§ 20-2. ГЕАГРАФІЯ МІНЕРАЛЬНЫХ РЭСУРСАЎ СУСВЕТНАГА АКІЯНА

Значэнне мінеральных рэсурсаў Сусветнага акіяна для развіцця сусветнай гаспадаркі. Значэнне Сусветнага акіяна для ўсяго свету няўхільна расце. Сучасны этап развіцця чалавецтва характарызуецца пашырэннем эканамічнай і навуковай дзейнасці на кантынентальным шэльфе і дне Сусветнага акіяна, выкарыстаннем іх рэсурснага патэнцыялу ў прамысловай вытворчасці.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Успомніце імёны навукоўцаў, якія даследавалі Сусветны акіян, і іх адкрыцці.

Ужо цяпер ВУП умоўнай дзяржавы «Сусветны акіян» набліжаецца да 3 трлн дол. У перспектыве — да 2050 г. — дадзеная адзнака можа павялічыцца ў 2–2,5 раза. Таму асваенне мінеральных рэсурсаў Сусветнага акіяна становіцца найважнейшым напрамкам сусветнай эканомікі.

iconПаразважаем. Чаму паміж дзяржавамі свету ідзе барацьба за асваенне шэльфа Сусветнага акіяна?

Сусветны акіян уяўляе сабой вялізную кладоўку мінеральных багаццяў. Карысныя выкапні ў яго межах заключаны ў двух розных асяроддзях — непасрэдна ў акіянічнай воднай масе як асноўнай частцы гідрасферы і ў зямной кары, што знаходзіцца пад ёй, як частцы літасферы.