§ 14. РОЛЯ БІЁТЫ Ў БІЯСФЕРЫ І ГАСПАДАРЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА

Жывёлы прыносяць вялікую карысць, задавальняючы розныя патрэбы чалавека. Ведаючы асаблівасці асобных прадстаўнікоў жывёльнага свету і іх ролю ў прыродзе, чалавек ахоўвае карысныя для сябе віды і павялічвае іх колькасць. А таксама абмяжоўвае размнажэнне непажаданых прадстаўнікоў жывёльнага свету.

Значэнне жывёл у народнай гаспадарцы. Прадукты харчавання жывёльнага паходжання шырока выкарыстоўваюць ва ўсім свеце. Для іх атрымання людзі разводзяць і выводзяць новыя пароды буйной рагатай жывёлы, свіней, авечак, коз, птушак. Таксама займаюцца пчалярствам, пушной зверагадоўляй і г. д. Ад жывёл атрымліваюць воўну, мяса, яйкі, малако, скуру, мех, пяро, пух, мёд, воск і інш. Гэтая прадукцыя з’яўляецца сыравінай для харчовай і лёгкай прамысловасці.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Дзікія жывёлы менш пераборлівыя, больш цягавітыя, жыццяздольныя і прадукцыйныя, чым свойскія. Павышаная прадукцыйнасць тлумачыцца тым, што розныя віды дзікіх капытных у стане больш поўна выкарыстоўваць раслінныя рэсурсы, не вытоптваючы пашы. Пры гэтым таварны выхад мяса ў буйной рагатай жывёлы і авечак у сярэднім складае 44–50 % ад вагі цела, а ў ласёў, казуль, дзікіх казлоў, бараноў — 53–63 %.

iconСвет і Беларусь. Да рэсурсных відаў жывёл на тэрыторыі Беларусі адносяцца: 21 від млекакормячых, 30 відаў птушак, 39 відаў рыб, 1 від паўзуноў, 1 від малюскаў. Асноўнымі паляўнічымі відамі млекакормячых з’яўляюцца: дзік, лось, казуля, алень, заяц-русак і бяляк, бабёр, андатра, воўк, лісіца. З названых відаў больш за ўсё здабываецца зайца-русака, лісіцы, зайца-беляка. З птушак найбольшае рэсурснае значэнне ў Беларусі мае група вадаплаўных птушак — крыжанкі, лысухі, шылахвосткі, шыраканоскі. Іншай важнай для гаспадарчага выкарыстання групай птушак з’яўляецца баравая дзічына — глушэц, рабчык, цецярук, слонка.
Асноўнымі прамысловымі відамі рыб з’яўляюцца: шчупак, плотка, лешч, гусцяра, акунь і інш. Значную долю ва ўловах займаюць лешч і гусцяра. Асноўную рыбную прадукцыю ў Беларусі даюць азёры — 58 % вылаўленай рыбы, 23,5 % прыпадае на долю рэк і каля 17% — на вадасховішчы. На тэрыторыі рэспублікі рэсурснае значэнне мае звычайная гадзюка і вінаградны слімак.

Значэнне жывёл у медыцыне. Некаторыя рэчывы жывёльнага паходжання з’яўляюцца лекавымі прэпаратамі. Змяіны яд уваходзіць у склад сагравальных мазяў. Пчаліным воскам лечаць гаймарыт, трафічныя язвы, вугры, запаленне дзясен, фурункулы, мазалі, бародаўкі і іншыя скурныя захворванні. У фармакалогіі на аснове пчалінага воску вырабляюць мазі, эмульсіі, пластыры. Таксама выкарыстоўваюць тлушчы і экстракты печані рыб і іншых жывёл. Жывёлы могуць быць донарамі. Свіней пароды мініпіг вырошчваюць для атрымання сістэм стрававання і ўсмоктвання, сардэчна-сасудзiстых сістэм. Часам самі жывёлы выкарыстоўваюцца для лячэння людзей.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якія віды тэрапіі з прамым удзелам жывёл выкарыстоўваюцца для лячэння хворых дзяцей?

iconКлуб географаў-знаўцаў. Вывучэнне абмену рэчываў у бурага мядзведзя прывяло да распрацоўкі эфектыўнай дыеты для хворых на ныркі; вывучэнне некаторых васьміногаў дазволіла выявіць механізмы ўзроставых змяненняў у арганізме жывёл; адкрыццё здольнасці аднаго з відаў планктону канцэнтраваць прадукты ўрану ў 10 тыс. разоў больш у параўнанні з іх канцэнтрацыяй у навакольным асяроддзі адкрывае новы шлях для біялагічнай ачысткі радыеактыўных адходаў.

