§ 24. ГЕАПАЛІТЫЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ ХХІ СТ., ІХ ПРЫЧЫНЫ І НАСТУПСТВЫ

Праблема рэгіянальных канфліктаў. На працягу 500 гадоў гісторыі чалавецтва цэнтр сілы сусветнай гаспадаркі быў у Еўропе і Амерыцы. XX ст. стала стагоддзем краін Атлантычнага акіяна, XXI ст. — стагоддзем краін Ціхага акіяна. Сусветная геапалітычная вось перамяшчаецца з Захаду на Усход.

Эпоха сусветнай гаспадаркі з існаваннем двух асноўных цэнтраў яе развіцця і супрацьстаяння скончылася з распадам сацыялістычнай сістэмы гаспадарання. Таму і глабальныя канфлікты страцілі сваю сілу. Аднак ва ўмовах шматпалярнага ўкладу свету асаблівую значнасць пачынаюць набываць рэгіянальныя канфлікты.

icon Рэгіянальны канфлікт — вынік узаемадзеяння двух і больш дзяржаў у межах аднаго рэгіёна, якія аспрэчваюць адна ў адной размеркаванне ўлады, тэрыторыі або рэсурсаў шляхам дыпламатычных перамоў, узброенага ўмяшання і г. д.

img
Мал. 178. Араба-ізраільскі канфлікт

Да ліку самых буйных і вострых рэгіянальных канфліктаў адносяцца: араба-ізраільскі (мал. 178), індапакістанскі, карэйскі, тайваньскі.

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыялы вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце ачагі асноўных рэгіянальных канфліктаў.

Усе гэтыя канфлікты сталі вынікам складаных працэсаў у сусветнай палітыцы, якія адбыліся пасля заканчэння Другой сусветнай вайны і пачатку халоднай вайны: утварэнне новых дзяржаў (Ізраіля, Індыі і Пакістана), унутрыпалітычная барацьба (у Кітаі і Карэі), саперніцтва СССР і ЗША.

Сярод рэгіянальных канфліктаў ХХІ ст. вылучаюцца дзве групы:

  • 1) постсацыялістычныя канфлікты, якія з’яўляюцца вынікам палітычных трансфармацый у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе і распаду сацыялістычных федэратыўных дзяржаў. У іх ліку постсавецкія і постюгаслаўскія канфлікты;
  • 2) навейшыя канфлікты — канфлікты ЗША з дзяржавамі-«ізгоямі»: Афганістанам і Іракам.

icon Свет і Беларусь. Чаму ў грамадзян Рэспублікі Беларусь у цяперашні час выклікаюць трывогу канфлікты, якія ўзнікаюць далёка за яе межамі? Назавіце тэрыторыі, якія бліжэй за ўсіх размешчаны да меж нашай краіны, дзе сёння працягваюцца рэгіянальныя або лакальныя канфлікты.

Постсацыялістычныя канфлікты былі выкліканыя палітычнай барацьбой. У іх адны палітычныя сілы імкнуліся да захавання тэрытарыяльнай цэласнасці ўзначаленых імі дзяржаў, а іншыя — да ўтварэння новых незалежных дзяржаў. Да такіх канфліктаў адносяцца Нагорна-Карабахскі, абхазскі, паўднёваасецінскі, прыднястроўскі.

icon Новыя незалежныя дзяржавы — 15 незалежных дзяржаў (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Казахстан, Кыргызстан, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, Украіна, Эстонія), якія з’явіліся на постсавецкай прасторы пасля распаду СССР у 1991 г.

img
Мал. 179. Украінскі канфлікт

Вынікам неўрэгуляванасці гэтых канфліктаў з’яўляецца існаванне самаабвешчаных, непрызнаных постсавецкіх рэспублік: Нагорна-Карабахскай, Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, Прыднястроўска-Малдаўскай, Данецкай і Луганскай Народных Рэспублік (мал. 179).

Акрамя гэтага, навейшыя рэгіянальныя канфлікты ўзніклі, з аднаго боку, па прычыне тэрарыстычнай дзейнасці, а з другога — з-за імкнення ЗША забяспечыць свае нацыянальныя інтарэсы, а таксама інтарэсы і бяспеку сваіх саюзнікаў. Гэта праявілася ва ўзброеным уварванні ў Афганістан і Ірак і звяржэнні рэжымаў, якія правілі там. Міжнародны канфлікт у Лівіі стаў вынікам узброенага ўмяшання краін НATА ва ўнутраны канфлікт з мэтай абароны грамадзянскага насельніцтва.

img
Мал. 180. Палітычны канфлікт у Паўднёвым Судане

Асобную групу рэгіянальных канфліктаў складаюць шматлікія канфлікты ў краінах Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі (Сірыі, Судане, Самалі, Конга, Руандзе, Заходняй Сахары, Шры-Ланцы, Калумбіі, Эрытрэі і інш.), якія хоць і маюць унутраны характар, але аказваюць уздзеянне і на міжнародныя адносіны.

icon Клуб знаўцаў-географаў. У 2011 г. на фоне «арабскай вясны» ў Сірыі пачаліся масавыя антыўрадавыя выступленні. Унутрыпалітычны крызіс ужо да канца 2011 г. перарос ва ўнутраны ўзброены канфлікт. У 2015 г. прэзідэнт Сірыі Б. Асад звярнуўся да Расіі з просьбай аказаць ваенную дапамогу. Ваеннай мэтай аперацыі была заяўленая паветраная падтрымка сірыйскіх урадавых сіл у іх супрацьдзеянні тэрарыстычнай групоўцы «Ісламская дзяржава».

У асобных выпадках вынікам такіх канфліктаў можа быць з’яўленне новых дзяржаў, як, напрыклад, Паўднёвы Судан (мал. 180), які пасля правядзення рэферэндуму ў 2011 г. аддзяліўся ад Судана. Да ўнутраных адносяцца і канфлікты ў арабскіх краінах, якія пачаліся ў 2011 г.