§ 19. ХАРЧОВАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ КРАІН СВЕТУ І ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ

Як вымераць харчовую бяспеку. Для аналізу вырашэння праблемы голаду ў свеце і параўнання харчовай сітуацыі па краінах існуюць пэўныя паказчыкі. Дэталёвую карціну ў галіне харчовай бяспекі па ўсіх краінах свету штогод паказвае Глабальны індэкс харчовай бяспекі (The Global Food Security Index).

Для яго разліку выкарыстоўваюцца чатыры групы паказчыкаў: 1) даступнасць прадуктаў харчавання; 2) наяўнасць і дастатковасць прадуктаў харчавання; 3) якасць прадуктаў харчавання; 4) прыродныя рэсурсы і ўстойлівасць.

Па даных за 2019 г., да ліку краін з высокай ступенню харчовай бяспекі аднесены Сінгапур, Ірландыя, ЗША, Швейцарыя і Фінляндыя (мал. 139). Найбольш неабароненымі ў плане харчовай бяспекі ў цяперашні час з’яўляюцца Венесуэла, Бурундзі, Емен, ДР Конга, Чад.

img
Мал. 139. Глабальны індэкс харчовай бяспекі па краінах свету, 2019 г.

icon Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны з найбольшай і найменшай ступенню харчовай бяспекі.