§ 20-1. АСАБЛІВАСЦІ ГЕАГРАФІІ І РАЗВІЦЦЯ ГОРНАЗДАБЫВАЮЧАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ

Роля мінеральна-сыравінных рэсурсаў у прамысловасці. Мінеральна-сыравінныя рэсурсы Зямлі складаюць аснову сучаснага існавання і развіцця чалавецтва. Мінеральна-сыравінныя рэсурсы ў нашы дні сталі адным з вядучых геапалітычных фактараў. Іх роля ў эканоміцы вядучых краін свету становіцца ўсё больш значнай, нягледзячы на глабалізацыю і неабходнасць устойлівага развіцця чалавецтва.

У эканоміцы любой краіны (у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у навуковых даследаваннях) прымяняецца больш за 100 са 110 элементаў, якія сустракаюцца ў прыродзе і атрымліваюцца штучна і ўтвараюць у сукупнасці больш за 4000 самастойных мінералаў і іх разнавіднасцей.

iconСвет і Беларусь. Запасы якіх мінеральна-сыравінных рэсурсаў ёсць у Рэспубліцы Беларусь?

У табліцы 13* прыведзены віды мінеральнай сыравіны, якія прымяняюцца ў сусветнай гаспадарцы.

Табліца 13*. Выкарыстанне мінеральнай сыравіны ў сусветнай гаспадарцы

Комплексы Мінеральныя кампаненты
Галоўныя Дапаможныя
I. Паліўна-энергетычны Нафта, газ, вугаль, гаручыя сланцы, торф, уран, торый, геатэрмальная энергія, біяэнергетыка, энергія рэк, мораў і акіянаў, энергія ветру, сонечная і касмічная энергія Сера, рэдкія металы і рассеяныя элементы
II. Металургічны Чорныя, каляровыя, рэдкія і легіравальныя металы, рэдказямельныя і рассеяныя элементы Сера, апатыты, флюарыт, барыт, слюда
III. Аграхімічны Фасфаты, калійныя солі, нітраты, сера, карбанаты, цэаліты, бентаніты Рэдкія металы і рассеяныя элементы, будаўнічыя матэрыялы
IV. Водагаспадарчы Воды, расолы, ёд, бром, стронцый, россыпы цяжкіх металаў Рэдкія металы, сапрапель, торф, вівіяніты, солі магнію, калію
V. Тэхнагенны комплекс і сінтэтычныя матэрыялы Адвалы бедных руд і раскрыўных парод, вугальныя тэрыконы, хвасты (адходы ўзбагачэння) руд, штучныя кварцы і алмазы Металургічныя шлакі, другасная сыравіна, штучная самацветная сыравіна
VI. Валютны мінеральны комплекс Золата, срэбра, плаціноіды, алмазы, каштоўныя камяні Вырабныя і паўкаштоўныя камяні

iconСвет і Беларусь. Якое паходжанне маюць мінеральна-сыравінныя рэсурсы ў Рэспубліцы Беларусь? У межах якой тэктанічнай структуры адзначаецца найбольшая колькасць радовішч карысных выкапняў?

iconКлуб знаўцаў-географаў. У канцы 80-х гг. XX ст. савецкія навукоўцы выявілі павялічаныя ў параўнанні з іншымі абласцямі паказчыкі захворвання інфекцыйнымі хваробамі сярод жыхароў Курскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Пасля шматлікіх скарг было ініцыіравана спецыяльнае даследаванне. У выніку медыкі ўстанавілі прычыну, па якой у жыхароў рэгіёна значна аслабляецца імунітэт. І такой прычынай аказалася Курская магнітная анамалія.