§ 15-1. ПРЫЧЫНЫ І ПРАБЛЕМА НЕРАЎНАМЕРНАСЦІ РАЗМЯШЧЭННЯ НАСЕЛЬНІЦТВА

Прыбярэжны характар сучаснага рассялення насельніцтва. Для перыяду 1850–1950 гг. у свеце быў характэрны зрух размяшчэння насельніцтва да ўзбярэжжаў.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Вывучэнне ўплыву блізкасці мора на канцэнтрацыю эканомікі і насельніцтва пачата даўно — у сярэдзіне XIX ст. У Расіі такія працы атрымалі распаўсюджанне ў другой палове XX ст., хоць вядомы рускі вучоны Л. І. Мечнікаў (які пражываў у Швейцарыі) апублікаваў сваю знакамітую кнігу «Цывілізацыя і вялікія гістарычныя рэкі» яшчэ ў 1889 г. Падкрэсліваючы ролю марскіх прастораў у гісторыі чалавецтва, ён абгрунтаваў наступную паслядоўнасць змен цывілізацый: «рачная — марская — акіянічная».

Берагавыя зоны буйных гарадоў свету ў гісторыі развіцця сусветнай гаспадаркі характарызуюцца выкананнем шматлікіх функцый:

  • гандлёвая функцыя, якая пераважала ў берагавой зоне шэрагу гарадоў у перыяд з XVI па XIX ст., у цяперашні час аказалася на 60 % выцесненай наступнымі функцыямі: прамысловая, жылая, грамадская;
  • прамысловая функцыя, якая пераважала ў берагавой зоне шэрагу гарадоў у перыяд з XIX па XX ст., у цяперашні час аказалася на 80 % замешчанай наступнымі функцыямі: жылая і грамадская;
  • бар’ерная функцыя натуральных масіваў зеляніны, якая пераважала ў берагавой зоне шэрагу гарадоў у перыяд з IX па XVIII ст., у цяперашні час аказалася практычна выцесненай жылой функцыяй.

Зрух насельніцтва да марскіх узбярэжжаў атрымаў назву «марынізацыя размяшчэння насельніцтва». У 1960 г. каля 50 % насельніцтва свету пражывала ў межах 200-кіламетровай паласы сушы, якая акружала моры. А, напрыклад, з 1950 па 2000 г. насельніцтва прыбярэжных гарадоў Паўднёвай Еўропы павялічылася ў 1,8 раза.

Самы высокі ўзровень марынізацыі размяшчэння насельніцтва адзначаецца ў Аўстраліі (80 %), самы нізкі — у Афрыцы (каля 18 %). Каля 30 % насельніцтва свету жыве на адлегласці да 50 км ад марскога ўзбярэжжа.

Паводле ацэнак навукоўцаў, 70–85 % гарадоў свету з насельніцтвам больш за 10 млн чалавек, у тым ліку сталіцы краін Бангладэш, Бразілія, Індыя, Нігерыя, Японія, знаходзяцца ў межах 100-кіламетровай прыморскай зоны.

У канцы XX — пачатку XXI ст. размяшчэнне насельніцтва свету характарызуецца яшчэ больш значнымі зрухамі да ўзбярэжжаў. Эканамічная і дзелавая актыўнасць перамяшчаюцца да берагавых зон мораў і акіянаў. Такі працэс атрымаў назву «прыбярэжны ажыятаж».

Найбольшай шчыльнасцю насельніцтва ў прыбярэжных раёнах адрозніваюцца рэгіёны Паўднёва-Усходняй Азіі (больш за 200 чал./км2), а таксама рэгіёны кантынентальнай Індыі, Пакістана, Мальдывы і Шры-Ланка.

Высокая шчыльнасць насельніцтва адзначаецца на прыбярэжных тэрыторыях краін Еўропы (мал. 92-2) і Блізкага Усходу, а таксама ў рэгіёне Карыбскага басейна. Для ЗША высокая шчыльнасць насельніцтва характэрная для паўночных штатаў атлантычнага ўзбярэжжа (мал. 92-3).

img
Мал. 92-2. Прыбярэжнае размяшчэнне Барселоны, Іспанія
img
Мал. 92-3. Прыбярэжнае размяшчэнне Нью-Ёрка, ЗША

iconПаразважаем. Узгадайце, як размешчаны адносна ўзбярэжжаў асноўныя глабальныя гарады.

Паводле прагнозу ЮНЕСКА, на працягу бліжэйшых 20 гадоў доля насельніцтва, якое пражывае на адлегласці менш за 50 км ад берагавой лініі, узрасце да 70–75 %. Таму рашэнні Канферэнцыі ААН па навакольным асяроддзі і ўстойлівым развіцці (Рыа-дэ-Жанейра, 1992 г.) падкрэсліваюць узрастаючы ўплыў прыморскіх дзяржаў на сусветную эканоміку.