§ 21. ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ПРАБЛЕМЫ ВЫЧАРПАННЯ МІНЕРАЛЬНА-СЫРАВІННЫХ РЭСУРСАЎ

Дынаміка, геаграфія і аб’ёмы спажывання мінеральна-сыравінных рэсурсаў у развітых краінах і краінах, якія развіваюцца. Устойлівае мінеральна-сыравіннае забеспячэнне прамысловасці свету звязана з неабходнасцю ўзмацнення разведкі запасаў, папаўнення выбываючых і стварэння новых горназдабываючых магутнасцей. У свеце па меры развіцця індустрыялізацыі і ўкаранення НТП у асваенне мінеральна-сыравінных рэсурсаў адбываецца рост іх спажывання.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Прыродныя багацці выступаюць рэсурсам у тым выпадку, калі ўзнікае патрэба іх выкарыстання. Напрыклад, нафта была вядомая як гаручае рэчыва яшчэ за 600 гадоў да нашай эры, але ў якасці паліўнай сыравіны ў прамысловых маштабах яе пачалі распрацоўваць толькі з 60-х гг. XIX ст. Да другой паловы XX ст. нафта на шэльфе Сусветнага акіяна таксама не разглядалася рэсурсам, таму што не было тэхнікі для яе здабывання. Толькі ў 1940-х гг. упершыню на акваторыях (возера Маракайба ў Венесуэле, Каспійскае мора ў СССР) нафта пачала распрацоўвацца ў прамысловых маштабах і нафтавыя залежы мелкаводных зон мораў і акіянаў набылі рэсурснае значэнне.

Паводле ацэнак спецыялістаў, пры захаванні сучасных тэмпаў здабычы і спажывання разведаныя запасы будуць вычарпаныя: нафты — праз 30 гадоў, прыроднага газу — праз 50 гадоў, вугалю — праз 200 гадоў.

У XX і XXI стст. спажыванне асноўных мінеральна-сыравінных рэсурсаў прыкметна паскорылася, у значнай ступені за кошт змяненняў у выкарыстанні энергетычнай базы сусветнай гаспадаркі. Маштаб іх сумарнага спажывання ў 2015 г. наблізіўся да 90 млрд т, што ў 20 разоў вышэй за спажыванне ў 1900 г. Пры захаванні існуючых тэндэнцый здабыча прыродных рэсурсаў падвоіцца і да 2050 г. вырасце да 180–186 млрд т.

За перыяд 1965–2018 гг. спажыванне нафты ў свеце павялічылася практычна ў тры разы — з 1,5 да 4,5 млрд т (мал. 151) і апярэджвае аб’ёмы сусветнай здабычы. Сярэднесусветныя тэмпы росту спажывання нафты складаюць у XXI ст. 1 % у год, але пры гэтым істотна адрозніваюцца паміж развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца.

img
Мал. 151. Дынаміка аб’ёмаў спажывання нафты (млрд т), прыроднага газу (млрд м3) і вугалю (млн т нафтавага эквіваленту) у свеце

icon Клуб географаў-знаўцаў. Тона нафтавага эквіваленту (Tonne of Oil Equivalent) — адзінка вымярэння энергіі, якая шырока выкарыстоўваецца Міжнародным энергетычным агенцтвам. Адпавядае колькасці энергіі, што выдзяляецца пры спальванні 1 т сырой (неачышчанай) нафты.

icon Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны, якія з’яўляюцца сусветнымі лідарамі па здабычы нафты.

У большасці развітых краін адбываецца скарачэнне аб’ёмаў спажывання нафты, а тэмпы характарызуюцца адмоўнай дынамікай. Напрыклад, у Італіі, Іспаніі, Нідэрландах і шэрагу іншых краін у ХХІ ст. спажыванне нафты скарачаецца ў сярэднім на 2 % у год. У той жа час у Кітаі, Індыі, Бразіліі і іншых краінах, якія развіваюцца, адзначаецца хуткі рост аб’ёмаў спажывання, які перавышае 4 % у год. У сусветнай структуры спажывання найбольшая доля належыць ЗША (20 %), Кітаю (14 %) і Індыі (5 %) (мал. 152).

img
Мал. 152. Геаграфія спажывання нафты, млн т нафтавага эквіваленту, 2018 г.

icon Паразважаем. Краінамі з самымі хуткімі тэмпамі росту спажывання нафты ў свеце (больш за 7 % у год) з’яўляюцца Катар і Аман. Якая прычына такога вялікага спажывання нафты ў гэтых краінах?

Спажыванне прыроднага газу ў свеце ў параўнанні з нафтай мае значна больш высокія значэнні. За перыяд 1965–2018 гг. яно вырасла больш чым у 6 разоў — з 631 млрд м3 да 3,8 трлн м3 пры штогадовых тэмпах 2,2 %.

У развітых краінах, як і ў сітуацыі з нафтай, назіраецца скарачэнне спажывання (у сярэднім на 1,5 % у год), у краінах, якія развіваюцца, — яго хуткі рост. Напрыклад, у Кітаі штогадовы рост спажывання прыроднага газу складае 13 %. У сусветнай структуры спажывання найбольшай доляй характарызуюцца ЗША (21 %), Расія (11 %) і Кітай (7 %) (мал. 153).

img
Мал. 153. Геаграфія спажывання прыроднага газу, млн т нафтавага эквіваленту, 2018 г.

icon Свет і Беларусь. З якімі праблемамі сутыкаецца нафтаперапрацоўчая галіна ў Беларусі?

Спажыванне вугалю ў свеце вырасла ў параўнанні з 1965 г. у 3 разы — з 1,4 да 3,8 млрд т нафтавага эквіваленту. Штогадовыя тэмпы росту спажывання ў свеце складаюць 0,7 %. Калі ў развітых краінах адбываецца альбо запавольванне тэмпаў росту, альбо іх скарачэнне, то краіны, якія развіваюцца, інтэнсіўна нарошчваюць аб’ёмы спажывання. Кітай характарызуецца адным з самых высокіх паказчыкаў у свеце — 13 % у год.

У сусветнай структуры на Кітай прыпадае 51 % сусветнага спажывання. Другое месца займае Індыя (12 %), трэцяе — ЗША (8 %) (мал. 154).

img
Мал. 154. Геаграфія спажывання вугалю, млн т нафтавага эквіваленту, 2018 г.

icon Паразважаем. Выкарыстоўваючы веды, атрыманыя ў 10 класе, параўнайце геаграфію здабычы нафты, прыроднага газу і вугалю з геаграфіяй спажывання. Знайдзіце падабенствы і адрозненні.

img
Мал. 155. Вядучыя краіны па аб’ёмах спажывання жалезнай руды, млн т, 2018 г.

Да металічнага мінеральнага рэсурсу, які аказвае вызначальны ўплыў на развіццё сусветнай прамысловасці, адносіцца жалезная руда. У сувязі з бурным ростам галін цяжкай прамысловасці з высокай металаёмкасцю яе спажыванне няўхільна расце. Аб’ёмы спажывання жалезнай руды ў свеце, па даных за 2018 г., склалі 2,2 млрд т. З іх больш за 75 % прыпадае на краіны Азіі. У сусветнай структуры першае месца па аб’ёмах спажывання займае Кітай — каля 1,2 млрд т, або 54 % (мал. 155).

icon Свет і Беларусь. Што з’яўляецца сыравінай для прадпрыемстваў чорнай металургіі Рэспублікі Беларусь?