§ 15. ПРАБЛЕМА ДЭМАГРАФІЧНАЙ НАГРУЗКІ

Дэмаграфічны выбух і дэпапуляцыя ў свеце. На ранніх стадыях развіцця чалавецтва, у аграрную эпоху высокая нараджальнасць ураўнаважвалася высокай смяротнасцю (з-за голаду, хвароб і эпідэмій). У выніку рост колькасці насельніцтва характарызаваўся нізкімі штогадовымі тэмпамі.

Пасля Другой сусветнай вайны дасягненні медыцыны ў краінах, якія развіваюцца, прывялі да надзвычай хуткага росту колькасці насельніцтва — дэмаграфічнага выбуху.

icon Дэмаграфічны выбух — рэзкае, з «выбуховым» характарам павелічэнне колькасці насельніцтва з прычыны пераходу грамадства ад традыцыйнага да сучаснага тыпу ўзнаўлення насельніцтва.

Дэмаграфічны выбух адрозніваецца высокім натуральным прыростам насельніцтва, перш за ўсё за кошт зніжэння смяротнасці пры практычна нязменным паказчыку нараджальнасці (або павольным яго зніжэнні). Гэты працэс пачаўся ў свеце з 1950-х гг. З пазіцый Першага дэмаграфічнага пераходу дэмаграфічны выбух характэрны для заканчэння яго другой фазы.

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, прывядзіце прыклады краін з высокімі штогадовымі тэмпамі росту колькасці насельніцтва.

icon Паразважаем. Назавіце асноўныя тыпы ўзнаўлення насельніцтва.

Агульны каэфіцыент натуральнага прыросту насельніцтва ў перыяд дэмаграфічнага выбуху складае больш за 25 ‰. У цяперашні час такія значэнні назіраюцца ў найменш развітых краінах, а менавіта ў краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Напрыклад, у некаторых з іх — Нігеры, Анголе, Малі — гэты паказчык перавышае 30 ‰. Пры дэмаграфічным выбуху захоўваецца таксама высокі штогадовы рост колькасці насельніцтва.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Адным з паказчыкаў, якія характарызуюць дэмаграфічны выбух, з’яўляецца сумарны каэфіцыент нараджальнасці. Ён паказвае сярэднюю колькасць дзяцей, якіх нарадзіла адна жанчына за ўсё жыццё. У краінах дэмаграфічнага выбуху дадзены каэфіцыент складае 4,5 і больш. Напрыклад, у Нігеры ён роўны 6,9, у Самалі — 6,1, у Чадзе — 5,9 (мал. 99).

img
Мал. 99. Сумарны каэфіцыент нараджальнасці па краінах свету, колькасць дзяцей на адну жанчыну, 2018 г.

У развітых краінах адбываецца Другі дэмаграфічны пераход. Яго асноўныя прыкметы аб’ядноўвае працэс, які называецца дэпапуляцыяй.

icon Дэпапуляцыя — памяншэнне абсалютнай колькасці насельніцтва якой-небудзь краіны або тэрыторыі ці звужанае яго ўзнаўленне, пры якім колькасць наступных пакаленняў меншая за папярэднія.

Асноўнай прычынай дэпапуляцыі з’яўляецца нізкая нараджальнасць. Гэта, у сваю чаргу, з часам прыводзіць да старэння насельніцтва, перавышэння колькасці памерлых над колькасцю народжаных і да натуральнага змяншэння насельніцтва.

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, прывядзіце прыклады краін з высокімі тэмпамі адмоўнай дынамікі колькасці насельніцтва.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Натуральнае змяншэнне насельніцтва характэрна пераважна для развітых краін і краін з пераходнай эканомікай. Гэта Японія, Германія, краіны Паўднёвай Еўропы (Італія, Грэцыя, Партугалія і інш.) і постсацыялістычныя краіны (Балгарыя, Украіна, Латвія, Літва і інш.). Максімальныя значэнні натуральнага змяншэння насельніцтва назіраюцца ў Балгарыі (6,4 ‰) і Украіне (5,6 ‰)

icon Свет і Беларусь. Якія дэмаграфічныя працэсы характэрныя для Рэспублікі Беларусь? Успомніце агульныя каэфіцыенты нараджальнасці і смяротнасці насельніцтва ў нашай краіне.

Дэпапуляцыя мае шэраг негатыўных наступстваў. Яна змяняе не толькі колькасць насельніцтва, але і прапорцыі паміж узроставымі групамі. Урады краін, дзе назіраецца дэпапуляцыя, з-за немагчымасці хуткага росту нараджальнасці вымушаныя кампенсаваць змяншэнне насельніцтва прытокам яго звонку, гэта значыць рэгуляваць іміграцыю. Дэпапуляцыя патрабуе рэформ пенсійнай сістэмы.