§ 23. ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ГЛАБАЛЬНАЙ ЭНЕРГЕТЫЧНАЙ ПРАБЛЕМЫ

Энергетычная бяспека. Асновай эканамічнай палітыкі дзяржавы з’яўляецца энергетычная бяспека, непарыўна звязаная з наяўнасцю доступу да стратэгічных рэсурсаў.

icon Энергетычная бяспека — забеспячэнне бесперабойнага доступу да энергетычных рэсурсаў па прымальных цэнах.

Павелічэнне попыту на энергарэсурсы ў большасці краін свету, асабліва ў Азіі, і тэрытарыяльны разрыў паміж раёнамі вытворчасці і спажывання энергетычных рэсурсаў рэзка абвастрылі праблему надзейнасці іх паставак, абароны ад прыродных, тэхналагічных, ваенных, палітычных, тэрарыстычных і іншых пагроз.

icon Клуб знаўцаў-географаў. Праблема бяспекі транспарціроўкі энергетычных рэсурсаў становіцца ў цяперашні час адной з ключавых. Пагрозы з боку піратаў, палітычная напружанасць у раёне праліваў, абмежаваная прапускная здольнасць шэрагу важных марскіх праліваў патрабуюць рашэнняў, якія будуць гарантаваць бяспеку марскіх шляхоў транспарціроўкі энергетычных рэсурсаў. Так, праз Армузскі праліў перавозіцца да 15 млн барэляў нафты за суткі (амаль 20 % сусветнага спажывання), праз Малакскі праліў — да 11 млн барэляў, праз пралівы Басфор і Дарданелы — да 3 млн барэляў, праз Суэцкі канал — да 1,3 млн барэляў. Спыненне або абмежаванне транзіту нафты ў гэтых раёнах прывядзе да катастрафічных наступстваў не толькі для сусветнай энергетыкі, але і для эканомікі ў цэлым.

Калектыўнае супрацьстаянне перабоям паставак нафты ў кароткатэрміновым перыядзе застаецца адной з асноўных мэт дзейнасці Міжнароднага энергетычнага агенцтва. Агенцтва распрацоўвае таксама перспектыўныя стратэгіі дыверсіфікацыі відаў энергіі і крыніц паставак, паглыблення інтэграцыі энергетычных рынкаў.