§ 15. ПРАБЛЕМА ДЭМАГРАФІЧНАЙ НАГРУЗКІ

У краінах сучаснага свету вылучаюцца два тыпы дэмаграфічнай палітыкі, дыяметральна супрацьлеглыя па сваіх адносінах да дзетараджэння: стымулюючая і стрымальная нараджальнасць.

У краінах першага тыпу дэмаграфічная палітыка нацэлена на павышэнне натуральнага прыросту насельніцтва. Гэта краіны, якія імкнуцца перавесці звужанае ўзнаўленне ў простае або нават у пашыранае. Гэта краіны, якія змагаюцца з дэпапуляцыяй і з відавочнымі прыкметамі старэння насельніцтва (мал.100-1).

Дэмаграфічная палітыка стымулявання нараджальнасці праводзіцца галоўным чынам з дапамогай эканамічных мер, такіх як аднаразовыя пазыкі маладажонам, дапамогі пры нараджэнні кожнага дзіцяці, штомесячныя дапамогі на дзяцей, аплатныя адпачынкі і інш. Прыкладамі краін, якія праводзяць актыўную дэмаграфічную палітыку, могуць служыць Францыя або Японія.

img
Мал. 100-1. Погляды ўрадаў краін на палітыку ў галіне нараджальнасці, паводле даных ААН, 2015 г.

Большасць краін другога тыпу ажыццяўляюць дэмаграфічную палітыку, накіраваную на скарачэнне натуральнага прыросту насельніцтва. Найбольш яркім прыкладам у гэтых адносінах з’яўляюцца дзве самыя вялікія па колькасці насельніцтва краіны свету — Кітай і Індыя.