§ 22. ПРЫЧЫНЫ ГЛАБАЛЬНАЙ ЭНЕРГЕТЫЧНАЙ ПРАБЛЕМЫ

Павышаны ўзровень П1

Уплыў энергетыкі на навакольнае асяроддзе. Развіццё энергетыкі цягне за сабой негатыўныя наступствы. Адбываюцца выкіды ў атмасферу, гідрасферу і літасферу вуглевадародаў, у тым ліку высокаактыўнага парніковага газу метану, серавадароду, аксідаў азоту, аксідаў вугляроду, розных нафтапрадуктаў і другіх высокатаксічных адходаў.

icon Паразважаем. Са школьнага курса хіміі ўспомніце, як праходзіць акісляльна-аднаўленчая рэакцыя арганічных рэчываў. Якія прадукты ўтвараюцца ў выніку поўнай рэакцыі?

Па даных Міжнароднага энергетычнага агенцтва, глабальныя выкіды вуглякіслага газу, звязаныя з энергетычным выкарыстаннем вуглевадародаў, у 2019 г. перасталі расці. Пасля двух гадоў росту глабальныя выкіды ў 2019 г. склалі 33 Гт, нягледзячы на рост сусветнай эканомікі на 2,9 %. Гэта звязана, галоўным чынам, са скарачэннем выкідаў у электраэнергетыцы развітых краін дзякуючы павышэнню ролі аднаўляльных крыніц (у асноўным ветру і сонца), пераходу прыярытэтаў выкарыстання з вугалю на прыродны газ і павелічэнню вытворчасці атамнай энергіі.

Глабальныя выкіды вуглякіслага газу ад выкарыстання вугалю скараціліся амаль на 200 млн т, або на 1,3 %, у параўнанні з 2018 г., што кампенсавала павелічэнне выкідаў ад спальвання нафты і прыроднага газу. У краінах з развітой эканомікай выкіды скараціліся больш чым на 3,2 %.

Адказнасць за большую частку забруджвання планеты нясуць усяго некалькі краін. Краінамі з найбольшымі аб’ёмамі выкідаў з’яўляюцца Кітай, ЗША, Індыя, Расія і Японія (мал. 164). На долю Кітая прыйшлося 28 % выкідаў, ЗША — 19 %, Індыі — 7 %.

img
Мал. 164. Выкіды вуглякіслага газу па краінах свету, млн т, 2018 г.

icon Свет і Беларусь. Якія экалагічныя праблемы актуальныя для нашай краіны ў сувязі з выкарыстаннем вуглевадародаў у энергетыцы?

Тым не менш спальванне іншых відаў выкапнёвага паліва, у першую чаргу прыроднага газу, толькі набірае абароты і перакрывае скарачэнне вугальных выкідаў. Выкарыстанне нафты таксама расце. У цяперашні час выкіды ад спальвання вугалю складаюць 44 %, нафты — 33 %, прыроднага газу — 23 %.

Самы праблемны сектар — гэта транспарт. Нягледзячы на рост папулярнасці электрамабіляў, большая частка продажаў усё яшчэ прыпадае на машыны з рухавікамі ўнутранага згарання. Найбольшае негатыўнае ўздзеянне аказвае авіяцыйны транспарт пры цяперашнім узроўні тэхналогій.

icon Свет і Беларусь. Якія змены ў транспартнай сістэме Беларусі адбыліся ў апошнія пяць гадоў з пункту гледжання экалагізацыі галіны?

Пры захаванні цяперашніх тэндэнцый сярэдняя тэмпература кліматычнай сістэмы Зямлі ў бліжэйшыя 20 гадоў перавысіць даіндустрыяльны ўзровень на 1,5 °С. Гэта можа прывесці да разбурэння прыродных экасістэм, заняпаду сельскай гаспадаркі і катастрафічных стыхійных бедстваў.

icon Клуб знаўцаў-географаў. Газета «The Guardian» прадставіла інфармацыю аб 20 кампаніях, чыя эксплуатацыя сусветных запасаў нафты, газу і вугалю можа быць непасрэдна звязаная з больш чым адной трэццю ўсіх выкідаў парніковых газаў. На першым месцы ў спісе кампаній знаходзіцца Saudi Arabian Oil Company (Саудаўская Аравія).Другое месца займае Сhevron (ЗША), за ёй з невялікім адрывам ідзе «Газпрам» (Расія). У топ-5 таксама ўвайшлі ExxonMobil і National Iranian Oil Company.

Чалавецтву неабходна новая аснова энергетычных тэхналогій. Разуменне таго, што ад нястрымнага пераўтварэння прыроды і яе неабмежаванай эксплуатацыі варта перайсці да эканоміі прыродных рэсурсаў, з’яўляецца асаблівасцю сучаснай экалагічнай рэвалюцыі.

Павышаны ўзровень П2