§ 22. ПРЫЧЫНЫ ГЛАБАЛЬНАЙ ЭНЕРГЕТЫЧНАЙ ПРАБЛЕМЫ

Значэнне і прычыны глабальнай энергетычнай праблемы. Энергетыка адносіцца да ключавых галін прамысловасці. Яе развіццё з’яўляецца абавязковай умовай росту эканомікі любой краіны. Тэхналогіі хімічнай прамысловасці, машынабудавання і іншых галін, якія вызначаюць навукова-тэхнічны прагрэс, не могуць быць рэалізаваныя без выкарыстання энергіі.

Энергетыка мае асноватворнае значэнне для эканамічнага росту і экалагічнай устойлівасці. Доступ да недарагой, надзейнай і ўстойлівай энергіі жыццёва важны для ліквідацыі крайняй галечы і садзейнічання ўсеагульнаму прагрэсу. Аднак у шэрагу развітых краін і краін, якія развіваюцца, назіраецца, наадварот, залішняе спажыванне энергетычных рэсурсаў і энергіі ў цэлым.

icon Свет і Беларусь. Якая доля электраэнергетыкі належыць прамысловай вытворчасці? Якія фактары аказваюць уплыў на размяшчэнне прадпрыемстваў электраэнергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь?

icon Клуб знаўцаў-географаў. Каля 1,2 млрд чал. ва ўсім свеце да гэтага часу не маюць доступу да электраэнергіі — большасць з іх у Афрыцы і Азіі. Гэта аказвае ўплыў на адукацыю дзяцей, грамадскую бяспеку, аказанне паслуг, а таксама стварэнне новых працоўных месцаў. Яшчэ 2,8 млрд выкарыстоўваюць дрэвавыя насаджэнні або біямасу для прыгатавання ежы і абагрэву, што прыводзіць да забруджвання паветра.

Лакальныя энергетычныя крызісы ўзнікалі яшчэ ў даіндустрыяльны перыяд, напрыклад у Англіі XVIII ст. у сувязі з вычарпаннем лясных рэсурсаў і пераходам на вугаль. Аднак як глабальная праблема недахоп энергарэсурсаў выявіўся ў 1970-х гг. у перыяд першага энергетычнага крызісу. Ён праявіўся ў рэзкім павышэнні цэн на нафту (у 14,5 раза ў 1972−1981 гг.). Гэта стварыла сур’ёзныя складанасці для сусветнай эканомікі. Хоць многія цяжкасці таго часу былі пераадоленыя, глабальная праблема забеспячэння палівам і энергіяй з’яўляецца актуальнай і ў нашы дні.

icon Клуб знаўцаў-географаў. На працягу многіх гадоў нафта заставалася самым танным і даступным відам паліва. Дзякуючы яе таннасці кошт энергіі доўга не змяняўся, хоць яе спажыванне нарастала вельмі хутка. Арабскія нафтаздабываючыя краіны выкарысталі нафту як палітычную зброю ў барацьбе за свае правы і рэзка павысілі цану на яе. Такім чынам, аснову энергетычнага крызісу складалі прычыны не толькі эканамічныя, але і палітычныя. Крызіс азначаў сабой канец эпохі танных крыніц энергіі.

Энергетычная праблема застаецца адной з найбольш вострых у свеце. Гэта тлумачыцца двума асноўнымі фактарамі. Па-першае, гэта павелічэнне разрыву паміж высокімі тэмпамі развіцця энергаёмістых вытворчасцей у развітых краінах і шэрагу краін, якія развіваюцца, і запасамі неаднаўляльных энергарэсурсаў (нафта, газ, вугаль). Па-другое, гэта рост негатыўных экалагічных наступстваў развіцця энергетыкі пры захаванні традыцыйнай структуры паліўна-энергетычнага балансу і перавазе ў ёй забруджвальных відаў энергіі.

Галоўнай прычынай узнікнення глабальнай энергетычнай праблемы з’яўляецца хуткі рост спажывання энергетычных рэсурсаў у XX ст. і аб’ёмаў іх здабычы з зямных нетраў. Толькі за перыяд з пачатку ХХ ст. і да 1980-х гг. у свеце было здабыта і спажыта больш мінеральнага паліва, чым за ўсю папярэднюю гісторыю чалавецтва. З 1960 па 1980 г. з нетраў Зямлі было вынята 40 % вугалю, амаль 75 % нафты і каля 80 % прыроднага газу ад агульнай колькасці, здабытай з пачатку стагоддзя.

З боку прапановы энергетычная праблема выклікана адкрыццём і эксплуатацыяй велізарных нафтагазавых радовішчаў у Заходняй Сібіры, на Алясцы (мал. 158), на шэльфе Паўночнага мора. З боку попыту праблема ўзмацняецца ростам аб’ёмаў развіцця сусветнага транспарту, прамысловых вытворчасцей.

img
Мал. 158. Здабыча нафты на Алясцы

Глабальная энергетычная праблема заключаецца ў неабходнасці забеспячэння ўзрастаючых патрэб чалавецтва ў энергетычных рэсурсах.

icon Паразважаем. З чым звязаны нафтавы крызіс 2020 г.?