§ 18-1. СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА — НАЙВАЖНЕЙШЫ ФАКТАР ВЫРАШЭННЯ ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ

Новы погляд на сельскую гаспадарку свету і яе геаграфію ў ХХІ ст. Глабальныя і рэгіянальныя асаблівасці. Сельская гаспадарка свету ў ХХІ ст. развіваецца на прынцыпах устойлівага развіцця.

icon Устойлівае развіццё сельскай гаспадаркі (УРСГ) — гэта такое яе развіццё, якое ўносіць уклад у павышэнне эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў, устойлівасці да неспрыяльных знешніх уздзеянняў у мэтах забеспячэння паўнавартаснага харчавання для ўсіх цяпер і ў будучыні.

Канчатковай мэтай устойлівага развіцця сельскай гаспадаркі з’яўляецца забеспячэнне харчовай бяспекі і харчавання насельніцтва (мал. 128-1).

img
Мал. 128-1. Схема ўзаемасувязей паміж устойлівым развіццём сельскай гаспадаркі (УРСГ) і харчовай бяспекай і харчаваннем (ХБХ)

Традыцыйна праблемы харчовай бяспекі былі звязаныя з забеспячэннем агульнай каларыйнасці рацыёну. Аднак сёння асноўную заклапочанасць выклікае так званы «трайны цяжар» непаўнавартаснага харчавання (мал. 128-2). Так, голад закранае каля 800 млн чал. па ўсім свеце. Людзей, на якіх негатыўна ўплывае пераяданне, больш, чым людзей, якія пакутуюць ад голаду.

img
Мал. 128-2. «Трайны цяжар» харчовай бяспекі свету

Паводле ацэнак СААЗ, звыш 1,9 млрд чал. ва ўзросце 18 гадоў і старэйшых (39 % колькасці сусветнага насельніцтва ў дадзенай узроставай групе) маюць залішнюю масу цела, а 600 млн з іх (33 %) пакутуюць ад атлусцення. Дэфіцыт мікранутрыентаў адчуваюць прыблізна 2 млрд чал. у свеце.

Сучасныя тэндэнцыі развіцця сельскай гаспадаркі свету звязаны са змяненнем клімату, павелічэннем выкідаў COі грунтуюцца на прынцыпах устойлівага развіцця раслінаводства і жывёлагадоўлі.

Пад уздзеяннем змянення клімату, і ў прыватнасці яго пацяплення, адбываецца змяненне вегетацыйнага перыяду раслін і геаграфіі традыцыйнай сельскагаспадарчай спецыялізацыі (мал. 128-3).

img
Мал. 128-3. Кліматычныя зоны з улікам працягласці вегетацыйнага перыяду, 2017 г., ацэнка ФАО

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як змяненне клімату ўплывае на структуру сельскай гаспадаркі?

Павелічэнне тэмпаў росту аб’ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання ў свеце пераважна за кошт краін, якія развіваюцца, прывяло да змянення геаграфіі галоўных сельскагаспадарчых раёнаў свету. Як паказвае малюнак 128-4, найбольшымі тэмпамі росту аб’ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання характарызуюцца краіны Азіі і Лацінскай Амерыкі.

img
Мал. 128-4. Штогадовыя тэмпы росту аб’ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання, 1990–2010 гг., даныя ФАО, %

Нізкія тэмпы ўласцівы дзвюм групам краін: 1) развітым краінам з-за скарачэння аб’ёмаў спажывання прадуктаў харчавання насельніцтвам; 2) найбольш адсталым краінам Афрыкі, дзе нізкі ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця не дазваляе падтрымліваць устойлівыя аб’ёмы вытворчасці для забеспячэння патрэб насельніцтва.

iconСвет і Беларусь. Якая доля сельскай гаспадаркі ў ВУП Беларусі? Чаму развіццю сельскай гаспадаркі ў Рэспубліцы Беларусь надаецца значная ўвага з боку дзяржавы?

Пры агульным росце аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў свеце сярод краін назіраецца ўстойлівая залежнасць ад яго імпарту (мал. 128-5).

img
Мал. 128-5. Сярэднегадавая залежнасць ад імпарту прадуктаў харчавання, 2017 г., даныя ФАО, %

Як бачна на малюнку 128-5, найбольшай залежнасцю ад імпарту прадуктаў харчавання характарызуюцца краіны Афрыкі, некаторыя краіны Паўднёва-Заходняй і Цэнтральнай Азіі, якія развіваюцца. Найменш залежнымі ад імпарту прадуктаў харчавання з’яўляюцца краіны Усходняй, Паўднёва-Усходняй і Цэнтральнай Азіі і шэраг краін Паўднёвай Амерыкі (Бразілія, Аргенціна).