§ 17-3. УРБАНІЗАЦЫЯ І ПРАБЛЕМА ЯКАСЦІ ЖЫЦЦЯ НАСЕЛЬНІЦТВА Ў ГАРАДАХ СВЕТУ

Геаграфічныя адрозненні ў якасці жыцця насельніцтва гарадоў свету. Калі разгледзець якасць жыцця насельніцтва ў гарадах з выкарыстаннем асобных паказчыкаў, то атрымаецца наступная карціна.

Па аб’ёме ўнутранага валавога прадукту ў свеце ў першую дзясятку ўваходзяць гарады пераважна развітых краін (табл. 6*). Як бачна, у першай тройцы знаходзяцца буйныя гарады па колькасці насельніцтва, размешчаныя ў эканамічна развітых краінах. Разам з тым у рэйтынгу можна заўважыць найбуйнейшы эканамічны цэнтр свету — Шанхай, а таксама Сеул і Маскву.

Табліца 6*. Гарады — лідары свету па агульным аб’ёме валавога ўнутранага прадукту, 2017 г.

Назва горада Краіна ВУП, млрд дол. Плошча, км2
1 Токіа Японія 1520 2187,6
2 Нью-Ёрк ЗША 1210 1,213
3 Лос-Анджэлес ЗША 789,7 1,302
4 Сеул Рэспубліка Карэя 779,3 605,21
5 Лондан Вялікабрытанія 731,2 1,570
6 Парыж Францыя 669,2 105,4
7 Осака Японія 654,8 552,26
8 Чыкага ЗША 524,6 606,1
9 Масква Расія 520,1 2510
10 Шанхай Кітай 516,5 6340,5

iconПаразважаем. Токіа з’яўляецца адным з цэнтраў сусветнай эканомікі і лідарам па агульным аб’ёме ВУП. Устанавіце ўзаемасувязь аб’ёму ВУП з найбуйнейшымі ТНК. Якія найбуйнейшыя ТНК размешчаны ў Токіа?

Па паказчыку ВУП на душу насельніцтва ў рэйтынгу прадстаўлены іншыя гарады свету (мал. 116-27).

img
Мал. 116-27. Вядучыя гарады ў свеце па аб’ёме ВУП на душу насельніцтва (па ППЗ), дол.

У першай тройцы — гарады, невялікія па колькасці насельніцтва, але з вельмі ўплывовымі эканамічнымі пазіцыямі ў свеце і ў сваіх краінах. Гэта Цюрых (Швейцарыя), Осла (Нарвегія) і Сан-Хасэ (ЗША).

icon

Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце гарады свету, якія ўваходзяць у тройку лідараў па паказчыку ВУП на душу насельніцтва.

У другой частцы свету побач з «полюсам» звышбагатых гарадоў з вялікімі аб’ёмамі даходаў насельніцтва размяшчаецца полюс галечы і гарадской неўладкаванасці. Гэта так званы «адваротны бок урбанізацыі» або «твар урбанізацыйнай беднасці» новага тысячагоддзя. Так называюць у свеце трушчобнае гарадское рассяленне (мал. 116-28, 116-29).

img
Мал. 116-28. Ніямей — сталіца Нігера
img
Мал. 116-29. Лілонгве — сталіца Малаві

У свеце па-ранейшаму захоўваецца высокая доля гарадскога насельніцтва, якое пражывае ў трушчобах,  — 29,7 %, г. зн. практычна кожны трэці гарадскі жыхар свету. На карце свету застаюцца краіны, дзе больш за палову ўсіх гарадскіх жыхароў пражываюць у трушчобах. Гэта Мазамбік (80 %), ДР Конга і Мадагаскар (па 77 %), Гаіці (74 %), Нігер (70 %), Малаві (67 %), Буркіна-Фасо (66 %), Бенін (62 %), Ямайка (61 %) і інш. У гэтым спісе дамінуюць краіны Афрыкі. У рэгіёне на поўдзень ад Сахары 56 % усяго гарадскога насельніцтва жывуць у трушчобах.

iconПаразважаем. Кібера — прыгарад кенійскай сталіцы Найробі — найбуйнейшыя трушчобы Афрыкі. Халупы з кавалкаў шыферу і кардону пакрываюць пагоркі ў 5 км ад цэнтра, а дакладны лік мясцовых жыхароў невядомы: паводле ацэнак розных арганізацый, гэтая лічба вагаецца ад 200 тыс. да 2 млн чал. Паселішча існуе ўжо амаль сотню гадоў — яно ўтварылася ў 20-х гг. мінулага стагоддзя, калі мігранты з рэзервацый перасяляліся ў сталіцу ў пошуках працы. Сёння яны жывуць на 1 дол. у дзень у дамах без вады і каналізацыі. Электрычнасць ёсць толькі ў 20 % насельніцтва, а тэлевізар і радыё — і ўвогуле ў адзінак. Вялікія сем’і туляцца ў маленькіх пакоіках, за гэта жыллё яны плацяць 6-10 дол. у месяц. Чаму, нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, насельніцтва вымушана было перасяляцца ў горад?

Аднак за апошнія 15-20 гадоў у свеце дасягнуты пэўны поспех у вырашэнні праблемы трушчобнага рассялення. Доля насельніцтва, што пражывае ў трушчобах, скарачаецца.

У першую дзясятку па якасці жыцця, паводле рэйтынгу кансалтынгавага агенцтва Mercer, увайшлі невялікія па колькасці насельніцтва гарады эканамічна развітых краін. Абсалютная большасць з іх — гэта еўрапейскія гарады. Першае месца, па даных за 2019 г., заняла Вена, другое — Цюрых, трэцяе — Ванкувер (табл. 7*).

Табліца 7*. Першая дзясятка гарадоў па якасці жыцця, 2019 г. (па даных кансалтынгавага агенцтва Mercer)

Ранг Назва горада Краіна
1 Вена Аўстрыя
2 Цюрых Швейцарыя
3 Ванкувер Канада
3 Мюнхен Германія
3 Окленд Новая Зеландыя
6 Дюсельдорф Германія
7 Франкфурт-на-Майне Германія
8 Капенгаген Данія
9 Жэнева Швейцарыя
10 Базэль Швейцарыя

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце дзесяць гарадоў — лідараў па якасці жыцця.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце гарады — лідары па якасці жыцця, найбольш блізка размешчаныя да меж Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з Індэксам росквіту горада ААН-Хабітат першыя пазіцыі па крытэрыі якасці жыцця занялі наступныя гарады: Токіа, Парыж, Стакгольм, Осла, Сеул, Хельсінкі, Барселона, Таронта.