§ 14. РОЛЯ БІЁТЫ Ў БІЯСФЕРЫ І ГАСПАДАРЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА

Асноўныя прычыны неабходнасці захавання біялагічнай разнастайнасці. Усе віды (якімі б шкоднымі ці непрыемнымі яны ні былі б для чалавека) маюць права на існаванне. Гэта палажэнне запісана ў Сусветнай хартыі прыроды, прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН. Біялагічная разнастайнасць — гэта аснова эвалюцыі жыццёвых форм. Зніжэнне відавой і генетычнай разнастайнасці падрывае далейшае ўдасканаленне форм жыцця на Зямлі. Эканамічная мэтазгоднасць захавання біяразнастайнасці абумоўлена выкарыстаннем дзікай біёты для задавальнення розных патрэб грамадства. Напрыклад, для селекцыі хатніх раслін і свойскіх жывёл, вырабу лекаў, забеспячэння насельніцтва харчаваннем, палівам, энергіяй, драўнінай і г. д.

icon Прыродная разнастайнасць — сукупнасць прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету, прыродных комплексаў, якія сфарміраваліся ў працэсе развіцця жыцця на Зямлі.

Існуе шмат спосабаў абароны прыроднай разнастайнасці. Найбольш эфектыўны і адносна эканамічны спосаб — стварэнне асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ).