§ 20-2. ГЕАГРАФІЯ МІНЕРАЛЬНЫХ РЭСУРСАЎ СУСВЕТНАГА АКІЯНА

Марская вада. Важным складнікам рэсурсаў Сусветнага акіяна з’яўляецца марская вада. Яна змяшчае элементы салявога саставу, якія можна выкарыстоўваць для гаспадарчых патрэб.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Апрасненне марской вады ў асноўным прымяняецца ў краінах Персідскага заліва на Блізкім Усходзе, у краінах Карыбскага басейна, а таксама ў ЗША, Аўстраліі, Іспаніі і ў буйных гарадскіх агламерацыях, напрыклад у Сінгапуры. Сінгапур нацэлены на тое, каб да 2061 г. пакрываць да 30 % уласных патрэб у вадзе за кошт апраснення марской вады, калі скончыцца тэрмін дзеяння пагадненняў аб водазабеспячэнні з суседняй Малайзіяй.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Спрагназуйце змяненне геаграфіі хімічнай прамысловасці з улікам выкарыстання сыравіннай базы Сусветнага акіяна.

img
Мал. 150-6. Вытворчасць кухоннай солі

Кухонную соль з марской вады здабываюць, прымяняючы нескладаныя тэхналогіі выпарвання ў натуральных умовах басейнавым спосабам (мал. 150-6). Гадавы аб’ём здабычы кухоннай солі з марской вады дасягае 1/3 яе сусветнай вытворчасці (6–7 млн т з 22 млн т у год). Асноўнымі вытворцамі выступаюць Кітай, Індыя, Японія, Філіпіны, Турцыя, Балгарыя, Аўстралія, краіны Паўночнай Афрыкі.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Утварэнне саляных радовішч адбывалася на працягу мільёнаў гадоў, а гісторыя здабычы солі налічвае ўжо каля 7 тысячагоддзяў. Першыя звесткі аб тым, што людзі займаюцца саляным промыслам, адносяцца да V ст. да н. э. Падчас археалагічных раскопак у Аўстрыі былі знойдзеныя саляныя капальні, дзе мінерал здабывалі ўжо ў бронзавым стагоддзі. На працягу доўгага часу здабыча солі была нялёгкай працай і да пачатку XX ст. ажыццяўлялася ўручную: рыдлёўкі, кіркі і тачкі былі адзінымі прыладамі вытворчасці.

iconСвет і Беларусь. Як на тэрыторыі Беларусі з’явіліся радовішчы кухоннай солі?

Магній у водах Сусветнага акіяна сустракаецца пераважна ў выглядзе хлорыстых і ў меншай ступені сернакіслых злучэнняў. Маштабную здабычу магнію з марской вады вядуць Вялікабрытанія, Францыя, ЗША, Італія, Туніс, Ізраіль, Канада, ФРГ, Мексіка. Марская здабыча забяспечвае каля 60 % сусветнай прадукцыі магнію. Ён шырока ўжываецца ў авіябудаванні, падводным суднабудаванні, вытворчасці вогнетрывалых матэрыялаў, цэменту і іншых галінах вытворчасці.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце дзяржавы, якія вядуць маштабную здабычу магнію з марской вады.

Калій з марскіх вод сталі здабываць у гады Першай сусветнай вайны ў раёне Эльзаса (97 % сусветнай вытворчасці ў пачатку ХХ ст.). Найбуйнейшым вытворцам калійных солей з’яўляецца Японія (больш за 10 тыс. т калію ў год).

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце дзяржавы, якія вядуць здабычу калію з марской вады.

Вывучэнне і прамысловае асваенне патэнцыялу марской вады рэгулююцца Канвенцыяй ААН па марскім праве, прынятай у 1982 г.