§ 18. ПРЫЧЫНЫ ГОЛАДУ І ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ Ў СВЕЦЕ

Прыродныя, сацыяльна-эканамічныя і палітычныя прычыны голаду ў свеце. На працягу гісторыі свайго развіцця чалавецтва ў розныя перыяды сутыкалася з праблемай голаду. Голад як сацыяльнае бедства абрушваўся на масы людзей у старажытнасці, Сярэдневякоўі, у перыяды Новай і Навейшай гісторыі.

Для таго каб разабрацца ў прычынах голаду, неабходна высветліць, што разумеюць пад гэтай з’явай.

icon Голад (або хранічнае недаяданне) — умовы, пры якіх з прывычнай штодзённай колькасцю ежы чалавек не атрымлівае дастаткова энергіі ў калорыях для падтрымання актыўнага, здаровага жыцця.

img
Мал. 117. Вялікі голад у Еўропе, XIV ст.

Голад у чалавека наступае, калі спажыванне калорый ніжэй за мінімальную патрэбнасць у энергіі ў рацыёне харчавання. Прычыны голаду мяняліся ў гісторыі чалавецтва і залежалі ад розных фактараў.

icon Клуб знаўцаў-географаў. У міфалогіі індзейцаў Цэнтральнай Амерыкі існавала бажаство голаду. Аж да XIV–XV стст. голад забіраў мільёны людзей. У Англіі, напрыклад, у 1005–1322 гг. было зафіксавана 36 галодных эпідэмій (мал. 117). Развіццё гандлю, паляпшэнне спосабаў захоўвання збожжа, удасканаленне транспарту аблягчалі жыццё насельніцтва ў неўраджайныя гады і часткова ратавалі ад заўчаснай смерці.

icon Паразважаем. Што вы ведаеце аб галадаморы ва Украіне ў 1932–1933 гг.?

icon Свет і Беларусь. Успомніце з гісторыі Беларусі, у якія гады быў голад у нашай краіне. Назавіце прычыны гэтага.

У цяперашні час выдзяляюць восем прычын голаду (мал. 118). Яны маюць гістарычны, эканамічны, сацыяльна-дэмаграфічны, палітычны і прыродна-кліматычныя аспекты.

img
Мал. 118. Прычыны голаду ў свеце

1. Адсталасць краін трэцяга свету. Сельская гаспадарка большасці краін, якія развіваюцца, не адпавядае навуковаму і тэхнічнаму ўзроўню сусветнай гаспадаркі канца XX — пачатку XXI ст.

2. Каланіяльнае мінулае дзяржаў, якія развіваюцца. У былых калоніях лепшыя ворныя землі адводзіліся пад плантацыі экспартных культур, якія не забяспечвалі харчаваннем мясцовае насельніцтва. Большасць цяперашніх ТНК, якія валодаюць плантацыямі, таксама не зацікаўлены ў змяненнях структуры пасеваў для скарачэння голаду ў краінах, якія сталі незалежнымі.

3. Некантралюемы рост насельніцтва ў краінах, якія развіваюцца. Напрыклад, калі штогадовы рост колькасці насельніцтва свету складае 1,1 %, то ў краінах, якія развіваюцца, ён у два разы большы — 2,3 %.

img
Мал. 119. Жыццё ў зоне Сахеля

icon Клуб знаўцаў-географаў. Афрыка мае вялікую плошчу ўрадлівых зямель, а яе клімат дазваляе збіраць да трох ураджаяў у год. Аднак кантынент літаральна зводзіць канцы з канцамі па прычыне надзвычай высокай нараджальнасці і нізкага ўзроўню развіцця земляробства. Да прыбыцця еўрапейцаў у зоне Сахеля, на поўдні Сахары, пражывала ад 10 да 20 млн чал. Сёння іх 180 млн чал. (мал. 119).

4. Высокія тэмпы ўрбанізацыі ў краінах, якія развіваюцца, прыводзяць не толькі да росту патрэб у харчаванні, але і да змянення рацыёну харчавання насельніцтва. Так, калі штогадовы рост колькасці гарадскога насельніцтва ў свеце ў цэлым складае 1,1 %, то ў найбольш адсталых краінах — 2,8 %.

5. Наступствы геаэкалагічных крызісаў, у асаблівасці эрозіі глеб і апустыньвання, якія вызначаюць маштабы недавытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, у першую чаргу ў Афрыцы. Апустыньванне ахапіла сёння тэрыторыі больш за 20 дзяржаў гэтага рэгіёну.

6. Войны ў краінах, якія развіваюцца. Палітычная нестабільнасць і звязаныя з канфліктамі перамяшчэнні насельніцтва выклікаюць харчовы крызіс. Прадукты харчавання часта становяцца недаступнымі для людзей.

img
Мал. 120. Голад у Емене

icon Клуб знаўцаў-географаў. Краінамі, дзе ў выніку сучасных войнаў насельніцтва ў найбольшай ступені сутыкаецца з голадам, з’яўляюцца Емен, ДР Конга, Афганістан, Сірыя і Паўднёвы Судан. Напрыклад, у Емене асноўная прычына голаду — гэта вайна з Саудаўскай Аравіяй з 2014 г. Пасля пяці гадоў баявых дзеянняў 80 % жыхароў адчуваюць востры недахоп у харчаванні. Сітуацыя з голадам у Емене ацэньваецца як найгоршы гуманітарны крызіс цяперашняга часу (мал. 120).

icon Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны, дзе насельніцтва ў большай ступені сутыкаецца з праблемай голаду.

7. Унутраныя канфлікты і тэрарызм у краінах, якія развіваюцца, у выніку чаго адбываюцца маштабныя ўнутраныя перамяшчэнні насельніцтва. Напрыклад, у Нігерыі з 2009 г. здараюцца сутыкненні паміж урадавымі войскамі і ісламісцкай групоўкай, якая выкрадае фермераў, спальвае іх ураджай і інш.

8. Змяненні клімату. З-за экстрэмальных паводак і засух людзі атрымліваюць недастатковую колькасць ураджаю, і лік галадаючых расце.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Па даных ААН, 2 млн самалійцаў апынуліся на мяжы голаду з-за засухі 2019 г. Па ацэнках кліматолагаў, суш у гэтай краіне стала самай пагібельнай за апошнія 35 гадоў. Становішча пагоршылі ўдары цыклона «Ідай», які прыйшоў з Індыйскага акіяна ў тым жа годзе. Засуха 2019 г. практычна прымусіла галадаць насельніцтва ДР Конга, дзе адначасова са стыхійным бедствам разгарнулася эпідэмія ліхаманкі Эбола. Краінамі, дзе ў выніку прыродных стыхій насельніцтва ў найбольшай ступені сутыкаецца з голадам, з’яўляюцца Эфіопія, Зімбабвэ, Малаві, Кенія.

Асноўнымі прычынамі голаду насельніцтва свету ў 2019 г., па ацэнках Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО), з’яўляліся войны і кліматычныя змяненні.