§ 15. ПРАБЛЕМА ДЭМАГРАФІЧНАЙ НАГРУЗКІ

img
Мал. 93. Дынаміка штогадовых тэмпаў росту колькасці насельніцтва свету, %

Нераўнамернасць росту колькасці насельніцтва свету. Дынаміка колькасці насельніцтва свету характарызуецца запаволеннем штогадовых тэмпаў росту. Так, калі ў сярэдзіне ХХ ст. яны складалі 2,1 %, то ў 2015–2020 гг. скараціліся да 1,1 % (мал. 93).

З канца ХХ ст. у свеце назіраецца павелічэнне адрозненняў у дынаміцы колькасці насельніцтва паміж рэгіёнамі і краінамі. Пры агульным запаволенні тэмпаў росту насельніцтва на карце свету ХХI ст. захоўваюцца краіны з высокімі паказчыкамі. У гэтую групу ўваходзяць толькі краіны, якія развіваюцца. Колькасць насельніцтва ў іх штогод павялічваецца ў сярэднім на 1,3 %. У той жа час эканамічна развітыя краіны і краіны з пераходнай эканомікай утвараюць групу з мінімальнымі тэмпамі росту насельніцтва і з адмоўнай дынамікай колькасці. Насельніцтва ў іх штогод павялічваецца ўсяго на 0,3 % (мал. 94).

Найбольш высокія тэмпы росту насельніцтва характэрныя для рэгіёнаў з перавагай краін, якія развіваюцца (мал. 95). Напрыклад, у Бахрэйне колькасць насельніцтва ў сярэднім павялічваецца на 4,31 % у год. Гэта самы высокі паказчык у свеце.

img
Мал. 94. Дынаміка штогадовых тэмпаў росту колькасці насельніцтва ў развітых краінах і краінах, якія развіваюцца, %
img
Мал. 95. Штогадовыя тэмпы росту колькасці насельніцтва па рэгіёнах свету, %, 2015–2020 гг.

icon Паразважаем. Што такое дэмаграфічны пераход? Колькі тэорый дэмаграфічнага пераходу існуе? У чым асаблівасць тэорыі Трэцяга дэмаграфічнага пераходу?

icon Клуб географаў-знаўцаў. Сярод краін, якія развіваюцца і маюць найбольш высокія тэмпы росту колькасці насельніцтва, можна вылучыць дзве групы. Першую групу ўтвараюць найбольш адсталыя краіны Афрыкі, дзе асноўным фактарам росту выступае нізкі ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця. Напрыклад, у Нігеры штогадовы рост насельніцтва складае 3,8 %, у Экватарыяльнай Гвінеі — 3,7 %, ва Угандзе — 3,6 %, у Анголе — 3,3 %, у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга — 3,2 %. Да другой групы адносяцца краіны, дзе асноўным фактарам хуткага росту насельніцтва з’яўляецца рэлігійны. У прыватнасці, мусульманскія краіны. Так, напрыклад, у Амане рост насельніцтва ў год складае 3,6 %, у Катары — 2,3 %, у Кувейце — 2,2 % (мал. 96).

img
Мал. 96. Штогадовыя тэмпы росту/змяншэння колькасці насельніцтва па краінах свету, %, 2015–2020 гг.

Высокія тэмпы росту колькасці насельніцтва ў краінах, якія развіваюцца, становяцца праблемай іх сацыяльна-эканамічнага развіцця. Хуткі рост колькасці насельніцтва адбываецца ў асноўным з-за высокай нараджальнасці. Пры нізкім узроўні жыцця ў краінах узнікаюць сур’ёзныя наступствы росту колькасці насельніцтва (мал. 97, табл. 3).

img
Мал. 97. Наступствы хуткага росту колькасці насельніцтва ў краінах, якія развіваюцца

Табліца 3. Паказчыкі чалавечага развіцця ў краінах, якія развіваюцца і маюць найбольш высокія тэмпы росту насельніцтва, 2018 г. (паводле ацэнак ААН)

Краіна Доля насельніцтва, якое жыве за мяжой беднасці — 1,90 дол. у дзень, % ВУП на душу насельніцтва (па ППЗ), дол. Сярэдняя працягласць навучання, гадоў
Нігер 44,5 932 2
Уганда 41,7 1807 6
Ангола 30,1 5725 5
ДР Конга 76,6 827 6

icon Клуб географаў-знаўцаў. У краінах, якія развіваюцца і маюць высокія тэмпы росту насельніцтва, сярэдняя колькасць гадоў навучання не перавышае 5, а ў некаторых — значна меншая (напрыклад, Буркіна-Фасо — 1,6 года, Нігер — 2 гады, Бурундзі — 3 гады). Валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва таксама характарызуецца самымі нізкімі значэннямі ў свеце. Пры сярэднесусветным ВУП на душу насельніцтва ў 2018 г. 15 745 дол. у год у Бурундзі ён складаў 660 дол., у Нігеры — 932, ва Угандзе — 1807 дол.

У некаторых развітых краінах назіраецца супрацьлеглая сітуацыя: колькасць насельніцтва штогод скарачаецца. Прычынамі гэтага выступаюць асаблівасці яго ўзроставай структуры, а менавіта старэнне, нізкая нараджальнасць, устаноўкі сем’яў на маладзетнасць і бяздзетнасць і інш. Гэта характэрна для Японіі, Італіі, Партугаліі, Грэцыі. Аднак максімальныя значэнні адзначаюцца ў былых сацыялістычных краінах. Напрыклад, у Літве — 1,48 %, Латвіі — 1,15 %, Балгарыі і Румыніі — па 0,7 % у год. Адмоўная дынаміка колькасці насельніцтва мае шэраг негатыўных наступстваў для дзяржаў (мал. 98).

img
Мал. 98. Наступствы скарачэння колькасці насельніцтва ў развітых краінах