§ 17. ПРАБЛЕМА МІЖНАРОДНАЙ МІГРАЦЫІ

Унутрана перамешчаныя асобы і праблема бежанства ў сучасным свеце. Вялікая колькасць канфліктаў, выкліканых палітычнымі або экалагічнымі прычынамі, прыводзіць да масавых перамяшчэнняў насельніцтва ўнутры краіны.

Асаблівасць такіх перамяшчэнняў насельніцтва заключаецца ў тым, што, з’яўляючыся грамадзянамі дзяржавы і застаючыся на яе тэрыторыі, людзі знаходзяцца пад яе выключнай абаронай, нават калі дзяржава не ў сілах забяспечыць такую абарону. Таму аказанне дапамогі такім асобам з боку міжнародных органаў можа разглядацца як умяшанне ва ўнутраныя справы краіны.

Аднак у 1972 г. Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ), кіруючыся гуманнымі меркаваннямі, уключыла «асоб, перамешчаных унутры краіны», у свае праграмы ў галіне дапамогі бежанцам. Таму ў цяперашні час у шэрагу краін праблема ўнутрана перамешчаных асоб становіцца часткай міжнароднай праблемы бежанства.

icon Паразважаем. З чым звязана значнае павелічэнне колькасці бежанцаў у канцы ХХ — пачатку ХХІ ст.?

icon Унутрана перамешчаныя асобы (УПА) — асобныя людзі або групы людзей, якія былі вымушаныя пакінуць свае дамы, ратуючыся ад узброеных канфліктаў, гвалту, парушэння правоў чалавека ці прыродных катастроф, і знаходзяцца на тэрыторыі сваёй краіны.

img
Мал. 111. Дынаміка колькасці УПА у свеце, млн чал.

Галоўнай праблемай для УВКБ застаецца забеспячэнне фінансавання патрэб унутрана перамешчаных асоб. У пачатку ХХІ ст. іх агульная колькасць заставалася параўнальна пастаяннай — каля 25 млн чал. Аднак у 2007 г. дапамога аказвалася 12,8 млн УПА у 24 краінах — удвая больш, чым годам раней. Перш за ўсё гэта звязана з новай хваляй унутраных перамяшчэнняў у шэрагу краін: у Калумбіі, Іраку, Ліване, Шры-Ланцы і інш.

Паводле даных за 2020 г., колькасць унутрана перамешчаных асоб склала 41,3 млн чал. (мал. 111). Найбольш напружанымі рэгіёнамі па маштабах унутрана перамешчаных асоб з’яўляюцца Афрыка (17,8 млн чал.), Азія (13,7 млн чал.) і Лацінская Амерыка (8,1 млн чал.) (мал. 112).

img
Мал. 112. Асноўныя ачагі УПА ў свеце, чал., 2018 г.
img
Мал. 113. Краіны з найбольшай колькасцю УПА ў свеце, млн чал., 2018 г.

Сярод краін з найбольшай колькасцю УПА першае месца ў свеце займае Калумбія (7,8 млн чал.). Далей ідуць Сірыя, ДР Конга, Эфіопія і Самалі (мал. 113).

Сярод іншых краін, дзе колькасць УПА павялічваецца ў апошнія гады, вылучаюцца Емен, Нігерыя, Афганістан, Паўднёвы Судан і Судан.

icon Папрацуем з атласам. Назавіце краіны — суседзі Рэспублікі Беларусь, дзе праблемы прывялі да з’яўлення катэгорыі ўнутрана перамешчаных асоб.

Працэс пошуку людзьмі бяспечных умоў для жыцця ў апошнія гады ў шэрагу рэгіёнаў планеты актывізуецца. Урады і міжнародныя арганізацыі вымушаныя рэагаваць на сур’ёзныя выклікі, звязаныя з неабходнасцю размяшчэння бежанцаў, іх інтэграцыі ў грамадства ў месцах новага пражывання. Апублікаваныя ААН даклады на гэтую тэму сведчаць аб тым, што праблема бежанцаў у свеце становіцца больш вострай.

icon Клуб географаў-знаўцаў. У 2000 г. Генеральная Асамблея ААН абвясціла 18 снежня Міжнародным днём мігранта (мал. 114). Гэты дзень быў выбраны таму, што ў 1990 г. менавіта 18 снежня была прынятая Міжнародная канвенцыя аб абароне правоў усіх працоўных-мігрантаў і членаў іх сем’яў. Тэмай Міжнароднага дня мігранта 2019 г. былі гісторыі аб сацыяльнай згуртаванасці міжнародных мігрантаў. Для гэтага Міжнародная арганізацыя па міграцыі распрацавала платформу «Я — мігрант» (мал. 115), на якой можна знайсці рэальныя гісторыі з жыцця гэтай катэгорыі людзей.

img
Мал. 114. Лагатып Міжнароднага дня мігранта 2019 г.
img
Мал. 115. Стартавая старонка платформы «Я — мігрант»