§ 13. ПРАБЛЕМЫ АПУСТЫНЬВАННЯ І АБЯЗЛЕСЕННЯ

Праблема абязлесення ў трапічных і вільготных экватарыяльных лясах. Засяленне і антрапагеннае пераўтварэнне зоны трапічных і вільготных экватарыяльных лясоў адбывалася паступова. Упершыню ў гэтай зоне людзі з’явіліся 25–40 тыс. гадоў таму ў Паўднёва-Усходняй Азіі і Акіяніі, 10 тыс. гадоў таму — у Амазоніі, 3 тыс. гадоў таму — у Афрыцы і яшчэ пазней на Мадагаскары і Новай Зеландыі. Ва ўсіх выпадках антрапагенныя змены лясоў былі нязначнымі. На працягу апошніх 200 гадоў у гэтай зоне з’явілася плантацыйная сельская гаспадарка, вырошчваюць прадукцыю на продаж (цукровы трыснёг, тытунь, кава, какава, чай, каўчук, какосавая і алейная пальмы). Пасля Другой сусветнай вайны вырас попыт на доўгія, прамыя, цвёрдыя гатункі драўніны. Былі распрацаваны сучасныя тэхналагічныя метады яе здабычы. Экспарт трапічнай драўніны з 1950 да 2019 г. павялічыўся ў 16 разоў. Разам з гэтым рэзка вырасла насельніцтва. Гэта прывяло да істотнага абязлесення і дэградацыі лясоў.

У цяперашні час у некаторых краінах, якія развіваюцца, скарачэнне плошчы лясоў адбываецца асабліва хутка (Малайзія, Тайланд, Інданезія, Філіпіны, Нігерыя, Кот-д’Івуар, Коста-Рыка і інш.).

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце краіны, якія развіваюцца, у якіх асабліва хутка адбываецца скарачэнне плошчы лясоў.

Існуе шмат прычын трапічнага абязлесення і камбінацый гэтых прычын. Яны адрозніваюцца ў розных краінах і рэгіёнах свету (мал. 81-1).

img
Мал. 81-1. Асноўныя прычыны абязлесення трапічных і вільготных экватарыяльных лясоў

На думку навукоўцаў, асноўныя прынцыпы эфектыўнага кіравання тэрыторыямі вільготных трапічных лясоў заключаюцца ў наступным (мал. 81-2).

img
Мал. 81-2. Прынцыпы эфектыўнага кіравання тэрыторыямі вільготных трапічных лясоў

Праблема абязлесення ў лясах умеранага пояса характэрная для Расіі. Расія адрозніваецца найбольшай плошчай лясоў на Зямлі, якая дасягае 7,7 млн км2, што складае 46 % усіх пазатрапічных лясоў свету. Штогадовы прырост драўніны выкарыстоўваецца толькі часткова. Але ў некаторых раёнах Еўрапейскай Расіі, напрыклад у Татарстане, Комі і Чувашыі, плошча лясоў скарачаецца. У многіх раёнах Расіі першасныя лясы замешчаны другаснымі. Частка лясоў церпіць ад кіслотных ападкаў, пажараў і шкоднікаў.

iconСвет і Беларусь. Лясы ў Беларусі займаюць каля 8 млн га. Сярэдняя лясістасць краіны складае каля 40 %. Пераважаюць хваёвыя лясы з хвойнікаў і ельнікаў. Яны займаюць каля 65 % плошчы Беларусі, пакрытай лесам. На шыракалістыя лясы прыпадае каля 5 %. Самай распаўсюджанай драўнінай з’яўляецца дуб. Драбналістыя лясы займаюць каля 30 % плошчы краіны, пакрытай лесам. Сярод іх пераважаюць другасныя лясы з бярозы, алешыны і асіны.