§ 26. ПРАБЛЕМА ЗАХАВАННЯ МІРУ

Праблема раззбраення. Праблема захавання міру шматгранная. Напрыклад, адным са шляхоў яе вырашэння з’яўляецца раззбраенне. Кантроль над узбраеннямі — неад’емны элемент намаганняў па паслабленні міжнароднай напружанасці, падтрыманні міру і бяспекі.

Пад раззбраеннем разумеецца комплекс мер, закліканых спыніць нарошчванне сродкаў вайны, спрыяць іх абмежаванню, скарачэнню і ліквідацыі. У 2017 г. сусветныя ваенныя выдаткі дасягнулі 1739 млрд дол. Гэта 2,2 % ад сусветнага валавога ўнутранага прадукту, або 230 дол. на душу насельніцтва. Рост сусветных ваенных выдаткаў шмат у чым быў абумоўлены значным павелічэннем выдаткаў краінамі Азіі і Блізкага Усходу, такімі як Кітай, Індыя і Саудаўская Аравія. На глабальным узроўні «цэнтр цяжару» ваенных выдаткаў змяшчаецца ў цяперашні час з Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

img
Мал. 190. Вядучыя краіны свету па памерах ваенных выдаткаў, млрд дол.

ЗША з’яўляецца краінай з самымі высокімі ваеннымі выдаткамі ў свеце. У 2017 г. яны склалі 610 млрд дол., або 35 % сусветных выдаткаў (мал. 190). Аднак Кітай у цяперашні час характарызуецца самым значным у свеце ростам ваенных выдаткаў і стаў другой краінай у свеце па іх велічыні. Доля выдаткаў Кітая ў сусветным аб’ёме ўзрасла да 13 % у 2017 г.

З краін Еўрапейскага Саюза больш за ўсіх на ўзбраенне выдаткоўвае Францыя — 57,8 млрд дол., або 2,3 % ВУП.

Краіны з самымі вялікімі выдаткамі ў свеце на ўзбраенне ў структуры ВУП размешчаны на Блізкім Усходзе. Гэта Аман (12 %), Саудаўская Аравія (10 %) і Кувейт (6 %).

Як адзначаюць эксперты Стакгольмскага інстытута даследаванняў праблем міру, асноўнымі экспарцёрамі ўзбраення ў свеце ў перыяд з 2014 па 2018 г. сталі ЗША і Расія. За гэтыя гады пяць найбуйнейшых экспарцёраў зброі ў свеце — ЗША, Расія, Францыя, Германія і Кітай — у сукупнасці забяспечылі 75 % аб’ёму сусветнага экспарту ўзбраенняў.

img
Мал. 191. Пано «Голуб міру», якое Папа Іаан Павел ІІ падараваў ААН

Агульная міжнародна-прававая аснова раззбраення змяшчаецца ў Статуце ААН, які адносіць прынцыпы, што вызначаюць раззбраенне і рэгуляванне ўзбраенняў, да ліку агульных прынцыпаў супрацоўніцтва ў справе падтрымання міру і бяспекі (мал. 191).

Адзіны шматбаковы форум міжнароднай супольнасці для выпрацоўкі пагадненняў па пытаннях раззбраення — гэта Канферэнцыя па раззбраенні ААН, якая была створана ў 1979 г. У цяперашні час 63 дзяржавы з’яўляюцца членамі гэтай арганізацыі.

img
Мал. 192. Ядзерны грыб над г. Нагасакі

Праблема прадухілення ядзернай вайны і скарачэння ўзбраенняў выступіла ў якасці глабальнай пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, пасля ядзерных бамбардзіровак ЗША японскіх гарадоў Хірасімы і Нагасакі ў 1945 г. (мал. 192). Гэты год у гісторыі стаў своеасаблівай кропкай адліку ўваходу чалавецтва ў ядзерную эру. Ядзерная зброя — самы магутны сродак забойства і разбурэння з усіх створаных чалавекам — стала фактарам стратэгічнага маштабу.

Валоданне ядзернымі тэхналогіямі надае дзяржаве значную вагу на сусветнай арэне, нават калі эканоміка краіны знаходзіцца ў крызісным стане. Пік гонкі ўзбраенняў прыйшоўся на 1986 г., калі сукупны сусветны ядзерны арсенал дасягнуў 70 481 зарада.

img
Мал. 193. ЗША — першая краіна ў свеце, якая правяла ядзерныя выпрабаванні

У свеце вылучаецца група краін, якія называюць ядзернымі дзяржавамі. Гэта азначае, што ў іх распрацоўваецца, вырабляецца і выпрабоўваецца ядзерная зброя. Да ядзерных дзяржаў адносяцца Расія, ЗША (мал. 193), Францыя, Кітай, Вялікабрытанія, Пакістан, Індыя, Ізраіль, Рэспубліка Карэя.

Найбольшай агульнай колькасцю ядзерных боегаловак валодаюць Расія, ЗША і Францыя (мал. 194). Чатыры краіны ў свеце — ЗША, Расія, Францыя і Вялікабрытанія — маюць актыўныя боегалоўкі (мал. 195).

img
Мал. 194. Сусветныя ядзерныя дзяржавы і колькасць боегаловак, адзінкі, 2018 г.
img
Мал. 195. Краіны свету з актыўнымі боегалоўкамі, адзінкі, 2018 г.