§ 17. ПРАБЛЕМА МІЖНАРОДНАЙ МІГРАЦЫІ

img
Мал. 116. Замяшчальная міграцыя ў Германіі

Замяшчальная міграцыя як форма дэмаграфічнай палітыкі. У 2000 г. Аддзелам народанасельніцтва ААН быў падрыхтаваны даклад «Замяшчальная міграцыя: ці з’яўляецца яна рашэннем праблемы скарачэння колькасці і старэння насельніцтва?». Пад замяшчальнай міграцыяй у дакладзе разумеўся такі міграцыйны прырост, які кампенсуе — замяшчае — недахоп нараджэнняў, неабходных для падтрымання ў некаторы перыяд часу ў дадзенай краіне колькасці насельніцтва.

Паняцце «замяшчальная міграцыя» ўжываецца ў трох значэннях: 1) міграцыйны прырост, пры якім колькасць насельніцтва не мяняецца; 2) міграцыйны прырост, пры якім колькасць працаздольнага насельніцтва не мяняецца; 3) міграцыйны прырост, пры якім доля асоб старэйшых узростаў не павялічваецца.

Асноўнымі перадумовамі замяшчальнай міграцыі выступаюць дзве найбольш актуальныя дэмаграфічныя праблемы: 1) спыненне росту колькасці насельніцтва і яе змяншэнне (дэпапуляцыя) і 2) дэмаграфічнае старэнне.

Дадзеныя праблемы сёння характэрныя для дзвюх груп дзяржаў — эканамічна развітых краін і краін з пераходнай эканомікай. Таму ў іх найбольш актыўна абмяркоўваюцца пытанні маштабаў замяшчальнай міграцыі. У цяперашні час разлікі маштабаў праведзеныя для васьмі найбуйнейшых краін з нізкай нараджальнасцю (Германія (мал. 116), Італія, Рэспубліка Карэя, Расія, Вялікабрытанія, ЗША, Францыя і Японія).

icon Клуб географаў-знаўцаў. У краінах Еўропы ў сувязі з дэпапуляцыяй і канцэпцыяй замяшчальнай міграцыі сфарміраваліся групы экспертаў, якія настойваюць на тым, што масавая міграцыя з краін «глабальнага Поўдня» — адзінае вырашэнне праблемы дэпапуляцыі для краін «глабальнай Поўначы». Гэта пазіцыя паслядоўна падтрымліваецца некалькімі міжнароднымі арганізацыямі (Міжнародная арганізацыя па міграцыі, Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, Маскоўскі Цэнтр Карнэгі, Міжнародны валютны фонд, Група Сусветнага банка і інш.).