§ 15. ПРАБЛЕМА ДЭМАГРАФІЧНАЙ НАГРУЗКІ

Дэмаграфічная палітыка ў Кітаі. У канцы 1970-х гг. колькасць насельніцтва Кітая перавысіла 1 млрд чалавек, гэты лік практычна падвоіўся з 1949 г., што стала разглядацца кіраўніцтвам краіны як перашкода эканамічнаму прагрэсу.

У адпаведнасці з ідэямі Мао Цзэдуна вялікая колькасць насельніцтва трактавалася як базавая канкурэнтная перавага, якая забяспечвае маштабнае развіццё эканомікі ва ўмовах тэхналагічнага адставання. Аднак харчовыя праблемы 1960-х гг. паставілі пытанне аб неабходнасці зніжэння колькасці насельніцтва.

У пачатку 1970-х гг. была прапанаваная дзяржаўная праграма «пазней — радзей — менш», якая заахвочвала познія шлюбы — не раней 28 гадоў для мужчын і 25 гадоў для жанчын (у сельскіх раёнах — 25 і 23 гады), чатырохгадовыя перапынкі паміж нараджэннем дзяцей, рэгулявала іх колькасць у сем’ях — не больш як двое ў гарадах і трое — у сельскай мясцовасці.

Мэтай палітыкі «адна сям’я — адно дзіця» было абмежаванне нараджальнасці, для таго каб колькасць насельніцтва КНР да 2000 г. не перавысіла 1,2 млрд чалавек. Улады ўвялі забарону сямейным парам у гарадах мець больш за адно дзіця (за выключэннем выпадкаў мнагаплодной цяжарнасці). Другое дзіця дазвалялася мець толькі прадстаўнікам нацыянальных меншасцей і сельскім жыхарам, калі першынцам была дзяўчынка.

У краіне прапагандаваліся познія шлюбы і познія роды, была ўведзеная сістэма штрафаў і заахвочванняў, прымяняліся меры прымусовай стэрылізацыі. Вынікам абмежавальных мер стала зніжэнне сярэдняй колькасці дзяцей, народжаных адной жанчынай, з 5,8 да 1,8.

Афіцыйная прапаганда тлумачыла перавагі такой сямейнай палітыкі, а органы аховы здароўя адкрывалі спецыяльныя ўстановы па планаванні дзетараджэння пад лозунгам «Адно дзіця — не мала, двое дзяцей — у самы раз» (一个孩子不少,两个孩子正好 — yige haizi bushao, liangge haizi zhenghao).

Палітыка аднадзетнасці стварыла кітайскі феномен «схаваных» або «утоеных» дзяцей, г. зн. дзяцей, якія не зарэгістраваны ў афіцыйных органах, а таму не маюць «hukоu» — дакумента, які дае доступ да дзяржаўных сацыяльных, адукацыйных, медыцынскіх паслуг. Па перапісе 2010 г., такіх «незаконных» дзяцей было 13 млн, хоць рэальна больш, паколькі не ўсе паведамілі пра іх, асцерагаючыся парушэння ананімнасці. У некаторых сельскіх паселішчах іх доля дасягала 50 %, у асноўным гэта дзяўчынкі.

Наступствы дзяржаўнай палітыкі аднадзетнасці праявіліся даволі хутка. Дзеці 1980-х гг. нараджэння аказаліся першым і адзіным за ўсю гісторыю кітайскай цывілізацыі «адзінокім пакаленнем», якое не мае братоў і сясцёр. Гэта спрыяла хуткаму дэмаграфічнаму старэнню (老龄 化 — laolinghua). За тры дзесяцігоддзі такой дэмаграфічнай палітыкі сярэдні ўзрост насельніцтва Кітая павялічыўся з 22,4 да 34,5 года і пры захаванні тэндэнцыі можа вырасці да 53,4 года да 2050 г.

У 2000-я гг. абмежавальныя меры былі некалькі аслабленыя. У 2007 г. дазвол на другое дзіця атрымалі бацькі, якія самі былі адзінымі дзецьмі ў сям’і. Акрамя таго, нацыянальным меншасцям было дазволена мець двух дзяцей у горадзе і трох — у сельскай мясцовасці, а для народаў колькасцю менш за 100 тыс. чал. былі знятыя ўсе абмежаванні па колькасці дзяцей. Новыя правілы ўводзіліся паэтапна, па рэгіёнах. У 2013 г. права на другое дзіця атрымалі сем’і, у якіх хаця б хтосьці адзін, муж або жонка, з’яўляецца адзіным дзіцем у сям’і.

У 2013 г. кітайская Нацыянальная камісія па здароўі і планаванні сям’і заявіла, што палітыка «адна сям’я — адно дзіця» «прадухіліла» нараджэнне прыкладна 400 млн чалавек. У выглядзе штрафаў з 1980 г. урадам было сабрана каля 2 трлн юаняў (каля 314 млн дол.).

Негатыўныя наступствы палітыкі «аднаго дзіцяці» праявіліся ў 2013 г., калі ўпершыню было зафіксавана скарачэнне працаздольнага насельніцтва. Таму ў 2015 г. у Кітаі было прынятае рашэнне аб поўнай адмене дэмаграфічнай палітыкі «адна сям’я — адно дзіця». З 1 студзеня 2016 г. урад дазволіў усім сем’ям мець двух дзяцей, была абвешчана лінія «адна сям’я — двое дзяцей». Новая палітыка двухдзетнасці фармальна была прынятая па эканамічных прычынах, звязаных са скарачэннем колькасці занятых, што выклікала імклівае старэнне насельніцтва, паскоранае аднадзетнасцю.