§ 17-3. УРБАНІЗАЦЫЯ І ПРАБЛЕМА ЯКАСЦІ ЖЫЦЦЯ НАСЕЛЬНІЦТВА Ў ГАРАДАХ СВЕТУ

Крытэрыі класіфікацыі гарадоў свету па якасці жыцця насельніцтва. У міжнароднай практыцы існуюць асобныя паказчыкі і рэйтынгі гарадоў па шэрагу прыкмет якасці жыцця. Напрыклад, ключавым паказчыкам якасці жыцця, у тым ліку ўключаным у Індэкс чалавечага развіцця ААН, з’яўляецца памер агульнага валавога ўнутранага прадукту і аб’ём ВУП на душу насельніцтва ў гарадах.

Яшчэ адзін крытэрый, які вызначае якасць жыцця насельніцтва, — гэта беднасць. Беднасць мае шмат паказчыкаў для ацэнкі, напрыклад доля насельніцтва з даходам менш за 1 дол. у дзень, колькасць і доля насельніцтва, якое спажывае менш за 2700 ккал у дзень.

Найбольш поўны пералік індыкатараў якасці жыцця з далейшай ацэнкай распрацоўвае на працягу апошніх 10 гадоў вядучае кансалтынгавае агенцтва свету Mercer. Гэтым агенцтвам улічваюцца 39 розных паказчыкаў па 10 крытэрыях (мал. 116-25). За кропку адліку са 100 баламі ў рэйтынгу якасці жыцця ў гарадах прыняты Нью-Ёрк.

img
Мал. 116-25. Крытэрыі і паказчыкі якасці жыцця насельніцтва ў гарадах свету (па ацэнцы агенцтва Mercer)

У Праграме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па населеных пунктах (ААН-Хабітат) прадстаўлены комплексны індэкс развіцця горада, які называецца Індэкс росквіту горада (City Prosperity Index). Індэкс росквіту горада складаецца з пяці вымярэнняў (мал. 116-26), якія характарызуюць якасць жыцця і ўстойлівасць развіцця горада. У гэтым індэксе асобным крытэрыем вылучаецца якасць жыцця. Яна вымяраецца, у сваю чаргу, трыма крытэрыямі: адукацыя, здароўе, гарадская прастора.

img
Мал. 116-26. Крытэрыі Індэкса росквіту горада (па ацэнцы ААН-Хабітат)