§ 18. ПРЫЧЫНЫ ГОЛАДУ І ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ Ў СВЕЦЕ

Геаграфія і структура харчавання насельніцтва. Геаграфічны аспект праблем голаду і недахопу харчавання звязаны з геаграфічнымі тыпамі харчавання. Амерыканскі географ Г. Кэрыел у 1960-х гг. упершыню склаў сусветную карту з вылучэннем пшанічнага, рысавага, кукурузнага, проса-соргавага і іншых тыпаў харчавання (мал. 121).

img
Мал. 121. Геаграфічныя тыпы харчавання насельніцтва (па Г. Кэрыелу), 1966 г.

Пры гэтым рацыён харчавання ў краінах свету адрозніваецца разнастайнасцю. Гэта характэрна як для развітых краін, большасць якіх размешчана ў «пшанічным» поясе (за выключэннем Японіі), так і для краін, якія развіваюцца.

Для вывучэння якасці харчавання ФАО выкарыстоўвае паказчык энергетычнай насычанасці — колькасць калорый у дзень на чалавека. Прыкладная норма харчавання для аднаго чалавека павінна складаць 2500 ккал у дзень. Гэты паказчык можа вар’іравацца ў залежнасці ад полу, узросту, віду працы, прыродна-кліматычных умоў і іншых фактараў.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Яўна выражанае недаяданне ў чалавека наступае тады, калі паказчык энергетычнай насычанасці апускаецца ніжэй за 1800 ккал у дзень, а сапраўдны голад — калі ён праходзіць крытычную адзнаку ў 1000 ккал у дзень.

icon Свет і Беларусь. Вызначыце геаграфічны тып харчавання жыхароў Рэспублікі Беларусь, выкарыстоўваючы малюнак 121. Якія змены ў рацыёне харчавання беларусаў адбыліся за апошнія дзесяць гадоў?

На працягу ХХ ст. паказчыкі харчавання насельніцтва ў свеце паляпшаліся. У 1930-х гг. сярэдняе спажыванне на аднаго чалавека складала 2100 ккал, у 1960-х гг. — 2300, у 1970-х гг. — да 2450, у 1990-х гг. — 2700 ккал у суткі. У цяперашні час сярэдняе спажыванне на чалавека ў суткі складае 2940 ккал. У свеце назіраюцца адрозненні паміж развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца, па спажываных калорыях (мал. 122). У краінах, якія развіваюцца, спажыванне ніжэй, чым у развітых. А ў краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары колькасць спажываных калорый ніжэй за біялагічную норму — 2360.

img
Мал. 122. Спажыванне калорый насельніцтвам свету і па групах краін, ккал у дзень на чалавека, 2018 г.

Паміж краінамі таксама існуюць адрозненні ў колькасці спажываных калорый. Развітыя краіны характарызуюцца высокімі паказчыкамі, якія перавышаюць і сярэдняе значэнне па свеце, і біялагічную норму (мал. 123).

img
Мал. 123. Спажыванне калорый насельніцтвам свету па краінах, ккал у дзень на чалавека, 2018 г.

Да краін з максімальнымі паказчыкамі адносяцца Бельгія (3768 ккал/дзень/чал.), Аўстрыя (3692) і Ірландыя (3717). Сярод краін, якія развіваюцца, вылучаецца група з мінімальнымі значэннямі ў свеце. Гэта Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка (1758 ккал/дзень/чал.), Мадагаскар (1900) і КНДР (2020). Менавіта яны ўтвараюць асноўную групу краін у свеце з праблемай голаду.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Непаўнацэннасць харчавання жыхароў многіх краін, якія развіваюцца, звязана не толькі з недахопам калорый. У іх рацыёне звычайна недастаткова бялкоў жывёльнага паходжання, вітамінаў С, В, кальцыя і г. д. У рысасеючых краінах мусоннай Азіі адзначаецца вялікі дэфіцыт пратэіна жывёльнага паходжання (мяснога, малочнага, яечнага, рыбнага). Бялкі, што ўтрымліваюцца ў збожжы, пазбаўлены некаторых важных амінакіслот. У выніку ў жыхароў Паўднёва-Усходняй Азіі можа ўзнікнуць хвароба беры-беры.