§ 13. ПРАБЛЕМЫ АПУСТЫНЬВАННЯ І АБЯЗЛЕСЕННЯ

Асаблівасці гаспадарчага выкарыстання лясоў. Лясы выконваюць важныя функцыі ў забеспячэнні жыццядзейнасці чалавека: кліматычную, гідралагічную, глебавую, эканамічную, аздараўленчую. Яны актыўна паглынаюць атмасферныя забруджванні і вылучаюць кісларод, неабходны для жыцця, і служаць жыллём для многіх жывёл. Фітанцыды — актыўныя лятучыя рэчывы, якія вылучаюцца іглічнымі раслінамі, знішчаюць хваробатворныя мікраарганізмы. Лясныя тэрыторыі абараняюць глебы ад працэсаў эрозіі, прадухіляючы паверхневы сцёк ападкаў.

Цяжка ўявіць нашу цывілізацыю без тых прадуктаў, якія дае лес. Лес высякаюць, каб атрымаць драўніну для розных галін прамысловасці, будаўніцтва, ацяплення і іншых мэт. Чалавецтву варта належным чынам кіраваць лесакарыстаннем і карыстацца здольнасцю лесу самастойна аднаўляцца.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Кожны чалавек можа шмат зрабіць для выратавання лясоў: рацыянальна і эканомна выкарыстоўваць папяровую прадукцыю; купляць перапрацаваную прадукцыю, у т. л. папяровую; азеляняць тэрыторыю каля свайго жылля; замяшчаць высечаныя на дровы дрэвы саджанцамі; прыцягваць увагу грамадскасці да праблемы знішчэння лясоў і т. д.

iconСвет і Беларусь. Якія захады робяцца ў Беларусі для захавання лясоў? Якія, на ваш погляд, мерапрыемствы неабходна праводзіць для захавання відавой разнастайнасці лясоў нашай дзяржавы?