§ 18. ПРЫЧЫНЫ ГОЛАДУ І ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ Ў СВЕЦЕ

Міжнароднае вымярэнне голаду. Для параўнання стану голаду ў краінах свету выкарыстоўваецца Глабальны індэкс голаду (Global Hungry Index). Ён распрацаваны Міжнародным даследчым інстытутам харчовай палітыкі і ўключае тры паказчыкі: 1) долю насельніцтва, якое адчувае недахоп у харчаванні; 2) узровень знясіленасці дзяцей (доля дзяцей, якія пакутуюць ад страты вагі і затрымкі росту); 3) смяротнасць сярод дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў.

На аснове значэнняў гэтага індэкса вылучаюць пяць узроўняў голаду: вельмі небяспечны, небяспечны, сур’ёзны, сярэдні і нізкі (мал. 128). Вельмі небяспечны ўзровень голаду ў адпаведнасці з індэксам адзначаны ў цяперашні час у трох краінах — ЦАР, Чад і Емен.

img
Мал. 128. Глабальны індэкс голаду, 2019 г.

Праблема голаду мае сур’ёзныя наступствы. Яе вырашэнне з’яўляецца адным з прыярытэтаў устойлівага развіцця чалавецтва і патрабуе сумесных міжнародных дзеянняў усіх краін свету.