§ 22. ПРЫЧЫНЫ ГЛАБАЛЬНАЙ ЭНЕРГЕТЫЧНАЙ ПРАБЛЕМЫ

img
Мал. 159. Дынаміка вытворчасці і спажывання энергіі ў свеце, млн т нафтавага эквіваленту

Дынаміка і прагноз спажывання энергетычных рэсурсаў у развітых краінах і краінах, якія развіваюцца. Спажыванне энергіі з’яўляецца абавязковай умовай існавання чалавецтва. Наяўнасць даступнай энергіі заўсёды была неабходнай для задавальнення патрэб чалавека, павелічэння працягласці і паляпшэння ўмоў яго жыцця.

icon Клуб знаўцаў-географаў. Першыя змяненні ў росце энергаспажывання адбыліся, калі людзі навучыліся здабываць агонь і прымяняць яго для прыгатавання ежы і абагрэву свайго жылля. Да XV ст. сярэднявечны чалавек, выкарыстоўваючы працу свойскіх жывёл, энергію вады і ветру, дровы і невялікую колькасць вугалю, ужо спажываў энергіі прыблізна ў 10 разоў больш, чым першабытны чалавек. Асабліва прыкметна павялічылася сусветнае спажыванне энергіі за апошнія 200 гадоў, якія прайшлі з пачатку індустрыяльнай эпохі. Яно ўзрасло ў 30 разоў.

Сучасная эпоха развіцця сусветнай гаспадаркі з другой паловы ХХ ст. характарызуецца ўстойлівым ростам вытворчасці і спажывання энергіі пры павелічэнні тэмпаў спажывання (мал. 159). Паводле даных за 2018 г., аб’ём вытворчасці энергіі ў свеце склаў 14,5 млрд т нафтавага эквіваленту, спажывання — 14,4 млрд т нафтавага эквіваленту. Штогадовы рост аб’ёмаў вытворчасці энергіі складае 2,1 %, рост аб’ёмаў спажывання энергіі — 2,0 %. Пры гэтым аб’ёмы спажывання павялічыліся за апошнія 50 гадоў у свеце ў 4 разы.

img
Мал. 160. Штогадовыя тэмпы дынамікі спажывання энергіі ў свеце, %, 2000–2018 гг.

Рэгіёны адрозніваюцца паміж сабой па дынаміцы спажывання энергіі. Азіяцкі і Афрыканскі рэгіёны характарызуюцца максімальнымі тэмпамі ў свеце — 4 % у год. У той жа час у развітых рэгіёнах назіраюцца мінімальныя тэмпы — 0,1 % (мал. 160).

На малюнку 159 можна ўбачыць, што вытворчасць і спажыванне энергіі ў свеце блізкія па значэннях. Аднак галоўная тэндэнцыя дынамікі гэтых двух працэсаў, якая і з’яўляецца прычынай глабальнай энергетычнай праблемы, — гэта павелічэнне розніцы паміж развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца, у характары дынамікі выкарыстання энергіі і падыходах да яго.

img
Мал. 161. Краіны — лідары па аб’ёмах спажывання энергіі, млрд т нафтавага эквіваленту, 2019 г.

У развітых краінах адзначаецца скарачэнне аб’ёмаў вытворчасці і спажывання, у некаторых — адмоўная штогадовая дынаміка. Асноўны прынцып выкарыстання энергіі ў іх — энергазберажэнне. Напрыклад, у Еўропе спажыванне энергіі зніжаецца на 0,5 % у год, у Вялікабрытаніі — на 1,5 %, у Германіі, Італіі, Партугаліі, Бельгіі — на 0,5 %. У Японіі штогадовыя тэмпы скарачэння спажывання энергіі складаюць 1,2 %. Мінімальнымі аб’ёмамі спажывання энергіі ў свеце характарызуюцца такія развітыя краіны, як Новая Зеландыя, Партугалія і Нарвегія.

icon Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны з мінімальнымі аб’ёмамі спажывання энергіі.

Паскорана адбываецца павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці і спажывання энергіі. Краінамі з найбольшымі аб’ёмамі спажывання з’яўляюцца Кітай, ЗША і Індыя (мал. 161).

Штогадовыя тэмпы росту спажывання энергіі ў шэрагу краін, якія развіваюцца, характарызуюцца надзвычай высокімі значэннямі. Напрыклад, у Кітаі — 5,9 %, у Казахстане — 5,1 %, у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах — 4,7 %. Такое спажыванне супярэчыць прынцыпам устойлівага развіцця і прыводзіць да вычарпання рэсурсаў і абвастрэння энергетычнай праблемы. Спажыванне энергіі па краінах прадстаўлена на малюнку 162.

img
Мал. 162. Спажыванне энергіі па краінах свету, млн т нафтавага эквіваленту, 2019 г.

icon Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны з максімальнымі аб’ёмамі спажывання энергіі.

img
Мал. 163. Сусветны прагноз спажывання энергіі, млн т нафтавага эквіваленту

Да 2050 г. нафта, газ і вугаль захаваюць дамінуючую ролю ў першасным паліўна-энергетычным балансе планеты. Аднак гэтыя рэсурсы пераразмяркуюцца. Калі сёння першынство за нафтай, далей ідуць вугаль і газ, то ў будучыні лідарства пяройдзе да газу, параўнальныя перавагі якога заключаюцца ў вялікім аб’ёме запасаў і экалагічнасці. Па прагнозах, да 2040 г. у свеце будзе адбывацца далейшае павелічэнне аб’ёмаў спажывання энергіі (мал. 163). Яно будзе забяспечвацца пераважна краінамі, якія развіваюцца, Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну і Блізкага Усходу.