§ 19-1. БУДУЧЫНЯ ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ І РАЗВІЦЦЯ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ СВЕТУ

Сусветныя выклікі ў забеспячэнні харчовай бяспекі і развіцці сельскай гаспадаркі. Чалавецтва сутыкаецца з чатырма асноўнымі выклікамі.

1. Рост насельніцтва, даходаў і паскораная ўрбанізацыя ў XXI ст. вядзе да павышэння попыту на прадукты харчавання і змянення харчовых густаў чалавека ў бок павелічэння спажывання прадуктаў жывёльнага паходжання.

Напрыклад, доля мяса і малочных прадуктаў у рацыёне харчавання людзей на фоне эканамічнага росту павялічваецца, а збожжавых прадуктаў — зніжаецца. Гэта выклікае занепакоенасць чалавецтва ўстойлівасцю і якасцю рацыёнаў харчавання. Асабліва гэта характэрна для краін з высокім узроўнем даходаў, дзе назіраецца рэзкі рост атлусцення не толькі сярод дарослых, але і сярод дзяцей (мал. 139-1).

img
Мал. 139-1. Распаўсюджанасць атлусцення сярод дзяцей і дарослых, 2018 г., па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, %

Заўвага. Рэгіёны разбітыя на групы па ўзроўні даходаў, згодна вызначэнні СААЗ. Дзеці і падлеткі — узроставая група ў дыяпазоне 5-18 гадоў, дарослыя — старэйшыя за 18 гадоў.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Непаўнавартаснае харчаванне ва ўсіх яго праяўленнях уключае недастатковае харчаванне (вядзе да знясілення, затрымкі росту і зніжанай маса цела), недахоп вітамінаў або мінералаў, залішнюю вагу, атлусценне і абумоўленыя харчаваннем неінфекцыйныя захворванні.
Ад залішняй вагі або атлусцення пакутуюць 1,9 млрд дарослых, пры гэтым у 462 млн чал. — паніжаная маса цела. 52 млн дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў пакутуюць ад знясілення, прычым 17 млн — ад цяжкай яго формы. У 155 млн выяўлена затрымка развіцця, а ад залішняй вагі або атлусцення пакутуе 41 млн дзяцей. Прыкладна 45 % выпадкаў смерці дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў звязаны з недастатковым харчаваннем. Такая карціна назіраецца ў асноўным у найменш развітых краінах.

2. Хранічная галеча, няроўнасць і беспрацоўе абмяжоўваюць доступ да харчавання і таксама перашкаджаюць дасягненню харчовай бяспекі. Нягледзячы на значны прагрэс у скарачэнні маштабаў голаду ў апошнія гады, больш за 821 млн людзей усё яшчэ хранічна галадаюць. Ацэнкі ФАО прагназуюць, што пастаяннае недаяданне захаваецца і ў будучыні.

Больш за 2 млрд людзей пакутуюць ад розных форм дэфіцыту пажыўных мікраэлементаў. Пацвярджэннем гэтаму выступаюць два факты.

Па-першае, больш за 600 млн жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту ўсё яшчэ пакутуюць ад анеміі, частай прычынай якой з’яўляецца недахоп жалеза ў арганізме. Па-другое, сотні тысяч дзяцей штогод слепнуць з-за дэфіцыту вітаміна A. Гэта павялічвае галечу і адсутнасць харчовай бяспекі.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Са школьнага курса біялогіі ўспомніце, да якіх захворванняў прыводзіць дэфіцыт вітамінаў і мінералаў у чалавека.

3. Пашырэнню вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі перашкаджаюць недахоп і зніжэнне якасці зямельных і водных рэсурсаў. Віды вырабленых прадуктаў і магчымасць задавальнення патрэб насельніцтва ў харчаванні, якія растуць і змяняюцца, будуць залежаць ад наяўнасці і прадукцыйнасці рэсурсаў, асабліва зямельных і водных.

Гэтыя рэсурсы ўжо цяпер адчуваюць павышаную нагрузку ў галіне спажывання (мал. 139-2).

img
Мал. 139-2. Выкарыстанне прэснай вады, па даных ФАО, 2017 г., у % ад агульнага аб’ёму аднаўляльных рэсурсаў

Заўвага. Краіны лічацца падвержанымі воднаму стрэсу, калі спажываюць больш за 25 % аднаўляльных рэсурсаў прэснай вады на сваёй тэрыторыі. Краіны набліжаюцца да фізічнага недахопу вады, калі спажываюць звыш 60 % сваёй вады, і сутыкаюцца з моцным фізічным дэфіцытам вады, калі спажываюць звыш 75 %.

4. Змяненне клімату ўсё мацней адбіваецца на ўраджайнасці і жыцці ў сельскіх раёнах, у той час як вытворчасць прадуктаў харчавання і прадукцыі сельскай гаспадаркі працягвае заставацца крыніцай выкідаў парніковых газаў.

Такім чынам, сельскую гаспадарку неабходна адаптаваць да змянення клімату, а змяненне клімату ў сваю чаргу неабходна змякчаць.