§ 25-1. ПРАБЛЕМА ГАНДЛЮ ЛЮДЗЬМІ

Міжнародны вопыт пераадолення глабальнай праблемы гандлю людзьмі. Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) надае павышаную ўвагу праблеме гандлю людзьмі з 2000 г. У 2003 г. быў зацверджаны План дзеянняў АБСЕ па барацьбе з гандлем людзьмі.

У 2005 г. у Цэнтральнай Азіі краіны — члены Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) прынялі Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж дзяржавамі — членамі СНД у галіне барацьбы з гандлем людзьмі, органамі і тканкамі чалавека.

На Блізкім Усходзе ў 2010 г. Саветам міністраў юстыцыі арабскіх краін было прынята рашэнне аб рэалізацыі Арабскай ініцыятывы па ўмацаванні нацыянальных магчымасцей барацьбы з гандлем людзьмі ў арабскіх краінах.

Уклад ва ўмацаванне асноў для барацьбы з гандлем людзьмі ў Лацінскай Амерыцы ўнеслі Міжамерыканская канвенцыя 1994 г. аб міжнародным гандлі непаўналетнімі і Міжамерыканская канвенцыя аб папярэджанні і выкараненні гвалту ў адносінах да жанчын і пакаранні за яго.

У краінах Афрыкі важным дакументам у гэтай галіне з’яўляецца Уагадугскі план дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі, асабліва жанчынамі і дзецьмі (2006 г.).

Актыўную працу ў барацьбе з гандлем людзьмі ажыццяўляюць няўрадавыя арганізацыі. Напрыклад, Савет па правах чалавека адыграў важную ролю ў назіранні за распрацоўкай праекта Пратакола ААН аб гандлі людзьмі. Няўрадавыя арганізацыі, такія як Арганізацыя супраць гандлю жанчынамі (Foundation for Trafficking in Women, STW), Сусветны альянс па барацьбе з гандлем жанчынамі (Global Alliance Against Traffick in Women, GATW), вядуць актыўную дзейнасць.

Рабочыя групы з’яўляюцца эфектыўным сродкам каардынацыі дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі. Напрыклад, у 2017 г. губернатар штата Эдо ў Нігерыі абвясціў барацьбу з гандлем людзьмі адным са сваіх прыярытэтаў і стварыў працоўную групу па барацьбе з гандлем імі. Дзякуючы працы дадзенай групы, былі арыштаваныя па меншай меры 10 асоб, якія маглі быць датычныя да гандлю людзьмі, і прапанаваны прытулак нігерыйскім ахвярам, якія былі рэпатрыіраваны з Лівіі.