§ 17. ПРАБЛЕМА МІЖНАРОДНАЙ МІГРАЦЫІ

Глабальны характар і наступствы міжнароднай міграцыі. З канца ХХ ст. міжнародная міграцыя насельніцтва набывае глабальны характар. Яна мае шэраг адметных асаблівасцей, якія не назіраліся ў свеце да сярэдзіны ХХ ст. Да іх адносяцца наступныя.

1. Адбываецца хуткі рост колькасці міжнародных мігрантаў.

2. У міграцыйны рух уцягнутыя ўсе краіны, а на палітычнай карце свету практычна не засталося дзяржаў, якія не ўдзельнічаюць у міграцыйным абмене.

3. Стаў адзіным рынак працоўнай сілы, і ў насельніцтва большасці краін з’явілася магчымасць працаваць у іншай краіне. У выніку працоўная міграцыя стала асноўным відам міжнароднай міграцыі.

4. У міграцыйным руху ўдзельнічаюць усе ўзроставыя групы насельніцтва — ад дзяцей да пажылых людзей.

5. Значна павялічылася актыўнасць жанчын у міжнароднай міграцыі.

6. З-за рэгіянальных палітычных канфліктаў і сацыяльна-эканамічнай нестабільнасці ў краінах, якія развіваюцца, узраслі маштабы нелегальнай міграцыі і бежанства.

7. З-за змяненняў клімату і пагаршэння навакольнага асяроддзя з кожным днём у свеце ўзрастае колькасць насельніцтва, якое ўдзельнічае ў кліматычнай і экалагічнай міграцыі.

8. Масавыя міжнародныя перамяшчэнні насельніцтва ў ХХІ ст. ствараюць устойлівыя патокі грашовых пераводаў, якія ўплываюць на памер ВУП краін свету (мал. 109).

img
Мал. 109. Галоўныя характарыстыкі міжнароднай міграцыі, 2020 г.

icon Паразважаем. Што неабходна зрабіць дзяржаве, каб не дапусціць значных маштабаў эміграцыі? Назавіце асноўныя прычыны міжнароднай міграцыі.

icon Свет і Беларусь. Якія віды міграцыі характэрныя для Рэспублікі Беларусь? Спецыялісты якіх прафесій выязджаюць з Беларусі ў пошуках працы ў краіны СНД і Заходнюю Еўропу?

icon Папрацуем з атласам. Пакажыце на палітычнай карце свету асноўныя міграцыйныя калідоры.

icon Паразважаем. Падумайце, як можа змяніцца памер валавога ўнутранага прадукту краіны ў выніку эміграцыі працоўных рэсурсаў.

Глабальны характар міжнароднай міграцыі і складанасць яе рэгулявання выклікаюць розныя наступствы (мал. 110).

img
Мал. 110. Наступствы міжнароднай міграцыі