§ 17-3. УРБАНІЗАЦЫЯ І ПРАБЛЕМА ЯКАСЦІ ЖЫЦЦЯ НАСЕЛЬНІЦТВА Ў ГАРАДАХ СВЕТУ

Перадумовы праблемы якасці жыцця насельніцтва ў гарадах свету. Якасць жыцця — гэта складаны і адначасова абагульняючы індыкатар, які адлюстроўвае ў цэлым узровень сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Якасць жыцця вызначае ўзровень і магчымасці чалавечага патэнцыялу той ці іншай супольнасці людзей і таму становіцца адным з ключавых рэсурсаў сучаснага развіцця.

Катэгорыя «якасць жыцця» з’явілася ў сярэдзіне ХХ ст. у сувязі са спробамі мадэлявання постіндустрыяльнага развіцця. Тэрмін увёў ва ўжытак амерыканскі эканаміст Дж. Гэлбрэйт у кнізе «Грамадства багацця» ў 1960 г. Пад якасцю жыцця ён разумеў магчымасць спажывання матэрыяльных даброт і паслуг. Вядомы вучоны ў галіне постіндустрыялізму Д. Бэл лічыў, што якасць жыцця — гэта паслугі і выгоды ў сферы культуры, аховы здароўя і адукацыі. На думку Э. Тофлера, якасць жыцця — гэта сукупнасць рознага роду даброт, якія чалавек атрымлівае ад грамадства.

Адну з першых спроб сістэматызаваць паказчыкі якасці жыцця ў 1961 г. прапанавалі спецыялісты ААН. Гэта сістэма ўключала наступныя крытэрыі: здароўе, спажыванне прадуктаў харчавання, адукацыя, занятасць, умовы працы, жыллёвыя ўмовы, сацыяльнае забеспячэнне, адзенне, рэкрэацыя, вольны час, правы чалавека. Пазней ААН быў распрацаваны Індэкс чалавечага развіцця (ІЧР), які выступае сёння адным з вымяральнікаў якасці жыцця насельніцтва.

iconПаразважаем. Якія паказчыкі вызначаюць ІЧР? Назавіце краіны — лідары па ІЧР.

iconСвет і Беларусь. Да якой групы дзяржаў па ІЧР адносіцца Рэспубліка Беларусь?

Жыццё насельніцтва ў гарадах эканамічна развітых краін і краін, якія развіваюцца, мае значныя адрозненні. Так, напрыклад, невысокі ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны забяспечвае аналагічны ўзровень жыцця і якасці жыцця насельніцтва ў гарадах. У шэрагу эканамічна развітых краін назіраецца істотнае расслаенне грамадства і адрозненні ва ўмовах пражывання гарадскога насельніцтва.

iconПаразважаем. Чаму ў гарадах-мільянерах з розным узроўнем эканамічнага развіцця існуюць адрозненні ў якасці жыцця насельніцтва?