§ 25. ПРАБЛЕМА МІЖНАРОДНАГА ТЭРАРЫЗМУ

Прычыны і формы праяўлення міжнароднага тэрарызму. З’яўленне феномена міжнароднага тэрарызму супала па часе з завяршэннем працэсу інтэрнацыяналізацыі сусветнай эканомікі, а менавіта калі эканамічныя інтарэсы за мяжой сталі выключна важныя для асобных дзяржаў.

Міжнародны тэрарызм, які з’яўляецца вынікам працэсу глабалізацыі, адносіцца да найбольш значных праблем чалавецтва. Сучасны тэрарызм, які выкарыстоўвае навейшыя тэхналогіі, здольны выклікаць сістэмны сусветны крызіс, і перш за ўсё ў краінах з развітой інфармацыйнай інфраструктурай. Таму адной з яго адметных рыс у XXI ст. лічыцца пераход унутранага тэрарызму ў тэрарызм міжнародны.

Сутнасць тэрарызму заключаецца ў гвалце з мэтай запалохвання. Таму ён выступае адным з найбольш жорсткіх выклікаў сучаснасці і ўяўляе небяспеку для выжывання чалавецтва. Вылучаюць некалькі мэт міжнароднага тэрарызму (мал. 182).

img
Мал. 182. Мэты міжнароднага тэрарызму

Глабальным аб’ектам тэрарыстычных актаў з’яўляецца асабістая і грамадская бяспека. Яе разбурэнне вядзе да запалохвання асобных людзей і цэлых народаў, абмежавання дэмакратычных прынцыпаў у грамадстве і пагрозы існаванню людзей.

icon Свет і Беларусь. Членам якіх арганізацый па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам з’яўляецца Рэспубліка Беларусь? Якія меры адказнасці прадугледжаны заканадаўствам нашай краіны за ажыццяўленне тэрарыстычнай дзейнасці?

Важная асаблівасць міжнароднага тэрарызму — высокая ступень яго арганізаванасці. Сёння на міжнародным узроўні дзейнічаюць дастаткова масавыя і тэхнічна аснашчаныя тэрарыстычныя арганізацыі. Яны ўяўляюць сабой, па сутнасці, міжнародны тэрарыстычны рух.

У аснове развіцця міжнароднага тэрарызму ляжыць некалькі галоўных прычын, сярод якіх вылучаюць тры групы: сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і духоўна-культурныя (рэлігійныя або ідэалагічныя) (мал. 183).

img
Мал. 183. Прычыны міжнароднага тэрарызму
img
Мал. 184. Формы міжнарод­нага тэрарызму

Сучасны міжнародны тэрарызм мае розныя праявы або формы. Найбольшую небяспеку для свету ўяўляюць чатыры яго формы (мал. 184).

Выкарыстанне выбуховых прыстасаванняў. Асноўная прычына, па якой тэрарысты аддаюць перавагу выкарыстанню выбуховых прыстасаванняў, гэта «эфектыўнасць» тэракта, г. зн. нанясенне значнага ўрону.

Захоп паветранага судна. Дадзеная форма тэрарызму прыводзіць да значных чалавечых ахвяр і прыкоўвае да сябе ўвагу сродкаў масавай інфармацыі. Гэта тлумачыцца тым, што значную частку тэрарыстычных актаў складаюць захопы, знішчэнні паветраных суднаў і іншыя замахі на бяспеку грамадзянскай авіяцыі.

Захоп марскога судна. Захопы, затрыманні і рабаванне марскіх гандлёвых і іншых грамадзянскіх суднаў, іх экіпажаў і пасажыраў маюць шматвяковую гісторыю. Марскі тэрарызм пачаў пагражаць свету і бяспецы з пачатку 60-х гг. XX ст.

Захоп заложнікаў. Заложнік з’яўляецца асобай, гвалтоўна кім-небудзь затрыманай для забеспячэння выканання дзяржавай або арганізацыяй, да якіх асоба належыць, якіх-небудзь патрабаванняў. Асобы, якія захопліваюць заложнікаў, часта выстаўляюць камбінаваныя патрабаванні: выплата выкупу і выкананне патрабаванняў палітычнага характару.

img
Мал. 185. Віды міжнарод­нага тэрарызму

Праблема міжнароднага тэрарызму звязана з асноўнымі сферамі жыццядзейнасці сусветнай супольнасці і асобных краін: палітыкай, нацыянальнымі адносінамі, рэлігіяй, экалогіяй, злачыннымі супольнасцямі і г. д. Гэта знайшло адлюстраванне ў існаванні розных відаў міжнароднага тэрарызму (мал. 185).

Члены груп, якія ажыццяўляюць палітычны тэрор, ставяць сваёй задачай дасягненне палітычных, сацыяльных або эканамічных змен унутры той ці іншай дзяржавы, а таксама падрыў міждзяржаўных адносін.

Нацыяналістычны тэрарызм мае на мэце вырашэнне нацыянальнага пытання, якое ў апошні час набывае ўсё больш характар сепаратызму ў поліэтнічных дзяржавах.

Рэлігійны від тэрарызму абумоўлены спробамі ўзброеных груповак, якія вызнаюць тую ці іншую рэлігію, весці барацьбу супраць дзяржавы, дзе пануе іншая рэлігія або яе напрамак.

Крымінальны тэрарызм фарміруецца на аснове якога-небудзь злачыннага бізнесу (наркабізнес, незаконны абарот зброі, кантрабанда і т. п.) з мэтай стварэння хаосу і напружанасці — умоў, у якіх найбольш верагодна атрыманне звышпрыбыткаў.

Экалагічны тэрарызм рэалізуюць групоўкі, якія выкарыстоўваюць гвалтоўныя метады барацьбы з навукова-тэхнічным прагрэсам, забруджваннем навакольнага асяроддзя, забойствам жывёл і будаўніцтвам ядзерных аб’ектаў.

У апошні час у свеце атрымаў развіццё такі новы від тэрарызму, як кібертэрарызм (электронны, камп’ютарны тэрарызм). Пад ім разумеюць наўмысную матываваную атаку на інфармацыю, якую апрацоўвае камп’ютар, камп’ютарную сістэму або сеткі. Кібертэрарысты пад выглядам праграм абароны распаўсюджваюць вірусы, атрымліваючы кантроль над камп’ютарамі паліцыі, бальніц, аэрапортаў. Выкарыстоўваючы інфармацыю ў гэтых сістэмах, яны збіваюць з курсу самалёты, змяняюць гісторыі хвароб пацыентаў, забіваючы такім чынам людзей.