§ 15-1. ПРЫЧЫНЫ І ПРАБЛЕМА НЕРАЎНАМЕРНАСЦІ РАЗМЯШЧЭННЯ НАСЕЛЬНІЦТВА

Перанасяленне як вынік нераўнамернасці размяшчэння насельніцтва. Нераўнамернасць размяшчэння стварае праблему перанасялення, якая характарызуецца апераджальным ростам насельніцтва ў адносінах да попыту на працоўную сілу.

Перанасяленне праяўляецца ў сацыяльна-эканамічных супярэчнасцях і канфліктах. Напрыклад, гэта з’ява прыводзіць да падзення ўзроўню жыцця большасці людзей, высокага ўзроўню беспрацоўя, голаду, войнаў і інш.

У залежнасці ад фактараў, якія выклікаюць недахоп сродкаў існавання, вылучаюць два віды перанасялення (мал. 92-4).

img
Мал. 92-4. Віды перанасялення

Вылучаюць чатыры асноўныя прычыны перанасялення, якія не звязаны з узроўнем развіцця тэхналогій або з наяўнасцю сельскагаспадарчых рэсурсаў (мал. 92-5).

img
Мал. 92-5. Прычыны перанасялення

Праблема перанасялення мае шмат аспектаў і, у сваю чаргу, выклікае шматлікія праблемы. Напрыклад, перанасяленне прыводзіць да недахопу прэснай вады, абмежаванасці харчавання і забяспечанасці паліўна-сыравіннымі рэсурсамі, забруджвання навакольнага асяроддзя і змянення клімату, лішку працоўнай сілы і збяднення насельніцтва (мал. 92-6, 92-7).

img
Мал. 92-6. Перанасяленне ў Індыі
img
Мал. 92-7. Перанасяленне ў Кітаі

Наконт вырашэння праблемы перанасялення навуковы свет падзяліўся на дзве групы. Першую складаюць навукоўцы з аптымістычнымі прагнозамі, на думку якіх у перспектыве ў свеце адбудзецца стабілізацыя колькасці насельніцтва, скароціцца колькасць галадаючых, знізяцца цэны на прадукты харчавання, паменшыцца забруджванне навакольнага асяроддзя і інш.

iconПаразважаем. Прывядзіце аргументы, якія пацвярджаюць аптымістычны прагноз па стабілізацыі колькасці насельніцтва ў свеце.

Другую групу ўтвараюць навукоўцы з песімістычнымі поглядамі на праблему перанасялення. Па разліках амерыканскага прафесара Д. Медоўза, аўтара даклада «Межы росту» аб вычарпанні рэсурсаў, пры разумным і ўзгодненым вядзенні сусветнай гаспадаркі, жорсткай эканоміі рэсурсаў і планаванні сям’і на дзяржаўным узроўні тэарэтычна магчыма стабілізацыя насельніцтва Зямлі на ўзроўні 8 млрд чал.