, і ўрады — валодае рэсурсамі і ведамі для таго, каб перайсці ад культуры гвалту да культуры міру.

icon Клуб знаўцаў-географаў. Многія былыя атамныя палігоны дагэтуль малапрыдатныя для пражывання чалавека. Напрыклад, атол Бікіні, які ўваходзіць у склад Рэспублікі Маршалавы Астравы, доўгі час выкарыстоўваўся Пентагонам для тэставых падрываў ядзерных і тэрмаядзерных зарадаў. Так, 1 сакавіка 1954 г. амерыканцы ўзарвалі тут вадародную бомбу Castle Bravo. Назіральнікі, якія знаходзіліся ў бункеры, апісвалі эфект ад выбуху як моцнае землетрасенне, з-за якога сховішча «захадзіла хадуном». Грыб атрымаўся вышынёй 60 км, дыяметр «капелюша» — 100 км, «ствала» — 7 км. Выбух выклікаў каласальныя разбурэнні, назаўсёды змяніўшы абрысы атола Бікіні.