Значэнне жывёл у сельскай гаспадарцы. Жывёлы, напрыклад дажджавыя чарвякі, насякомыя, падземныя млекакормячыя і прасцейшыя, выконваюць значную ролю ў працэсах глебаўтварэння. У раскладанні арганікі ўдзельнічаюць жукі-гнаявікі. Гной утвараецца шляхам раскладання экскрэментаў жывёл і шырока выкарыстоўваецца ў якасці ўгнаенняў. Некаторыя птушкі знішчаюць сельскагаспадарчых шкоднікаў. Насякомыя і птушкі дапамагаюць апыляць расліны, рассейваць насенне і г. д. Коні, вярблюды, які, туры, быкі, мулы, аслы, сабакі, сланы выкарыстоўваюцца ў якасці ўючных жывёл для перавозкі людзей і грузаў.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Дзікія жывёлы складаюць генафонд жывёлагадоўлі. У некаторых выпадках павялічыць прадукцыйнасць свойскіх жывёл можна толькі скрыжаваннем іх з дзікімі. Напрыклад, шляхам скрыжавання бараноў-мерыносаў, якія маюць цудоўную воўну, з дзікім бараном-архарам атрыманы архарамерыносы, якія захавалі воўну пародзістых авечак, але сталі значна буйнейшымі і мацнейшымі.

Акрамя таго, жывёлы выкарыстоўваюцца пры пошуку карысных выкапняў, для прагназавання надвор’я і землетрасенняў.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Мікраарганізмы выступаюць індыкатарамі наяўнасці на дне вадаёмаў жалезамарганцавых, нікелевых і іншых руд. У працэсе ўтварэння металаў удзельнічаюць дафніі, малюскі, губкі. Індыкатарам наяўнасці карысных выкапняў можа быць прасторавае размеркаванне некаторых прамысловых рыб. Напрыклад, асятровыя рыбы ў межах Каспійскага мора канцэнтруюцца ў раёнах радовішчаў нафты і газу.
Калі сабака ўзмоцнена капае зямлю — да дажджу, ляжыць скруціўшыся — да холаду, ляжыць выцягнуўшыся — да цяпла. Адчувальныя да атмасферных змен насякомыя і павукі. Сапраўднымі барометрамі з’яўляюцца рыбы. Многія рыбы перад навальніцай усплываюць на паверхню. Большасць рыб перад дажджом перастае харчавацца. Медуза за шмат гадзін ведае пра набліжэнне шторму. За некалькі дзён да землетрасенняў глыбакаводныя рыбы падымаюцца да паверхні, акварыумныя рыбы мітусяцца па акварыуме.

Але жывёльны свет аказвае і негатыўны ўплыў на чалавека і яго гаспадарчую дзейнасць. Многія віды насякомых, прасцейшых, плоскіх і круглых чарвякоў, членістаногіх і некаторыя іншыя з’яўляюцца ўзбуджальнікамі небяспечных хвароб чалавека і свойскіх жывёл (малярыя, сонная хвароба, амёбная дызентэрыя, аскарыдоз, кароста і інш.). Некаторыя жывёлы выступаюць пераносчыкамі ўзбуджальнікаў захворванняў — чумы, тыфу, энцэфаліту, тулярэміі і інш. Сельскагаспадарчыя расліны пакутуюць ад шкодных насякомых, грызуноў і г. д. Мучныя кляшчы, хрушчакі, зерняеды, шубныя і іншыя молі, тэрміты псуюць харчовыя запасы, футра, шэрсць, мэблю, драўляныя збудаванні.