§ 16. ПРАБЛЕМА СТАРЭННЯ НАСЕЛЬНІЦТВА

Сутнасць праблемы старэння насельніцтва. Сучасны стан праблемы старэння насельніцтва характарызуецца некалькімі асноўнымі тэндэнцыямі.

icon Паразважаем. Якія краіны з’яўляюцца самымі старымі па долі насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў?

icon Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны, дзе адзначаецца дэмаграфічнае старэнне насельніцтва, і краіны з вялікай доляй маладога насельніцтва.

Па-першае, гэта беспрэцэдэнтныя маштабы старэння. У цяперашні час каля 1 млрд чал. у свеце знаходзяцца ва ўзросце 60+ гадоў, гэта значыць практычна кожны сёмы. Па-другое, пажылое насельніцтва штогод павялічваецца больш чым у два разы хутчэй, чым усё насельніцтва свету — 2,6 % супраць 1,1 %. Па-трэцяе, адбываецца хуткае павелічэнне сярэдняга ўзросту жыхароў свету. Калі ў 1950 г. ён складаў 23 гады, то ў 2019 г. — 31 год. Па-чацвёртае, з-за адрозненняў у працягласці жыцця мужчын і жанчын пры старэнні павялічваецца дыспрапорцыя паміж імі ў бок колькаснай перавагі жанчын. На 100 жанчын ва ўзросце 60+ гадоў прыходзіцца 83 мужчыны. Па-пятае, на гэтым фоне расце колькасць удоў. Ва ўзросце 60+ гадоў на 100 жанчын у свеце налічваецца ў сярэднім 48 замужніх, на 100 мужчын — 80 жанатых.

icon Клуб географаў-знаўцаў. У ХХI ст. у свеце ўтварыліся два цэнтры старэння. Краіны, якія развіваюцца, фарміруюць цэнтр старэння свету. Калі ў 1980 г. у іх пражывала 56 % асоб ва ўзросце 60+ гадоў, то ў 2017 г. — больш за 67 %. Развітыя краіны ўтвараюць цэнтр надзвычай пастарэлай узроставай структуры насельніцтва. У іх 25 % насельніцтва знаходзіцца ва ўзросце 60+ гадоў (мал. 105). Аднак да 2050 г. гэта будзе ўжо амаль кожны трэці жыхар, або 32,9 %, і ўстойлівы сацыяльна-эканамічны рост будзе забяспечвацца «старэючымі» эканомікамі.

img
Мал. 105. Доля насельніцтва ва ўзросце 65+ гадоў па краінах свету, %