§ 20-1. АСАБЛІВАСЦІ ГЕАГРАФІІ І РАЗВІЦЦЯ ГОРНАЗДАБЫВАЮЧАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ

Геаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя асаблівасці развіцця горназдабываючай прамысловасці. Першыя дакументальныя ўспаміны пра развіццё горназдабываючай галіны былі знойдзены ў старажытных летапісах. Адной з самых тэхнічна развітых краін у гэтым плане быў Егіпет.

Вялікі прарыў у сусветнай горназдабываючай прамысловасці адбыўся ў XV–XVI стст., калі мадэрнізаваліся спосабы здабычы карысных выкапняў. Да гэтага часу вяліся толькі паверхневыя распрацоўкі радовішчаў, але яны хутка спусташаліся. Быў вынайдзены конны прывод (мал. 139-9) — першая ў свеце тэхніка, якая не мела патрэбу ў чалавечай працы. Але галоўным прарывам з’явілася выкарыстанне вады як рухаючай сілы. Дзякуючы гэтаму руднікі сталі дасягаць глыбіні ў 150 м. У той час гэта было вялікае дасягненне.

img
Мал. 139-9. Горназдабываючая прамысловасць з выкарыстаннем коннага прывода

Горназдабываючая прамысловасць з’яўляецца адной з вядучых галін глабальнай эканомікі. Па даных брытанскай газеты «Financial Times», гэтая галіна традыцыйна займае 5-е месца ў свеце па даходах услед за банкаўскім сектарам, нафтагазавай, фармацэўтычнай і камп’ютарнай прамысловасцю. Ні адна краіна свету не валодае поўным наборам усіх відаў мінеральнай сыравіны. Аднак вылучаецца некалькі краін з найбольшай колькасцю відаў здабываемых мінеральных рэсурсаў (мал. 139-10).

img
Мал. 139-10. Краіны — лідары ў свеце па колькасці здабываемых мінеральных рэсурсаў, адзінкі

Асноўным спажыўцом прадукцыі сусветнай горназдабываючай прамысловасці з’яўляецца Кітай.

Некаторыя высокаразвітыя краіны (напрыклад, ЗША, Канада, Аўстралія) валодаюць буйнымі запасамі карысных выкапняў, з’яўляюцца нават сусветнымі лідарамі па здабычы асобных відаў сыравінных рэсурсаў. Тым не менш у развітых краінах доля здабываючых галін ва ўсёй прамысловай вытворчасці ў сярэднім складае 2 %, а ў краінах, якія развіваюцца, — 14 %.

Найбуйнейшымі ТНК у горназдабываючай прамысловасці з’яўляюцца BHP Billiton (Аўстралія/Вялікабрытанія), Vale (Бразілія), Rio Tinto (Аўстралія/Вялікабрытанія) і China Shenhua Energy (Кітай).