§ 20-1. АСАБЛІВАСЦІ ГЕАГРАФІІ І РАЗВІЦЦЯ ГОРНАЗДАБЫВАЮЧАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ

Мінеральна-сыравінныя рэсурсы вядучых краін свету. Усе вядучыя развітыя дзяржавы свету, а таксама Кітай і Расія ўваходзяць у спіс галоўных сыравінных дзяржаў свету, паколькі іх уклад у агульнасусветную здабычу карысных выкапняў і ў вытворчасць з іх сыравіннай прадукцыі вельмі высокі.

Галіны цяжкай прамысловасці ЗША, краін ЕС і Японіі, нягледзячы на постіндустрыяльную стадыю развіцця, займаюць вядучыя пазіцыі ў свеце па вытворчасці чорных і каляровых металаў. Пры гэтым дадзеныя краіны ў асноўным працуюць на імпартнай сыравіне, у той час як Кітай і Расія, а таксама іншыя краіны, якія развіваюцца, у максімальнай ступені выкарыстоўваюць уласную мінеральна-сыравінную базу.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Пасля Другой сусветнай вайны прамысловасць Японіі знаходзілася ў крызісным стане. Але ўжо пачынаючы з 1950-х гг. урадам быў узяты курс на развіццё многіх галін з упорам на будаўніцтва прадпрыемстваў з прымяненнем самых навейшых на той момант тэхналогій. Першапачаткова металургічныя камбінаты Японіі камплектаваліся выключна імпартным абсталяваннем, толькі паступова, з развіццём уласнага машынабудавання, японцы пачалі прымяняць сваю тэхніку, прычым яна была шмат у чым лепшай за замежныя аналагі.
У сувязі з тым што Японія практычна не мае сваіх сыравінных рэсурсаў, была распрацаваная стратэгія развіцця металургічнага комплексу, асноўным напрамкам якой стала энерга- і рэсурсазберажэнне. У гэтай сферы пачалі прымяняцца розныя інавацыйныя рашэнні, якія дазволілі больш чым на трэць знізіць спажыванне электраэнергіі металургічнымі прадпрыемствамі.